Баец ляснога спецпрызначэння

0
653

Сапраўдную школу жыцця ў тушэнні пажараў прайшоў наш сённяшні герой Пётр Ходзька, з якім мы пагаварылі напярэдадні прафесійнага свята.

Баец ляснога спецпрызначэнняСупрацоўніку лясніцтва ёсць што расказаць. Больш за 40 гадоў працы мужчына ліквідаваў шматлікія пажары рознай ступені цяжкасці. А нарадзіўся наш герой у вёсцы Хуснае Петрыкаўскага раёна. Пасля заканчэння сярэдняй школы ў Пцічы паступіў у Вялікалуцкі лесатэхнічны каледж, што ў Расійскай Федэрацыі (на той час Савецкі Саюз).

Атрымаўшы дыплом тэхніка лясной гаспадаркі, уладкаваўся ў Іркуцкую базу авіяцыйнай і наземнай аховы лясоў. Пасля шэрагу курсаў прафесійнай падрыхтоўкі, ён ужо займаў пасаду інструктара дэсантна-пажарнай групы.
Выяўленне і перадача каардынат пажараў у лясах і іншых экасістэмах, лесапаталагічныя агляды ляснога фонду, выяўленне парушэнняў экалагічнага заканадаўства – задачы сур’ёзныя і адказныя, якія патрабуюць не толькі ведаў і ўменняў, але і таго, каб да іх выканання ляжала душа.

Баец ляснога спецпрызначэнняДастаткова сказаць, што за час працы ў авіяаддзяленні Пётр Фёдаравіч патушыў больш за сотню лясных пажараў на верталёце Мі-8В, які дазваляе скінуць на агонь да 5 тон вады з малой вышыні. На пасадзе зямляк працаваў чатыры гады – так, тэрмін невялікі, але пры працы ў рэгіёне, дзе штогод гараць тысячы гектараў лесу, год можна лічыць за два.

“У выпадку выяўлення ўзгарання, спецыяліст прагназіруе яго развіццё і, улічваючы ўмовы надвор’я і асаблівасці мясцовасці, вызначае тактыку тушэння, – пачаў свой аповед пра спецыфіку работы Пётр Фёдаравіч. – Калі інструктар патруліруе месца ўзгарання разам з дэсантнікамі і парашутыстамі-пажарнікамі, то вызначае месца іх высадкі, калі не – перадае дыспетчару каардынаты, прыкладную плошчу ўзгарання і іншыя характарыстыкі”.

За нават непрацяглы час інструктар дэсантна-пажарнай групы бачыў розныя лясныя пажары, бываў у многіх месцах, дзе справіцца са стыхіяй было вельмі складана.

“На жаль, стыхія бязлітасна спальвае лясы велізарнымі тэрыторыямі, ды так, што чалавек з усімі сучаснымі тэхналогіямі не можа прадухіліць бяды, асабліва, калі размова ідзе пра тайгу. Парашутысты-пажарныя, лётчыкі-назіральнікі, дэсантнікі-пажарныя, дыспетчары часта кругласутачна, не пакідаючы свой пост, стаялі на варце аднаго з галоўных багаццяў Савецкай рэспублікі”, – са смуткам у голасе адзначыў мужчына.

“Усходняя частка Іркуцкай вобласці і частка Якуціі – тэрыторыі, за якую мы неслі адказнасць. У адзін бок прыкладна тры гадзіны палёту, што складае тысячу кіламетраў. Тушыў пажары нават на Далёкім Усходзе, калі патрэбна была падмога нашага падраздзялення.

Сёння з вышыні пражытых гадоў смела скажу, што пажар страшны ў любым выпадку, незалежна ад таго, тушыш яго з неба, ці з нізіны. З зямлі не заўсёды зразумела, куды ідзе агонь, а вось з паветра ўсё як на далоні, але тым не менш, складанасцяў хапае”, – падсумаваў Пётр Фёдаравіч.

Баец ляснога спецпрызначэнняВялікая адказнасць ляжыць на спецыялістах лесаахоўнай службы – гэта бяспека тых, хто пражывае у лясной мясцовасці, супрацоўнікаў службы, захаванне багаццяў прыроды, жывёльнага асяроддзя.

“Нашы людзі праходзяць спецыяльную падрыхтоўку па вывучэнні відаў і спосабаў тушэння пажараў. Калі размова ідзе пра ліквідацыю ачага ўзгарання, лік ідзе на секунды”, – удакладніў працаўнік лясной службы.

На пытанне, што паўплывала на рашэнне вярнуцца ў Беларусь, Пётр Фёдаравіч адказаў шчыра: засумаваў па Радзіме.

“Пасля першага свайго водпуску я яшчэ змог вярнуцца на працоўнае месца, а пасля другога – ужо не. Вельмі цягнулі родныя мясціны. Я настолькі люблю лес, што, здаецца, адчуваю яго дыханне. Так, праца мая была вельмі адказнай, часам нервовай, але неверагодна цікавай. Для сябе вызначыў, што прыйшоў час вяртацца. Тым больш, што ў Пцічы жылі мае родныя і сябры”.

Так і здарылася. Наш герой з сакавіка 1986 года пачаў працаваць у Пціцкім лясніцтве. З таго часу выбару свайму не змяніў. Хутка ажаніўся і пабудаваў дом.
Нягледзячы на пенсійны ўзрост, мужчына працягвае працаваць у лясніцтве, перадае вопыт маладым супрацоўнікам. Цяпер яго задача – кантроль за станам ляснога фонду: улік, таксацыя (улік складу дрэвастою) і ахова лесу ад браканьераў і іншых “непажаданых элементаў”.

“Разам з жонкай мы выгадавалі дваіх дзяцей, зараз дапамагаем пазнаваць свет траім унукам. Яны з задавальненнем прыязджаюць у госці”.

Пётр Фёдаравіч нават вольны час прысвячае лесу: улетку тут збірае ягады, восенню – грыбы.

“Для мяне работнікі ляснога фонду не менш важныя, чым выратавальнікі МНС. Усе яны героі, якія ратуюць жыцці дрэў, жывёл, людзей, маёмасці”.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о