Святочная раніца на Петрыкаўшчыне пачалася з ускладання вянкоў і кветак да помнікаў і абеліскаў тым, каму мы абавязаны мірным небам і незалежнасцю – салдатам-пераможцам, якія абаранілі права беларускага народа на будучыню. Кіраўніцтва раёна, члены грамадскіх арганізацый і працоўных калектываў аддалі даніну памяці і павагі героям і ахвярам Вялікай Айчыннай вайны.
На ўрачысты мітынг, які адбыўся ў гарадскім парку каля помніка воінам-вызваліцелям, прыйшлі петрыкаўчане і госці райцэнтра, каб не толькі адзначыць урачыстую падзею, але і ўшанаваць памяць тых, хто здабыў для нас, нашчадкаў, мір і свабоду. Першым слова ўзяў старшыня райвыканкама Аляксандр Наўныка.
– 3 ліпеня – свяшчэнная дата ў нашай гісторыі, асаблівае ўсенароднае свята, неразрыўна звязанае з найважнейшай падзеяй айчыннай гісторыі – вызваленнем Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, –зазначыў у час выступлення кіраўнік раёна. – Для беларусаў гэта дата з’яўляецца сімвалам нацыянальнага гонару, доблесці і славы. І чым больш час аддаляе нас ад суровых ваенных дзён, тым вышэй адказнасць кожнага з нас за захаванне гістарычнай памяці і духоўных каштоўнасцяў.
Цёплыя словы і віншаванні старшыня райвыканкама адрасаваў ветэранам вайны і працы, дзецям вайны, пажадаў ім моцнага здароўя і дабрабыту.
З прывітальным словам таксама выступілі старшыня раённага Савета ветэранаў Уладзімір Жукавец, пераможца раённага спаборніцтва “Лепшы па прафесіі-2021”, настаўнік па класе баяна ДУА “ Петрыкаўская дзіцячая школа мастацтваў” Марына Ашарчук. Ад маладога пакалення слова было прадастаўлена старшаму інспектару сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Петрыкаўскага РАНС Алене Петушковай.
Удзельнікі мітынгу ў маўклівай жалобе схілілі галовы ў час хвіліны маўчання, пасля чаго да падножжа помніка ўсклалі вянкі і кветкі, тым самым прадэманстраваўшы: памяць жывая – ніхто не забыты, нішто не забыта.
Далей святочныя мерапрыемствы перанесліся на пляцоўку гарадскога парка, дзе работнікі ўстаноў адукацыі, культуры, сельскіх Саветаў прадставілі выставу фотазон і падворкаў “У стылі рэтра”.

Шчасце жыць пад мірным небам
Арганізатары заахвочвалі да наведвання гараджан гасціннасцю, творчасцю і крэатыўнасцю. Прадстаўнікі кожнага падворка пастараліся на славу, і на кожнай пляцоўцы госці знаходзілі нешта незвычайнае і цікавае.
Працавалі пункты грамадскага харчавання і гандлёвыя рады. Была арганізавана работа тэматычных выстаў “Беларусь майстрамі славіцца”. Сваімі вырабамі, сувенірамі і эксклюзіўнымі працамі дэкаратыўна-прыкладной творчасці на выставах-продажах радавалі майстры раённага Дома рамёстваў, выхаванцы і педагогі СПТВ № 1, ТЦСАН.
Святочны настрой стварыла канцэртная праграма “Ты ў сэрцы маім, Беларусь!”, дзе выступілі лепшыя выканаўцы і калектывы Петрыкаўшчыны, выхаванцы дзіцячых садоў і школ. Сапраўдным упрыгожаннем свята стаў канцэрт народнага ансамбля песні, музыкі і танца “Лявоніха” Капаткевіцкага гарадскога Дома культуры.
Самыя маленькія таксама не засталіся без увагі. Супрацоўнікі РАНС прапаноўвалі дзятве прымерыць поўны касцюм пажарнага, залезці ў машыну МНС. Хлапчукі і дзяўчынкі гарэзавалі на атракцыёнах, ласаваліся папкорнам і салодкай ватай.
Па добрай шматгадовай традыцыі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый “Беларускі саюз жанчын”, “Белая Русь”, Савет ветэранаў наведалі галоўных герояў свята – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Кветкі, падарункі, віншаванні і бязмежная ўдзячнасць за мір – ім, шаноўным і паважаным.
Увечары ў гарадскім парку адбыўся эстрадны канцэрт “Святкуем разам!”.
Майстэрскім выкананнем парадавалі гледачоў самыя вядомыя і папулярныя артысты і калектывы ўстаноў культуры Петрыкаўшчыны. У 22.45 петрыкаўчане і госці горада далучыліся да рэспубліканскай акцыі “Праспяваем гімн разам!”. Завяршылася святкаванне Дня Незалежнасці святочным феерверкам і танцавальнай праграмай пад адкрытым небам.
У 78-ую гадавіну вызвалення сэрца кожнага беларуса перапаўнялі ўдзячнасць, пашана, памяць пра подзвіг герояў, пра тых, хто выстаяў і перамог, здабыў самы дарагі падарунак для Радзімы, для суайчыннікаў, для ўсіх будучых пакаленняў – мір, а значыць – жыццё. І калі гэтыя пачуцці ёсць у сэрцы,  можна не сумнявацца: працягваецца  ў часе і ў прасторы веліч Подзвігу, якому няма цаны.

Галіна КАЗАК.
Фота Наталлі Петрушэнка.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о