Капаткевіцкі Дом культуры стаў месцам правядзення сустрэчы актывістаў грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна”, што адбылася напрыканцы 2021 года. У праграму спаборніцтваў увайшлі 5 відаў спорту: дартс, шашкі, шахматы, настольны тэніс і більярд.

Сустрэчы ветэранаў спорту заўсёды праходзяць у цёплай атмасферы: ёсць што ўзгадаць, чым падзяліцца. Зразумела, не абыходзіцца без параўнанняў “нашага” часу і сучаснасці. Але наўрад ці будзе дарэчным паставіць у адзін шэраг тыя ўмовы, у якіх, гадоў 40-50 таму, пачыналі займацца спортам мы, і тыя, што створаны для сённяшняга маладога спартыўнага пакалення.

Па праграме спаборніцтваў кожны ўдзельнік меў магчымасць праявіць сябе ва ўсіх спартыўных дысцыплінах турніру. На ўрачыстым адкрыцці ветэраны спорту ўзгадалі хвілінай маўчання таварышаў, якіх, на жаль, ужо няма з намі.

Пасля 4-х гадзін цікавай спартыўнай барацьбы вызначыліся прызёры спаборніцтваў.
Лепшымі ў шашках былі Сяргей Маёрчык, Мікалай Цылько і Сяргей Шпак, што занялі першае, другое і трэцяе месца адпаведна. У шахматах перамогу атрымаў Уладзімір Літош, другім быў Сяргей Шпак, а трэцім – Віталь Волкаў.
У настольным тэнісе перамогу святкаваў Мікалай Антанішын. Другое месца дасталося Васілю Пінчуку, а тройку пераможцаў замкнуў Аляксандр Пінчук. Лепшым сярод більярдыстаў стаў Аляксандр Ліпінскі, другая прыступка п’едэстала скарылася Мікалаю Коўгару, а трэцяя – Сяргею Шпаку.

Самым трапным у дартсе быў аўтар гэтых радкоў, другі вынік паказаў Аляксандр Ліпінскі, а трэці – Мікалай Коўгар.

Пераможцы былі ўзнагароджаны арыгінальнымі дыпломамі, якія былі створаныя галоўным суддзёй сустрэчы Уладзімірам Вабішчэвічам. Узнагароды былі ўручаны ва ўрачыстай абстаноўцы. Тут жа было выдадзена пасведчанне члена грамадскага аб’яднання “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна” Уладзіміру Пуціліну з Капаткевічаў. Мужчына стаў 38-м у спісе пярвічнай арганізацыі. Выказваем падзяку дырэктару мясцовага Дома культуры Ядвізе Суботка за цудоўныя ўмовы, створаныя для турніру ветэранаў.

Літаральна напярэдадні Новага 2022 года да нас прыйшла прыемная навіна: наша “пярвічка” заняла другое месца ў абласным аглядзе-конкурсе па выніках 2021 года, “прапусціўшы” наперад толькі ўраджэнцаў Жлобіншчыны і абыйшоўшы ў гонцы прызёраў першасную арганізацыю з Лельчыц.

Гэта наша агульнае дасягненне, тым больш, што 2021 – юбілейны год для нашай першаснай арганізацыі: летась нам споўнілася 5 гадоў! Віншую ўсіх нашых актывістаў і жадаю здароўя, даўгалецця і скарэння новых спартыўных вяршынь ветэранскага руху!

Аляксей КАЮКАЛА, кіраўнік ГА “Ветэраны фізічнай культуры і спорту Петрыкаўскага раёна”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о