Асуджаная лёсам на вайну

0
403

З рэдакцыяй “Петрыкаўскіх навін” час ад часу на сувязь выходзяць землякі, якія паехалі ў свой час з Беларусі працаваць у другія рэгіёны былога Савецкага Саюза і ўладкавалі там сваё жыццё. Шмат нашых суайчыннікаў пражывае ў бліжнім замежжы і хоць мяжа надзяліла іх іншым грамадзянствам – родныя вытокі заўсёды ў іх сэрцах. Адзін з такіх – журналіст з горада Самара Расійскай Федэрацыі Віктар Шаўцоў, які даслаў у рэдакцыю відыёпрывітанне, поўнае любові да малой радзімы – вёскі Ванюжычы, да родных, блізкіх, а галоўнае – да маці, Адэлі Іванаўны Шаўцовай, лёс якой варты нашай павагі і ўдзячнасці.

 

Асуджаная лёсам на вайну

Усе планы дзевяцігадовай Адэлі, як і планы тысяч маленькіх беларусаў, перакрэсліла Вялікая Айчынная вайна.
– Да той чэрвеньскай раніцы сорак першага, жыццё нашай сям’і было ціхае і павольнае. Бацькі працавалі ў калгасе, мы з братам хадзілі ў школу, падрастаў і малодшы брат. З пачаткам вайны тата пайшоў на фронт. Памятаю тое адчуванне страху і безвыходнасці, якое панавала сярод жыхароў нашай вёскі. Жанчыны спадзяваліся, што немец абміне невялікую палескую вёсачку: што ў нас было браць? – пачала гутарку Адэля Іванаўна.
Але фашысты з’явіліся ў Ванюжычах хутка. Жанчыны не маглі ўявіць нават у самых страшных думках, што прыйдуць яны за іх дзецьмі. Прайшло больш за восем дзесяцігоддзяў, але ў гераіні не сцёрся з памяці той дзень, калі яе з братам, іх сяброў акупанты адарвалі ад родных.

– Немцы прыехалі ранкам. Заходзілі ў кожную хату, аглядалі дзяцей – шукалі прыкметы тыфу. Спачатку сілай выводзілі падлеткаў і старэйшых дзяцей. Меншых па ўзросту грузілі ў асобныя машыны. Гаварылі, што другую групу адбіраюць на “Азарычы”. Туды быў наканаваны шлях і мне, але мой брат Пятро, які быў на два гады старэйшы, упэўніў акупантаў, што мы з двайнят, – успамінае зямлячка. – Нас не разлучылі, а адвялі да больш дарослых сяльчан. І цяпер стаіць у вушах плач мацярэй. У сваім горы яны былі няўцешныя: рвалі на сабе валасы, падалі на зямлю без прытомнасці. Ды фашысты ні на што не звярталі ўвагі.
На станцыі старэйшых дзяцей пагрузілі ў таварныя вагоны. Іх шлях быў накіраваны ў Германію. Дарога была доўгай і цяжкай. Ежы не давалі ніякай. На прыпынках прыносілі ваду. Выратоўвала торбачка з харчамі, якую паспела даць маці. У вагонах было цесна, душна, лямант, плач.
У чужой краіне маленькіх вязняў чакала катаржная праца. Да 1945 года, пакуль Савецкая армія не вызваліла іх, Адэля Іванаўна з братам пабывалі ў канцлагеры Дахаў, працавалі на заводах Берліна і Магдэбурга.

– Не ведаю, як выжылі – паўгалодныя, абяссіленыя, працавалі мы практычна без адпачынку. На заводах, дзе выраблялі зброю і ўсё неабходнае для нямецкіх салдат, даводзілася падымаць цяжкія грузы, выконваць брудную працу, – працягвае расказ былы вязень. – Урэзалася ў памяць, як у суседнім бараку знаходзіліся рускія ваеннапалонныя. Дзеці, ра-зумеючы, што тыя могуць памерці з голаду, прыносілі ім частку сваёй ежы і прасоўвалі праз краты. Смерць была на кожным кроку, але мы вельмі трымаліся за жыццё. Падтрымлівалі адзін аднаго як маглі.
І вось доўгачаканае вызваленне. Грукат самалётаў, узрывы, агонь. Жанчына памятае, як ім далі каманду бегчы за правадыром. Усе так і зрабілі, некаторыя з палонных падалі, як падкошаныя. Яна з братам выжылі на тым крывавым шляху.
Па вяртанні на Радзіму дзяўчына ўбачыла амаль зруйнаваную вёску. Але галоўнае – іх чакала маці з меншым Стасям. Бацька з фронту не вярнуўся. Пачалі без мужчынскага пляча будавацца, адраджаць зямлю.
Пасталеўшы, гераіня паехала ў Гомель працаваць на завод, каб зарабіць грошай. У абласным цэнтры сустрэла будучага мужа, з якім і прыехала ў Ванюжычы. Пабудавалі дом, нарадзілі пяцёра дзяцей, усіх “вывелі ў людзі”. Былы вязень увесь час працавала ў калгасе даяркай і з’яўлялася перадавіком вытворчасці.
Сёння Адэля Іванаўна перасягнула дзевяностагадовую мяжу. Працяг яе роду – у дзецях, дзесяцярых унуках і сямі праўнуках. На развітанне зямлячка сказала:

– На маё дзяцінства і юнацтва выпала цяжкая доля. Пасляваеннае жыццё прайшло ў працы, жаночым і бацькоўскім шчасці. Старасць сустракаю ў спакоі і дастатку. Жадаю ўсім людзям толькі аднаго – не зведаць вайны. Усё астатняе для шчасця ў Беларусі ёсць.

Ад аўтара.
Дзень нараджэння Адэлі Іванаўны – 9 мая. Так сімвалічна, што былы вязень Вялікай Айчыннай вайны ў Дзень Перамогі атрымлівае двайныя віншаванні. Хай будзе так яшчэ доўгі час, каб заставацца для нас жывым прыкладам стойкасці і мужнасці беларускага народа.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о