Сёлета на злёце перадавікоў Петрыкаўшчыны   званнем “Кіраўнік года – 2022” ганараваны начальнік Петрыкаўскага раёна газазабеспячэння філіяла “Жыткавіцкае вытворчае ўпраўленне” РВУП “Гомельаблгаз” Віталій Макарэвіч. Пра адносіны да абавязкаў, працу ў галіне газазабеспячэння мы пагутарылі з Віталіем Аляксандравічам напярэдадні ўрачыстасці.

Звычайны рабочы дзень. Мы пачынаем гутарку, але некалькі разоў прыпыняем размову – тэлефон кіраўніка не змаўкае, а я, у сваю чаргу, менш за ўсё хацеў бы перашка-джаць рабочаму працэсу і парушаць працоўны рытм, бо за кожным званком – пытанне, патрэба, вытворчая неабходнасць.

Віталій Макарэвіч ураджэнец вёскі Дуброва, што ў Жыткавіцкім раёне. Пасля заканчэння школы паступіў у Калінкавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум, потым была адпрацоўка на прадпрыемстве АПК, служба ў арміі. У 2007 годзе малады чалавек уладкаваўся ў газавую службу. Напачатку працаваў рабочым, паралельна завочна навучаўся ў сельскагаспадарчай акадэміі па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”.

З 2013 года мужчына быў прызначаны майстрам па пракладцы газаправоду, пазней – майстрам службы эксплуатацыі, што адказвае за дастаўку балонаў насельніцтву. У 2018 годзе спецыяліст атрымаў другую вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці “Інжынер-энергетык” і быў прызначаны начальнікам Петрыкаўскай структуры газазабеспячэння.

– Напачатку некаторыя працаўнікі ставіліся да мяне насцярожана, маўляў, новы начальнік без вопыту кіравання, тым больш – не мясцовы. Але, урэшце, мы знайшлі паразуменне. У той час, як раз, праводзілася мадэрнізацыя: спачатку быў зроблены рамонт у адміністрацыйным будынку, а на наступны год – у вытворчым памяшканні. Так удалося палепшыць і ўмовы працы нашых спецыялістаў: з’явіліся душавыя, сушылка, шэраг бытавых памяшканняў і кабінеты для майстроў, – рэзюмаваў Віталій Аляксандравіч.

Па словах суразмоўцы, паказчыкі Петрыкаўскага раёна газазабеспячэння год ад году ўзрастаюць: недзе адносна павольна, а дзесьці і буйнымі тэмпамі. Так, дзякуючы падачы прыроднага газу на Петрыкаўскае рудаўпраўленне ААТ “Беларуськалій”, спажыванне блакітнага паліва ўзрасло на 420% ад узроўню мінулага года. Узбуйненне спажывання прыроднага газу сярод насельніцтва таксама плюсуе, але больш сціпла – на 102% ад леташняй лічбы.

Хапае і надзённых работ: сёлета газавікі мяняюць 2 газарэгулятарныя пункты, 2 шафавыя рэгулятарныя пункты і 6 кранаў на газаправодах. Адпаведна і заробак годны: згодна з планамі, прадпрыемства разлічвае ў гэтым годзе выйсці на сярэдні заробак у 2089 рублёў.

Што тычыцца перспектыў, то галоўнае пытанне, над якім газавая служба працуе ў шчыльнай узаемасувязі з райвыканкамам – газіфікацыя аграгарадка Пціч. Там ужо створаны кааператыў на 107 чалавек, але вырашэнне гэтай задачы – даволі складаная адміністрацыйная працэдура. Да гэтага, сярод газакарыстальнікаў у хуткасці могуць з’явіцца два абаненты: новае памяшканне міліцыі і фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Дарэчы, грамадскае абмеркаванне па ўзвядзенні аб’ектаў ужо вядзецца.

Дома Віталія Макарэвіча чакае жонка і 15-гадовы сын. Вось толькі бачыцца з сям’ёй і наведваць родныя Жыткавічы кіраўніку выпадае не кожны дзень: “У будзёныя дні я застаюся тут, жыву ў інтэрнаце. Разумееце, праца патрабуе быць на месцы і ў непасрэднай сувязі з падапечнымі, абанентамі, рознымі структурамі. Таму да родных я выпраўляюся пасля працоўнага тыдня на выхадныя”.

Напрыканцы нашай гутаркі Віталій Аляксандравіч заўважыў: “Прысваенне пачэснага звання “Кіраўнік года”, вядома, вынік не толькі маёй асабістай работы, але і працы ўсіх нашых спецыялістаў. Таму я ўдзячны кожнаму спецыялісту нашай службы за ўнёсак на карысць агульнай справы па паляпшэнні дабрабыту людзей”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о