Аснова працвітання любой установы – прафесійны калектыў

0
816

Па шматгадовай традыцыі, вясной раённы Дом культуры прымае гасцей. У гэты час тут збіраюцца для ўшанавання лепшыя працаўнікі – тыя, хто сваёй добрасумленнай, самаадданай працай, душэўнай цеплынёй, творчасцю робяць наша жыццё ярчэй, хто вырошчвае хлеб, хто наводзіць парадак на вуліцах, выхоўвае нашых дзяцей і клапоціцца пра здароўе грамадзян.

Адным з пераможцаў у раённым спаборніцтве сярод працоўных калектываў  прызнаны калектыў дзяржаўнай установы “Петрыкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі”.

Аснова працвітання любой установы – прафесійны калектыў

 За дасягнутыя вынікі ў рабоце па паляпшэнні санітарна-эпідэміялагічнага дабрабыту і ўнясенне значнага ўкладу ў сацыяльна-эканамічнае развіццё Петрыкаўскага раёна калектыў занесены на раённую Дошку гонару, атрымаў Ганаровы пераходны сцяг Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта, дыплом і грашовую прэмію за дасягненне найлепшых паказчыкаў у вытворчасці і сацыяльнай сферы ў 2022 годзе.

Забягаючы наперад, хочацца сказаць, што калектыў названай установы – актыўны ўдзельнік усіх падзей Петрыкаўшчыны, заўсёды на прамой сувязі з “ПН”, яны – аператыўная крыніца праўдзівай інфармацыі. Работнікі гэтай структуры заўсёды працуюць на апярэджанне, таму значная частка публікацый у газеце прысвечана прафілактыцы розных захворванняў.

Немагчыма не дадаць, што сярод пераможцаў абласнога агляду-конкурсу па выніках дзейнасці тэрытарыяльных цэнтраў гігіены і эпідэміялогіі ў 2022 годзе Петрыкаўскі ЦГЭ святкаваў перамогу сярод раённых устаноў.

Галоўны ўрач дзяржаўнай установы “Петрыкаўскі раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Сяргей Талецкі ў час размовы адзначыў, што быць сярод перадавікоў – вялікі гонар, аказаны яго калектыву.

“Мы шмат гадоў працуем на карысць жыхароў і гасцей нашай Петрыкаўшчыны, – пачаў Сяргей Яўгенавіч. – Вядома, большасць жыхароў рэгіёна – актыўныя карыстальнікі сацыяльных сетак, дзе часта трапляецца непраўдзівая інфармацыя, якая датычыцца многіх захворванняў. Так гэта было з каранавірусам, калі людзі верылі чаму заўгодна, толькі не ўрачам, але мы знайшлі патрэбныя словы і пераканалі насельніцтва, у тым ліку дзякуючы асабістым сустрэчам з працоўнымі калектывамі, што без вакцынацыі перамагчы вірус немагчыма. Між іншым, першымі ў галіне дыягностыку кавіда сталі праводзіць менавіта ў лабараторыі абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, выкарыстоўваючы сучаснае абсталяванне і прафесіяналізм спецыялістаў”.

Па словах галоўнага санітарнага ўрача раёна, дыфтэрыя, слупняк, адзёр, эпідэмічны паратыт таксама ў ліку хвароб, якія лічацца ў нас практычна пераможанымі, але ведаць іх у твар і праводзіць прафілактыку – задача, якую санітарная служба лічыць адной з першасных. Дзяржаўны санітарны нагляд усё больш пераходзіць на папераджальныя, прафілактычныя метады работы.

“Сёння прасочваецца выразная тэндэнцыя ў рабоце службы: пазбавіцца  нейкай “карнай” функцыі, перайсці на фармат – паперэджвання, прафілактыкі правапарушэнняў у сферы здароўя. Як і ў медыцыне – хваробу значна лягчэй папярэдзіць, чым потым лячыць”.

На пытанне, якія планы стаяць перад Цэнтрам у 2023 годзе, кіраўнік адказаў: “Барацьба з хваробамі сістэмы кровазвароту, анкалагічнымі захворваннямі, залежнасцямі, траўмамі, іншымі хваробамі сучаснага грамадства. Радуе, што ў нашай краіне актыўна ідзе падтрымка насельніцтва на дзяржаўным узроўні”.

Сярод мінусаў у сістэме працы Сяргей Талецкі назваў той факт, што не ўсе грамадзяне горада і раёна адказна ставяцца да ўласнага здароўя. Захворванні, якія выцякаюць ад курэння, злоўжывання спіртнымі напоямі, не ідуць  на карысць грамадству.

“Хацелася б, каб кожны чалавек клапаціўся на належным узроўні пра сябе і сваіх блізкіх, не цягнуў з паходам да ўрача, калі яго нешта непакоіць. Мы адсочваем, каб у магазінах прадаваліся бяспечныя і свежыя прадукты. На гэта накіравана работа аддзела грамадскага здароўя”.

Ва ўстанове сёння працуе 35 чалавек, сярод якіх 1 малады спецыяліст і 1 урач-інтэрн.

“Лічу, што мне як кіраўніку казачна пашанцавала працаваць з сапраўды фанатамі сваёй справы. Прыемна, калі адпрацаваўшы належнае размеркаванне, моладзь вырашае працягваць сваю працоўную дзейнасць у Цэнтры. Безумоўна, вопытныя супрацоўнікі ў сваю чаргу перадаюць назапашаны вопыт і веды маладому пакаленню.

Як мне здаецца, мінулы год быў чарговым этапам рашэння пастаўленых задач, і ў нас ёсць станоўчыя вынікі ва ўсіх галінах, бо аснова працвітання любой санітарнай ўстановы –  прафесійны і працаздольны калектыў. Іспыт мінулага года на ўменне пераадольваць цяжкасці, праяўляць высокую арганізаванасць і працавітасць, упэўнены, здадзены паспяхова”, – канстатаваў галоўны ўрач.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Фота аўтара і Арцёма ГУСЕВА.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о