Выйшаў другі зборнік вершаў нашай зямлячкі Святланы Тарасевіч

0
199

У пачатку года пабачыў свет другі зборнік вершаў пад назвай “Под куполом небесного зонта” нашай таленавітай зямлячкі, педагога Святланы Тарасевіч. Святлана Анатольеўна дыпламант і лаўрэат шматлікіх конкурсаў. У яе творчым партфоліа граматы розных узроўняў, у тым ліку ад Саюза пісьменнікаў Беларусі, Архіерэйская грамата за працы на ніве праваслаўнай адукацыі і духоўна-маральнай асветы. Але галоўная заслуга аўтара – уменне праз літаратурнае слова перадаць чытачу нешта вельмі блізкае, важнае, патрэбнае. Мне пашчасціла быць асабіста знаёмай з паэткай. Яе асоба няпростая, цікавая, шматгранная. Перагарнуўшы апошнюю старонку зборніка, адзначыла для сябе, што вершы адлюстроўваюць свет пачуццяў гераіні: чулых, глыбокіх, смелых і адкрытых.

Выйшаў другі зборнік вершаў нашай зямлячкі Святланы Тарасевіч– Святлана Анатольеўна, у пачатку нашай размовы хочацца падзякаваць вам за зборнік выдатных вершаў. Як доўга нараджалася ідэя кнігі і чым вы кіраваліся, вызначаючы вершы ў раздзелы “Свет осени” і “Домик для души”?

– Прайшло тры гады пасля выхаду лірыкі “Слёзный жемчуг капал…”, гэтыя гады аказаліся плённымі і, як вынік – новая кніга. “Свет осени” – гэта пара майго жыцця. Таму ў раздзеле – вершы пра лета, пра былыя пачуцці, пра будучую халодную зіму, якая прыходзіць, “чтобы виски нам мудростью украсить”. У “Домике для души” сабрана духоўная лірыка. Тут, на Зямлі, мы толькі вучымся жыць. Тут пачынаецца “домостроительство” нашай душы. Ад таго, як мы выбудоўваем свае адносіны з роднымі, блізкімі людзьмі, з калегамі ці проста са спадарожнікамі ў гэтым жыцці, ад нашых добрых і злых спраў, ад нашых слоў, ад нашых адносін з Богам, залежыць лёс душы ў вечнасці:
“Я строю домик для души –
Она бездомная.
Там будет жить со мной в тиши
Любовь бездонная.
Вот за кирпичиком кирпич –
И стенка ровная.
Ведь там со мною будет жить
Любовь огромная.”

– Творы ў зборніку сабраны на любую аўдыторыю: інтымная, філасофская, духоўная і патрыятычная лірыка. Вершы пісаліся на рознаўзроставую публіку?
– Я не пішу вершы для нейкай канкрэтнай аўдыторыі ці “на заказ”. Яны спакойна ляжалі ў стале да часу, пакуль не прыйшлося па рабоце ўдзельнічаць у літаратурных конкурсах. З’явіліся першыя ўзнагароды, публікацыі ў друкаваных выданннях. А выхадам у друк першага зборніку я абавязана пісьменніцы Петрыкаўшчыны Любові Арловай, майму настаўніку і натхняльніку. Адважуся сказаць: я вершамі думаю, самавыяўляюся, я так бачу:
“Уснуть мне мысли не дают,
Кружат встревоженною
птицей.
И лишь тогда найдут приют,
Когда застынут на странице”.
Апроч паэзіі я спрабую сябе ў празаічных жанрах, ёсць у мяне і вершы для дзяцей. Дарэчы, яны ў мяне атрымліваюцца найлепш. Пішу на роднай мове, перакладала Канстанціна Сіманава на беларускую мову.

– Многія з вашых твораў дастаткова адкрытыя ў плане асабістых пачуццяў і пера-жыванняў. Месцамі нічым не прыкрытыя, смелыя. Напісанне такіх вершаў вас эмацыйна надрывае ці наадварот дае сілы для чагосьці новага?
– Людзі так створаны, што жадаюць доўга жыць, але не жадаюць старэць. Я ўдзячная Богу за тое, што Ён дазволіў мне дасягнуць таго ўзросту, калі ўжо не хочацца здавацца лепшым, быць для ўсіх толькі добрай, а хочацца проста быць. Жыць і радавацца кожнаму дню, як найкаштоўнаму падарунку. Вершы пра мінулае – гэта падвядзенне рысы. Было і прайшло, вынік шматгадовых пошукаў Ісціны. Шукала і здабыла, а калі здабыла, то раптам зразумела – альбо крыж, альбо адступніцтва.

– У зборніку нямала вершаў павучальных, лёгкіх, але нязменна з глыбокім сэнсам. У адным з вершаў вы гаворыце: “Я не люблю слова пустые, И каменем брошенные вслед”. Якія словы для вас асабліва важныя і блізкія?
– У сучасным свеце людзі шмат гавораць. Страсенне паветра пустымі словамі, якія не нясуць нічога за сабой. Атрымліваецца пустаслоўе – пустата вакол чалавека. Для мяне важныя шчырыя словы, я вельмі тонка адчуваю фальш. Можа быць таму…
“Я полюбила тишину,
безмолвие ночей,
Уединение, неспешность,
созерцанье,
И с Богом разговор
в мерцании свечей,
И ликов внемлющих
спокойное молчанье”

– Што для вас нараджэнне верша, што вы лічыце самым галоўным у паэзіі і хто першы крытык вашых твораў?
– Гэта карпатлівая праца над кожным словам, рыфмай, рытмам, але перш з’яўляецца выява, мыслеформа. На мой погляд, галоўнае ў паэзіі – змест, шчырасць і сумленнасць. Гэта не можа быць проста набор слоў. Геніяльна сказаў пра гэта паэт, драматург, педагог Роберт Фрост: “Паэзія – гэта, калі пачуццё знаходзіць сваю думку, а думка знаходзіць словы”. Рэдка верш выходзіць з-пад пяра зусім гатовым, які не патрабуе дапрацоўкі. Вельмі неабходная і крытыка, “незамылены” погляд на напісанае табою і я яе атрымліваю ад калег па пяру, аднадумцаў.

– Творы якіх аўтараў прыцягваюць вашую ўвагу?
– Чытаю Дастаеўскага. Скажу праўду, у школе не любіла аўтара, таму што не разумела. Дастаеўскі – глыбокі вельмі, да яго трэба “дарасці”. Захапілася ранняй творчасцю Аляксея Мікалаевіча Някрасава “Вершы і гукі”. Гэта першая кніга вершаў вялікага рускага паэта, выдадзеная аўтарам і ім жа знішчаная, але невялікая частка кніг, якія паэт не змог выключыць з продажу, усё ж трапіла пасля на антыкварны рынак.

– Апошнім пытаннем паслужаць словы эпіграфа да кнігі: Калі не вечная – навошта я жыву?
– Навошта я жыву? Можа быць, у тых, хто пагружаны ў бягучыя задачы жыцця, гэтае пытанне не ўзнікае… Але ў выніку чалавек усё ж прыходзіць да думкі: “Навошта ўсё гэта, калі я памру?”.

Колькі сябе памятаю, я задавалася гэтым пытаннем і не знаходзіла на яго адказу. Гадоў 18 таму мне ў рукі трапіла выданне ў выглядзе коміксаў “Евангелле ад Лукі”. Так я асэнсавана звярнулася да хрысціянства. Хрысціянства вучыць: чалавек, цябе чакае вечнае жыццё, а не вечная смерць. І сэнс твайго зямнога жыцця заключаецца ў падрыхтоўцы. І я рыхтуюся, але не да смерці, а да вечнасці.

А яшчэ мы жывём, каб несці прыгожае і добрае, радавацца прыемным момантам. На двары вясна і мы жывём прадчуваннем свету. Карыстаючыся магчымасцю, віншую зямлячак з надыхо-дзячым жаночым днём. Дарагія жанчыны! Няхай ваша жыццё будзе напоўнена яркімі фарбамі, пераліваецца, як вясновая вясёлка, няхай у вашых сэрцах заўсёды гучыць мелодыя вясенняй кроплі, а шчасце ў вашых вачах азарае ўсю Зямлю!

Гутарыла
Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о