Днямі мы сустрэліся з Марыяй Белай, якая сёлета прадстаўлена да ўзнагароды на раённым фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі “Дажынкі” за дасягненне найвышэйшых паказчыкаў ў вытворчасці за 2022 год. Праз рукі такога спецыяліста праходзяць штомесячныя абароты грашовых сродкаў. Дзяўчына расказала пра сябе і пра спецыфіку работы галоўнага бухгалтара ў сельскай гаспадарцы.

Бухгалтэрыя – галоўная артэрыя сельскагаспадарчай арганізацыі– Прафесія бухгалтара з’яўляецца найважнейшай прафесіяй сучаснасці, – упэўнена мая суразмоўніца. – Без бухгалтарскага ўліку не можа абысціся ні адна эканоміка свету. А тым больш асобныя прадпрыемствы, заводы і нават маленькія крамы.
Дзяўчына родам з Калінкавіцкага раёна, атрымаўшы адукацыю ў Гомельскім аграрным каледжы па спецыяльнасці “бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль”, прыехала па размеркаванні на Петрыкаўшчыну. Тут яе жыццё і закруцілася. Без малога Марыя жыве ў гарадскім пасёлку Капаткевічы ўжо 7 гадоў. Удакладнім, што сёлета КСУП “Капаткевічы” перайшло ў састаў КСУП “Чалюшчавічы”.

– Як і многія, хвалявалася, ці змагу ўладкавацца на першым працоўным месцы, ці змагу знайсці агульную мову з калектывам і наогул ужыцца ў незнаёмым мне да пераезду гарадскім пасёлку, – працягвае Марыя. – Але ўсё склалася найлепшым чынам. Мне дапамаглі знайсці жыллё, у калектыве сустрэлі добра, за мной замацавалі настаўніка, які дапамог паглыбіцца ва ўсе акалічнасці бухгалтарскай справы. Сёння я ў лічбах як рыба ў вадзе, ужо сустракаю новых маладых работнікаў і навучаю іх.
Марыя падзялілася, што праца падабаецца ёй. А пра выбар прафесіі расказала наступнае:

– У маёй вясковай школе было ўсяго 9 класаў. А ў 10-11 класы трэба было ездзіць у іншую вёску, мне такі расклад быў не даспадобы. Я вырашыла паехаць вучыцца ў абласны цэнтр. Затым паступіла на завочнае аддзяленне ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію. І не пашкадавала.

Паводле слоў нашай гераіні, у яе абавязкі ўваходзіць штодзённы ўлік і кантроль за ўчасткам раслінаводства, рэалізацыя збожжа і іншай вырашчанай у сельскагаспадарчай арганізацыі прадукцыі, падлік намалотаў, справаздачы па выкананню дзяржаўнага заказу. Даводзіцца шмат аналізаваць, для гэтага патрэбен пэўны склад розуму.
– Хтосьці скажа, маўляў, што ў маёй прафесіі цікавага? Адны лічбы… Толькі за гэтымі лічбамі хаваецца ўся дзейнасць гаспадаркі, яе вытворчы і эканамічны патэнцыял!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о