Паступленне дзіцяці ў дзіцячы сад – важны і адказны этап у жыцці малога. Ад таго, як гэта адбудзецца, залежыць дабрабыт і здароўе хлопчыка ці дзяўчынкі.

Пачынаць падрыхтоўку да паступлення трэба задоўга да самога прыходу ва ўстанову дашкольнай адукацыі.
Важна, каб дзіця ішло ў дзіцячы сад з радасцю!
Да моманту паступлення рэжым дня дзіцяці павінен быць набліжаны да рэжыму ў дзіцячым садку: ранішні пад’ём – 7.30-8.00; сняданак – 8.00-8.30; абед – 12.30-13.00; дзённы сон – 13.00-15.00; вячэра – 17.30-18.00.
Звяртаем увагу на тое, што дзіця павінна быць адаптавана да страў і прадуктаў, якія ўключаюцца ў рацыён установы: малако, кефір, сыр, амлеты, супы, агароднінныя стравы (тушаная гародніна, салата са свежай гародніны, вінегрэты), тварожныя запяканкі, сырнікі, кашы з розных круп (грэчка, рыс, проса, аўсянка), мясныя вырабы з фаршу (катлеты, біточкі, рулеты), садавіна. Аднак важны не толькі пералік страў, але і іх спалучэнне.
На сайтах устаноў дашкольнай адукацыі можна падрабязней азнаёміцца з алгарытмам дзеянняў па залічэнні дзіцяці ў дзіцячы сад, з рэкамендацыямі па падрыхтоўцы дзіцяці да наведвання дзіцячага сада, арганізацыяй і працай розных формаў дашкольнай адукацыі (“Мацярынская школа”, “Адаптацыйная група”, “Прагулкавая група”, “Група выхаднога дня”, “Гульнявая і сезонная пляцоўка”).
Інфарміруем зацікаўленых, што на сайце аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама размешчана Інтэрактыўная карта ўстаноў дашкольнай адукацыі ў выглядзе банэра. Пры націску на банэр адбываецца пераадрасацыя на сайт інтэрактыўнай карты, дзе даступны як спіс устаноў дашкольнай адукацыі, так і візуальнае адлюстраванне іх на карце, у выглядзе зялёных зорачак. Пры націску на зорачкі выводзіцца інфармацыя аб установах адукацыі і колькасці свабодных месцаў у кожнай канкрэтнай установе дашкольнай адукацыі.
У мэтах забеспячэння грамадзян і юрыдычных асоб поўнай і дакладнай інфармацыяй аб наяўнасці свабодных месцаў абнаўленне інфармацыі на карце будзе ажыццяўляцца штомесяц пятага чысла.
Спасылка на інтэрактыўную карту ўстаноў дашкольнай адукацыі Петрыкаўскага раёна: https://www.google.com/maps/d/edit?mid=1-HZIChzqD1U2iA-5Ul8u4KYQbs7DbHR8&usp=sharing

Разгледзім падрабязны алгарытм дзеянняў
па залічэнні дзіцяці ў дзіцячы садок
Крок 1. Становімся на ўлік
Для пастаноўкі на ўлік неабходна звярнуцца з адпаведным запытам у службу “Адно акно” Петрыкаўскага райвыканкама па адрасе: вуліца Гагарына, 17.
Дакументы, неабходныя для пастаноўкі: пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу (арыгінал) законнага прадстаўніка (бацькі) і пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (арыгінал).
Крок 2. Атрымліваем накіраванне ў дзіцячы садок
Накіраванне выдаецца службай “Адно акно” Петрыкаўскага райвыканкама пры наяўнасці вольных месцаў і адпаведных дакументаў: пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу (арыгінал) законнага прадстаўніка (бацькі); пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (арыгінал); медыцынская даведка аб стане здароўя; квітанцыя прыняцця заявы зацікаўленай асобы; заключэнне дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (для спецыяльных груп, груп інтэграванага навучання і выхавання).
Тэрмін дзеяння накіравання – 15 дзён.
Крок 3. Накіроўваемся ў дзіцячы садок з адпаведным пакетам дакументаў
Прыём ажыццяўляецца круглы год пры наяўнасці свабодных месцаў ва ўстанове і адпаведнага пакета дакументаў.
Разам з тым, агульнапрынятым днём з’яўляецца 1 верасня.
Дакументы неабходныя для залічэння дзіцяці ў дзіцячы садок: накіраванне службы “Адно акно” Петрыкаўскага райвыканкама; заява на залічэнне; медыцынская даведка аб стане здароўя; заключэнне медыцынска-кансультацыйнай камiсii (для санаторных груп); заключэнне дзяржаўнага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі (для спецыяльных груп, груп інтэграванага навучання і выхавання).
У цэлым для залічэння дзіцяці ў дзіцячы сад неабходна выканаць тры вышэйапісаныя дзеянні, калі ў вас засталіся пытанні, тэлефон для даведак: служба “Адно акно” Петрыкаўскага райвыканкама 2-85-88 і метадыст ДУА “Петрыкаўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет” 2-70-62 (Алена Мікалаеўна Нікешына).

Алена НІКЕШЫНА,
метадыст ДУА “Петрыкаўскі раённы
вучэбна-метадычны кабінет”.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о