Гераіня майго аповеду – вясёлая, харызматычная, таленавітая, жанчына – жыхарка гарадскога пасёлка Капаткевічы Алена Маргун. Многія жыхары раёна бачылі яе на сцэне, а то і не раз! Нязменная ўдзельніца самадзейнасці Капаткевіцкага гарадскога дома культуры і Капаткевіцкага сацыяльнага пансіяната “Палессе”, жанчына з калектывамі абкалясіла раён, вобласць і рэспубліку. Яна ўдзельніца шматлікіх фальклорных, этнаграфічных, музычных і танцавальных конкурсаў і фестываляў.
Алена Васільеўна аднолькава добра выконвае песні як сольна, так і ў складзе дуэта ці ансамбля, танчыць. Акрамя гэтага ў жанчыны талент камедыйнай артысткі, які яна з задавальненнем рэалізуе падчас канцэртаў у гумарыстычных мініяцюрах, казках, спяктаклях.
Калі Алена выходзіць на сцэну выконваць сольныя нумары, то больш нагадвае нейкую оперную дзіву і ніколі не здагадаешся, што яна ў час прафесійнай дзейнасці дапамагае пражываючым сацыяльнага пансіяната прымаць банныя працэдуры.
Гераіня з маленства танцавала і спявала. У першым класе дзяўчынка пачала наведваць дзіцячы ансамбль танца ў Капаткевіцкім гарадскім доме культуры, адначасова займалася і ў танцавальным гуртку Капаткевіцкага дома піянераў. У гэтай жа ўстанове таленавітая выхаванка займалася яшчэ і спевамі. У Капаткевіцкай сярэдняй школе таксама ні адзін канцэрт не абыходзіўся без песень Алены. Творчыя заняткі не перашкаджалі дзяўчынцы сур’ёзна займацца валейболам, наведваць секцыю па гэтым відзе спорту і ўдзельнічаць у спаборніцтвах.
Пасля заканчэння школы зямлячка атрымоўвала спецыяльнасць у Гомелі і нейкі час там працавала.
Вярнуўшыся ў родныя Капат-кевічы і падгадаваўшы дзвюх старэйшых дачушак, у 1997 годзе жанчына стала ўдзельніцай народнага ансамбля песні, музыкі і танца “Лявоніха”. Акрамя таго практычна столькі ж жанчына ўдзельнічае ў самадзейнасці Капаткевіцкага сацыяльнага пансіяната “Палессе” (раней Капаткевіцкага дома-інтарната для састарэлых і інвалідаў). Быў невялікі перапынак у творчай дзейнасці ў перыяд знаходжання ў час адпачынку па доглядзе за трэцяй дачушкай, а ўвесь астатні час Алена радуе нас сваім талентам.
Сама спявачка прызнаецца, што ёй даспадобы ўсё песні, але завадныя, тэмпераментныя яна любіць больш. Прыродная харызма, экспрэсіўнасць дазваляе “завесці” аўдыторыю, разварушыць іх, абудзіць эмоцыі, пакінуць моцнае ўражанне ў душах гледачоў.
Какетлівая “кумачка”, экспрэ-сіўная “спакусніца”, яркая выка-наўца бытавых і сцэнічных народных танцаў, выбітная ўдзельніца самадзейнага ансамбля, смешная “Клава” ці вельмі вялікая гарэзная мыш – гэта ўсё пра Алену Маргун.
Калі вы ўбачыце нашу гераіню на сцэне, пачуеце яе выкананне ці паглядзіце гумарыстычную сцэнку з яе ўдзелам – то, паверце, вы яе ўжо не забудзеце!
І калі нехта вам скажа, што цяжка сумяшчаць працу і ўдзел у самадзейнасці – не верце, Алена Маргун робіць гэта на працягу амаль трох дзесяцігоддзяў і супыняцца не збіраецца!
Надзея Сігай,
фота аўтара.








Оставить комментарий