Днямі мы завіталі да Валянціны Паторскай, загадчыцы Капаткевіцкага яслей-сада № 2, і пагутарылі пра развіццё дашкольнай установы, выхаванне дзетак і жыццё калектыву, што прызнаны сёлета пераможцам раённых спаборніцтваў сярод устаноў сацыяльнай сферы.

Працаваць ва ўзаемадзеянні з бацькамі
– У нашым калектыве працуе 37 чалавек, якія выхоўваюць 85 дзяцей. Сярэдні ўзрост нашых спецыялістаў каля 50-ці гадоў, 90 % выхавацеляў маюць вышэйшую катэгорыю. Ва ўстанове працуе шэсць груп: дзве для дзетак з парушэннямі маўлення, адна ясельная і дзве групы малодшага і сярэдне-старэйшага ўзросту. Садок мае здароўезберагаючы профіль, што рэалізуецца праз заняткі фізічнай культурай, заняткі ў групах. Досыць часу нашыя выхаванцы праводзяць на свежым паветры, – па-дзялілася Валянціна Пятроўна.
Штогод педагогі павышаюць сваю кваліфікацыю, наведваюць тэматычныя мерапрыемствы, дзеляцца набытым вопытам і ведамі і абавязкова прывозяць, па папярэдніх замовах калег, метадычную літаратуру. Вядома, не застаюцца без увагі і профільныя перыядычныя выданні.
Зразумела, выяздных семінараў апошнім часам стала менш, па прычыне пандэміі, але іх арганічна замянілі анлайн мерапрыемствы, што, па словах Валянціны Паторскай, з’яўляецца выдатнай альтэрнатывай: спецыяліст на адрываецца ад месца працы, не марнуе карысны час на пераезды і можа звярнуцца да матэрыялаў вэбінару ў электронным выглядзе праз смартфон.
Вялікая ўвага, апрача педагагічнай дзейнасці, у другім Капаткевіцкім садку надаецца добраўладкаванню тэрыторыі. Ужо ёсць свае планы па азеляненні, тым больш што мноства саджанцаў дзіцячы сад загадзя вырасціў самастойна.
Самым важным у выхаванні дзяцей Валянціна Паторская лічыць узаемадзеянне бацькоў і педагогаў. Спецыялісты заўсёды гатовыя падзяліцца парадай, бо маюць грунтоўныя веды ў галіне дзіцячай псіхалогіі, пастаянна назіраюць за дзецьмі, робяць пэўныя высновы. Галоўнае, каб бацькі прыслухоўваліся да парад і разумелі, што выхавацелі маюць з імі агульную мэту.
– Важна ўсведамляць, што дзіцячы садок, гэта не ўстанова, якая толькі даглядае за дзіцям, пакуль бацькі працуюць. Мы прывучаем дзетак да распарадку дня, адказнасці. Так, непастаяннае наведванне цягне прабелы ў педагагічным развіцці дзіцяці, бо кожны дзень мы праводзім заняткі з нашымі выхаванцамі. Акрамя гэтага, толькі дзіцячы садок можа забяспечыць для маленькага чалавека трывалую сацыялізацыю, закласці нормы зносін з іншымі людзьмі і ў першую чаргу з аднагодкамі, – адзначыла спецыяліст.
Віншуем калектыў з перамогай і жадаем далейшага развіцця!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о