Ад сацыялістычных пераўтварэнняў да сучасных рэалій – 65 гадоў на дабрабыт Радзімы

0
75

Я стаю каля прахадной, якая “вывела ў людзі” не адно пакаленне. Хоць яна не завадская, як пяецца ў песні, але за 65 гадоў існавання праз яе прайшлі сотні, калі не тысячы, нашых землякоў не толькі з гарадскога пасёлка Капаткевічы, а і з раёна, вобласці, рэспублікі і, нават, з іншых рэспублік СССР. Для адных арганізацыя стала своеасаблівым працоўным стартам, а для іншых – прафесійным выбарам і справай усяго жыцця.

Гісторыя прадпрыемства непарыўна звязана з Першамаем. 3 мая 1961 года, адразу пасля аднаго з галоўных свят СССР (якое раней святкавалася 1 і 2 мая) на базе раённай трактарна-машыннай станцыі ствараецца Капаткевіцкае будаўніча-мантажнае ўпраўленне ці скарочана БДУ. Новая арганізацыя размясцілася на ўскраіне гарадскога пасёлка, дзе ў хуткім часе пачынае расці мікрараён, які і сёння называюць рускай абрэвіатурай “СМУ”.

Прадпрыемства – адна з усесаюзных сацыялістычных будоўляў 60-х гадоў ХХ-га стагоддзя, калі нашай рэспубліцы былі патрэбны дадатковыя пасяўныя плошчы. У Капаткевіцкае БДУ траплялі, у тым ліку, па камсамольскіх пуцёўках. Арганізацыя хутка развіваецца: каля тысячы супрацоўнікаў, сотні меліарацыйных аб’ектаў у раёне і па-за яго межамі. Будуюцца інтэрнаты, шматквартэрныя дамы, маецца свая крама, сталовая, баня, клуб і бібліятэка, напрыканцы 70-х з’яўляецца ведамасны дзіцячы садок. Па раёну з першымі промнямі сонца пачынаюць курсіраваць “лятучкі”, якія збіраюць працаўнікоў з бліжэйшых вёсак і развозяць на аб’екты.

Так гэта пачыналася. БДУ стала градаўтвараючым прадпрыемствам для гарадскога пасёлка. У 1981 годзе БДУ рэарганізуюць у Перасоўную механізаваную калону-67 – бадай гэтыя гады былі часам росквіту і ўмацавання арганізацыі. Мікрараён побач забудоўваецца добраўпарадкаванымі трох-павярховымі шматкватэрнымі дамамі для работнікаў.
Канец 90-х-пачатак ХХІ стагоддзя былі складанымі для арганізацыі, але яна захавалася.

Узведзеныя арганізацыяй дамы вырашылі жыллёвае пытанне дзясяткаў сем’яў, а будынак клуба быў пераданы Капаткевіцкаму гарадскому дому культуры, дзіцячы садок – аддзелу адукацыі.

Ад сацыялістычных пераўтварэнняў да сучасных рэалій – 65 гадоў на дабрабыт РадзімыУ 2013 годзе ПМК-67 рэарганізована ў Рэспубліканскае дачэрняе ўнітарнае прадпрыемства “Капаткевіцкая перасоўна-механізаваная калона 67”, з 2021 года і па цяперашні час – у філіал “Капаткевіцкая ПМК-67” РУП “Калінкавічыводбуд”.
Чым сустракае юбіляр сваё 65-годдзе, мы пацікавіліся ў Аляксандра Герасіменкі, які з’яўляецца дырэктарам прадпрыемства з лістапада 2022 года.

– У наш час ПМК-67працуе 48 чалавек. Асноўны накірунак работы – меліярацыя – складае 89% ад усіх работ. Напрыклад, зараз працуем на аб’екце “Арэса” агульнай плошчай 616 гектараў паблізу вёскі Камаровічы. Як спецыялісты ў справе меліарацыі, запатрабаваны не толькі ў нашай вобласці, але і ў суседніх: Мінскай і Магілёўскай. Арганізацыя не цураецца ніякой работы, – расказвае кіраўнік. – Не першы год займаемся зносам лядашчых будынкаў, як жылых, так і неэксплуатуймых сельскагаспадарчых. Аказваем дапамогу аграрыям тэхнікай падчас пасяўных і ўборачных работ. Працуем на ачышчальных збудаваннях Калінкавіцкага мясакамбіната. Хоць гэта і не наша спецыфіка, але выконваем работы і на будоўлях. Так тэхніка “Капаткевіцкай ПМК 67” працуе на ўзводзенні фізкультурна-аздараўленчага комплекса ў горадзе Петрыкаве, структурных аб’ектаў Петрыкаўскага рудаўпраўлення.

Пашчыравалі і ў складаную снежную зіму: чысцілі дарогі, вуліцы населеных пунктаў – як і супрацоўнікі іншых арганізацый, якія былі задзейнічаны на барацьбе са снегам, нашы хлопцы працавалі і дзень і ўночы.

Машына-трактарны парк дазваляе прадпрыемству выконваць розныя віды работ: чатыры магутныя МАЗы, сем трактароў, свой аўтакран і грэйзер, навясное абсталяванне для тэхнікі, аўтамабілі для дастаўкі рабочых на аб’екты. Арганізацыя працуе над ўзмацненнем матэрыяльна-тэхнічнай базы. Напрыканцы міналага года набылі ў лізінг экскаватар і бульдозер, навясную касу на трактар.

Маецца ў прадпрыемства і невялікая трэнажорная зала, якую зараз мяркуюць перадаць на безвыплатнай аснове Петрыкаўскай ДЮСШ: зала павінна працаваць для моладзі і жыхароў пасёлка, а для гэтага трэба трэнер, які бу-дзе вучыць юных аматаў цяжкай атлетыкі. Зразумела, што прадпрыемства дапаможа правесці касметычны рамонт.
Вось такія штодзённыя працоўныя клопаты ў філіяла “Капаткевіцкая ПМК 67”.

Я пакідала прадпрыемства, дзе яшчэ можна заўважыць рэчы, якія нагадваюць пра сацыялістычнае мінулае. Але гэта толькі напамін пра пройдзены шлях філіяла, які смела глядзіць у будучыню, захоўваючы слаўныя традыцыі і памятаючы сваіх ветэранаў, якія стаялі каля яго вытокаў.

Ад сацыялістычных пераўтварэнняў да сучасных рэалій – 65 гадоў на дабрабыт Радзімы Ад сацыялістычных пераўтварэнняў да сучасных рэалій – 65 гадоў на дабрабыт Радзімы Ад сацыялістычных пераўтварэнняў да сучасных рэалій – 65 гадоў на дабрабыт Радзімы Ад сацыялістычных пераўтварэнняў да сучасных рэалій – 65 гадоў на дабрабыт Радзімы Ад сацыялістычных пераўтварэнняў да сучасных рэалій – 65 гадоў на дабрабыт Радзімы

Надзея СІГАЙ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о