Стаўшы пераможцай заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, гімназістка Ганна Ганчар чарговы раз папоўніла скарбонку дасягненняў не толькі сваёй навучальнай установы, а і ўсёй сістэмы адукацыі Петрыкаўшчыны.
Дзевяцікласніца змагалася на роўных з дзесяцікласнікамі – менавіта ў гэтай паралелі свае веды па грамадазнаўстве бліскуча дэманстравала зямлячка. Прадметам на ўзроўні алімпіяднага руху Ганна займаецца другі год і ўжо мае на сваім рахунку два дыпломы абласнога і адзін рэспубліканскага ўзроўню.

Віват, Ганна!Вось што гаворыць пра сваю перамогу сціплая дзяўчына з глыбокім, удумлівым позіркам:

– У мінулым годзе, калі яшчэ ў маім вучэбным раскладзе не было нават такога прадмета (грамадазнаўства вывучаецца з 9 класа), я адгукнулася на прапанову Галіны Уладзіміраўны і Людмілы Рыгораўны паспрабаваць сябе ў новай дысцыпліне і ніколькі пра гэта не шкадую. Грамадазнаўства стала для мяне сапраўдным адкрыццём. Не перастаю захапляцца: наколькі цікавы і разнастайны прадмет.

Канешне, я вельмі радая, што ў мяне ўсё атрымалася. Працавалі мы з Галінай Уладзіміраўнай шмат і апантана, але яно варта таго! Сёлетняя перамога на абласным этапе, можна сказаць, акрыліла мяне. Ведаеце, у поспеху на рэспубліцы я амаль не сумнявалася. Увесь час трымала ў памяці словы, якія пачула на адным з трэнінгаў: ва ўласнай перамозе нельга сумнявацца, як нельга і паніжаць планку ўласных мэтаў – гэтым і кіруюся.

Віват, Ганна!У цяперашні час дзяўчына рыхтуецца да абласной алімпіяды, дзе будзе адстойваць сваё права лічыцца лепшай цяпер ужо сярод аднагодкаў-дзевяцікласнікаў. Навошта, калі ўжо лепшая нават сярод старэйшых на год? На што мая субяседніца разважліва зазначае: “А раптам там ёсць нехта, здольны пераўзысці мяне – не выключаю такой магчымасці”.

Педагог Ганны – Галіна Туравец адзначае высокую матывацыю і працаздольнасць сваёй вучаніцы:
– Ганна ўвесь час у працы: чытае, аналізуе, даследуе. І я ў сваю чаргу імкнуся задаволіць яе запыт на новую, цікавую і карысную інфармацыю. Так і матывуем адна адну, – з усмешкай зазначае ў час размовы Галіна Уладзіміраўна і з гонарам дадае: на абласным этапе Ганна паказала лепшы вынік і стала абсалютнай пераможцай. Да рэспубліканскага этапа рыхтаваліся як самі, так і ў складзе абласной каманды, дзе Ганніна здольнасць да запамінання была адзначана абласнымі трэнерамі.
Неаднаразова ў час размовы педагог з удзячнасцю ўзгадвала бацькоў Ганны, адрасуючы ім словы вялікай падзякі за падтрымку і дапамогу, а таксама адміністрацыю, што стварыла ўсе ўмовы для якаснай падрыхтоўкі да адказнага інтэлектуальнага турніру.

– Галіна Уладзіміраўна Туравец – настаўнік вопытны і паспяховы. Працуе ў гімназіі з моманту адкрыцця ўстановы. За гэты час на рахунку педагога 100-бальны сертыфікат па ЦТ у выпускніцы 2020 года Анастасіі Какора, каля 20 дыпломаў абласнога этапу абласной і рэспубліканскай алімпіяд па вучэбных прадметах гісторыя і грамадазнаўства. Што да раённых – іх і падлічыць цяжка. А вось дыплом І ступені заключнага рэспубліканскага этапа – першы. Мы верым у саюз Ганны і Галіны Уладзіміраўны і жадаем ім скарыць яшчэ не адзін п’едэстал, – з гонарам пра поспехі сваіх таленавітых настаўніка і вучаніцы гаворыць дырэктар Людміла Хільман.
Што да бліжэйшых планаў і мар герояў нашага матэрыялу, то Ганна разлічвае і рыхтуецца да чарговай бліскучай перамогі, а яе настаўніца марыць пра інтэрактыўную дошку, з якой і якасць яе вучэбных заняткаў, і заняткаў па падрыхтоўцы да ЦТ і алімпіяд павялічыцца ў разы.

Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о