Наш юбіляр у прадстаўленні не мае патрэбы – Анатолію Адамавічу Грынько з гарадскога пасёлка Капаткевічы 14 чэрвеня споўніцца 80 гадоў.
Народжаны праз год пасля пераможнага маю, наш герой сам – цэлая эпоха творчага шляху служэння музыцы і мастацтву. Ён хлопчык той пары, калі зруйнаваная вайной краіна паднімалася з попелу, а дзеці поруч з дарослымі саджалі, касілі, грэблі сена і да лістапада бегалі ў школу босымі. Ніхто не скардзіўся на цяжкае жыццё – часу для гэтага не было! А вечарамі збіраліся вакол музыкаў: спявалі, танчылі, бавілі час. Наступны працоўны дзень пачынаўся яшчэ да першых промняў сонца. Вось у гэтых умовах гартаваліся характары, якія ў той час характарызавалі як «будаўнікоў сацыялізму», а мы скажам працавітых, мэтанакіраваных і ўпэўненыя у сваіх сілах людзей.
Бацька Анатолія быў вясковым музыкантам, яго рэкорд – 25 вяселляў за адзін сезон. Таму хлопчык з маленства жыў з музыкай побач і іграць на баяне пачаў з 5 гадоў. Затым і гармонік пайшоў у ход. А далей была вясковая школа, дзе Анатолій засвоіў
струнныя інструменты: мандаліну, балалайку і гітару.
Як ішлі ў той час да сваёй мэты? Часта пешшу, як і наш Анатолій, якому не многа не мала такім ходам прыйшлося дабірацца да Гомеля. Так пачынаўся творчы шлях Анатолія Грынько, які не ведаючы нот, паступіў у музычнае вучылішча.
А працягнуўся гэты шлях музычнай дзейнасцю, тысячамі выкананых музычных кампазіцый і сотнямі вучняў, якія неслі музычнае мастацтва далей па жыцці. А яшчэ нашаму Анатолію Адамавічу прысвечана некалькі песен. Напрыклад «Капаткевіцкая полька», якая пачынаецца словамі: «Эй, зайграй нам польку, Толька, не шкадуй гармоніка». Гэта адна з самых запальных песенна-танцавальных кампазіцый ансамбля “Лявоніха”. І гэта зварот менавіта да Анатолія Адамавіча Грынько, які кіруе калектывам апошнія 20 год. Мясцовыя аўтары праславілі выбітнога баяніста ў гэтай песні і, зразумела, гэта песня стала адной са знакавых для калектыву. Неаднаразова пісалі пра Анатолія Адамавіча газеты рознага ўзроўню, яго творчасць вывучалі краязнаўцы. І сур’ёзныя навуковыя выданні не абмінулі таленавітага музыканта сваёй увагай. На старонках тома шостага энцыклапедыі «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў.
Гомельскае Палессе і Падняпроўе» ў кнізе першай мы адшукаем артыкул пра Анатолія Адамавіча, які «адначасова можа іграць на гармоніку-хромцы і на губным гармоніку», у гэтым выданні наш герой названы «самародкам», які засвоіў восем музычных інструментаў! А вось кнігу другую шостага тома гэтай энцыклапедыі, якая расказвае пра танцавальнае мастацтва, адкрывае фота жонкі нашага героя, Ніны Адамаўны са сваім танцавальным партнёрам, Міхаілам Кухарчыкам. Вось такая сям’я захавальнікаў народных музычна-танцавальных традыцый.
Наш юбіляр прайшоў вялікі творчы і жыццёвы шлях і не страціў аптымізму і гумару. Там, дзе з’яўляецца Анатолій Адамавіч адразу расцвітаюць усмешкі і чуецца смех.
Ніхто не можа застацца абыякавым да прыроднай харызмы выбітнога музыканта.
Моцнага здароўя і жыццёвых сіл пажадаем мы юбіляру! Доўгіх гадоў жыцця вам, шаноўны Анатолій Адамовіч.
Надзея СІГАЙ,
фота аўтара.






Оставить комментарий