Карэспандэнт раённай газеты наведала “Дзіцячы сад №5 г. Петрыкава”, каб пазнаёміцца з выхавальніцай дашкольнай адукацыі, маладым спецыялістам Дзіянай Якавец.
Калі ўваходзіш у дашкольную ўстанову – адразу трапляеш у свет дзяцінства. Мы зазірнулі ў групу “Казка”, дзе сустрэлі маладога спецыяліста Дзіяну Якавец, якая працуе другі год, але за плячыма ўжо чырвоны дыплом і другая кваліфікацыйная катэгорыя.
Маленькія ручкі дзяцей акуратна трымаюць канструктар, а побач з імі – усмешлівая і спакойная Дзіяна Віктараўна.
Гераіня артыкула нарадзілася ў аграгарадку Камаровічы, але ў 2019 годзе разам з сям’ёй пераехала ў райцэнтр. Тут працягнула вучобу ў гімназіі, а пасля 9-га класа, у 2021 годзе, мэтанакіравана паступіла ў Рэчыцкі педагагічны каледж на спецыяльнасць “Дашкольная адукацыя”. Падчас вучобы Дыяна праявіла сябе актыўным удзельнікам канферэнцый, конкурсаў і фестываляў. Вынік не прымусіў сябе чакаць: паспяховае заканчэнне каледжа з чырвоным дыпломам.
– У дзіцячы садок №5 я трапіла па размеркаванні. Паралельна паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на факультэт дашкольнай адукацыі. Зараз заканчваю ўжо 2-гі курс, – дзеліцца суразмоўца. – Адпрацоўка ў мяне пачалася 5 жніўня 2024 года, і за амаль два гады стажу я ўжо атрымала другую кваліфікацыйную катэгорыю.
Прыйшоўшы ў дзіцячы сад, Дзіяна ўбачыла сямнаццаць маленькіх выхаванцаў. Да кожнага трэба знайсці падыход, з усімі ўзаемадзейнічаць. Аднак, па словах гераіні, калі любіш сваю справу і разумееш, у чым важнасць, усе цяжкасці пераходзяць на другі план і з часам зусім знікаюць.
Выхавацельніца працуе ў рознаўзроставай групе, дзе выхоўваюцца дзеці 3-4 і 4-5 гадоў. Гэта асаблівая адказнасць: трэба знайсці падыход да маленькіх “чамучак”.
– Калектыў сустрэў мяне цудоўна. Кожны быў гатовы дапамагчы словам і справай, за мной быў замацаваны настаўнік Анжэла Талан, я вельмі ўдзячная калегам за падтрымку і ўзаемадапамогу. На пытанне, што найбольш падабаецца, суразмоўца адказала без разважанняў: “Абсалютна ўсё”. А самай галоўнай узнагародай называе шчырыя дзіцячыя прызнанні.
– Я лічу, што ў любой прафесіі патрэбныя пэўныя якасці. І выхавальнікі не выключэнне. А галоўнае – чалавечнасць. Таксама важна зразумець дзіця, бо маленькія часта самі не ведаюць, што яны хочуць. І мы вучымся дамаўляцца. Часам бывае складана супакоіць малое, якое плача – значыць, трэба проста пашкадаваць яго. Я выдатна ведаю методыку працы з дзецьмі. Але нельга да ўсіх прымяняць адны і тыя ж метады і правілы выхавання і навучання. Таму стараюся працаваць па сітуацыі. Бо кожнаму трэба нешта сваё. У кагосьці трэба выхаваць спагадлівасць. Хтосьці сціплы – такіх вучыш быць мацней. Калі чую ад выхаванцаў: “Дзіяна Віктараўна, я вас так люблю”, разумею: я на сваім месцы.
Акрамя працы і вучобы ва ўніверсітэце, Дзіяна знаходзіць час для сябе. У вольныя вечары рыхтуецца да сесій, а потым зачытваецца дэтэктывамі. Любіць падарожжы, валейбол і сустрэчы з сябрамі.
Пасля развітання з маладым спецыялістам адразу прыйшла думка: такія педагогі, як Дзіяна – надзейная апора для адукацыі Петрыкаўшчыны. Маладая, энергічная, адданая сваёй справе. І гэта самы лепшы прыклад для яе маленькіх выхаванцаў.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.







Оставить комментарий