У ліпені-жніўні 1941 года на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна ішлі жорсткія баі з фашыстамі ў раёне Брынёва, Капцэвічаў, Аголіцкай Рудні, па лініі Коржаўка – Конкавічы – Пціч. У цяжкіх умовах вялі абарончыя баі воіны часцей 75 стралковай дывізіі сумесна з Прыпяцкім атрадам Пінскай ваеннай флатыліі, пагранічнікамі 18 Жыткавіцкага пагранічнага атрада і 6 дывізіёнам браняпоезду (у складзе 51 і 52 браняпоездаў), якія стрымлівалі націск ворага ў напрамку Калінкавічаў.

У гонар абаронцаў АйчыныПры недастатковай колькасці ўзбраення і боепрыпасаў воіны аказвалі ўпартае супраціўленне ворагу. Асноўныя абарончыя баі ўздоўж чыгункі вялі пагранічнікі.
У ходзе баёў за станцыю Капцэвічы 24-25 ліпеня 1941 года пагранічнікі пад камандаваннем начальніка 18 пагранатрада палкоўніка Мацвея Радзівонавіча Аканіна ўшчэнт разбілі 512 нямецкі пяхотны полк 293 пяхотнай дывізіі Вермахта. Праціўнік страціў толькі забітымі каля пяці соцень салдат і афіцэраў. Пагранічнікі ж панеслі значна меншыя страты: 25 чалавек забітымі і 80 – параненымі.
Невялікая група пагранічнікаў прыняла жорскі бой у раёне Аголіцкай Рудні. Яны змагаліся на працягу некалькіх гадзін з пераважаючымі варожымі сіламі, але не адступілі без загаду ні на крок.

1 жніўня 1941 года пры сумесным наступленні быў вызвалены Петрыкаў і іншыя населеныя пункты раёна. Фашысты спешна адступалі, завязаўся рукапашны бой. Пагранічнікі разграмілі 510 пяхотны полк 293 пяхотнай дывізіі Вермахта, якая на 60% складалася з аўстрыйцаў. Агульныя ж страты дывізіі ў баях на гомельскім напрамку склалі каля трох тысяч салдат і афіцэраў. Што да Петрыкава, то вораг трапіў у горад толькі напрыканцы жніўня.

Да пагранічнікаў трапілі штабныя дакументы і трафеі, што былі адпраўленыя ў штаб 75 стралковай дывізіі, якая на той момант размяшчалася ў вёсцы Міхнавічы, недалёка ад Мышанкі.
Істотную ролю ў паспяховым наступленні адыгралі 51 і 52 браняпоезды, а таксама створаны яшчэ ў Пінску браняпоезд, што складаўся з паравоза і чыгуначных платформ, на якіх стаялі чатыры танкі Т-34, абкладзеныя мяшкамі з пяском. Камандаваў ім лейтэнант Шувалікаў. Адзін з танкаў быў на хаду і па загадзе начальніка пагранатрада машына была знята з платформы і пушчана ў атаку сумесна з танкам малодшага лейтэнанта Сядова. Пры падтрымцы артылерыі 51 браняпоезда абодва танкі пайшлі ў атаку. Немцы адкрылі па машынах агонь з гармат. Першы Т-34 з ходу знішчыў артылерыю ворага, а пагранічнікі давяршылі разгром.

Абарона Савецкай Арміі пад станцыяй Пціч трымалася два тыдні. Немцы, ведаючы, што наперадзе знаходзяцца бетонныя канструкцыі 65 Мазырскага умацаванага раёна, не адважыліся працягваць наступленне ў гэтым накірунку і пачалі абход абарончых пазіцый з поўначы, праз Колкі. Такім чынам, у гэтым раёне, ажно да Калінкаві-чаў і Мазыра, падраздзяленні Чырвонай Арміі рызыкавалі трапіць у акружэнне. Камандаванне загадала войскам адыходзіць на ўсход. У 20-х чыслах жніўня асноўныя агнявыя групы бетонных збудаванняў 65 Мазырскага УРа былі ўзарваныя, а гарады Калінкавічы і Мазыр пакінутыя без бою.

З нагоды 75-годдзя Вялікай Перамогі, райарганізацыя Беларускага саюза афіцэраў, райарганізацыя Саюза воінаў-інтэрнацыяналістаў, якой кіруе Мікалай Жукоўскі, райарганізацыя Савета ветэранаў пад кіраўніцтвам Міхаіла Соймы і адміністрацыя раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Наўныкам паставілі сваёй мэтай увекавечыць гераізм абаронцаў Айчыны. Дзякуючы спонсарскай дапамозе, былі сабраны сродкі і створаны памятны знак, што быў усталяваны на месцы былых баёў у раёне чыгуначнай станцыі Муляраўка. Урачыстае адкрыццё аб’екта будзе прымеркавана Дню Перамогі.

Фёдар Жукавец,
старшыня райарганізацыі ГА “Беларускі саюз афіцэраў”.
Фота Алены БРУЦКАЙ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о