Голас Расіі з палесскай душой

0
636

Голас Расіі з палесскай душойПесня вяла за сабою і вызначыла яе далейшы лёс – так можна сказаць пра творчы шлях Валянціны Пальвінскай, спявачкі, педагога, заслужанай (1962 год) і народнай (1979 год) артысткі РСФСР. Тыя, хто знаёмы з творчасцю нашай выбітнай зямлячкі, ставяць яе на адну прыступку з Людмілай Зыкінай і Вольгай Варанец.

А нарадзілася Валянціна Дзмітрыеўна ў горадзе Петрыкаве ў 1929 годзе ў сям’і рабочых. Маці дзяўчынкі добра пела і перадала дачцы любоў да народнай песні. У 1952 годзе наша зямлячка пачынае працаваць у бібліятэцы горада Петрыкава. Займаецца самадзейнасцю, з’яўляецца ўдзельніцай народнага хору Петрыкаўскага раённага Дома культуры.

Голас Расіі з палесскай душойПа ўспамінах старажылаў, голас дзяўчыны зачароўваў, на канцэрты прыходзілі дзеля таго, каб пачуць спевы Валянціны. У 1953 годзе хор Петрыкаўскага раённага дома культуры прымаў удзел у рэспубліканскім аглядзе калектываў народнай самадзейнасці.

Адным з прысутных быў Генадзь Цітовіч, які запрасіў самадзейную спявачку працаваць да сябе ў калектыў. Валянціна становіцца салісткай Дзяржаўнага Беларускага народнага хору, адначасова вучыцца вакальнаму мастацтву.

Гэта прыносіць свой вынік: у 1955 годзе ў складзе хору зямлячка выступала на V Міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў у Варшаве, дзе была адзначана залатым медалём. У 1957 годзе Валянціна Дзмітрыеўна становіцца лаўрэатам VI Міжнароднага фестывалю моладзі і студэнтаў у Маскве.

У 1958 годзе жанчына пераязджае ў Расійскую Федэрацыю і становіцца салісткай рускага хору песні і танца Смаленскай абласной філармоніі, а з 1963 года – салісткай-вакалісткай гастрольнага эстраднага калектыву філармоніі. Акрамя гэтага, яна працавала з Дзяржаўным нацыянальным аркестрам рускіх народных інструментаў імя М.П.Осіпава, з хорам імя М.Я. Пятніцкага і іншымі творчымі калектывамі Расканцэрта.

Голас Расіі з палесскай душойРэпертуар Валянціны Пальвінскай – сотні беларускіх і рускіх народных песен, старадаўніх рамансаў і твораў савецкіх кампазітараў. З гастролямі спявачка аб’ехала амаль усе гарады Савецкага Саюза. Голас таленавітай паляшучкі гучаў ад Камчаткі і Сахаліна да Прыбалтыкі, яна дарыла сваю творчасць будаўнікам БАМа і КАМАЗа, супрацоўнікам Байканура. Дзе б не спявала зямлячка, са сцэны гучалі і нашы родныя, беларускія песні. Кожны канцэрт меў вялікі поспех у слухачоў.

Гераіня актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці, абіралася дэпутатам Смаленскага абласнога Савета народных дэпутатаў.
У 1985 годзе Валянціна Дзмітрыеўна пераехала ў горад Арол, дзе да 1995 года была салісткай Арлоўскай дзяржаўнай філармоніі. З 1998 года і да канца жыцця займалася педагагічнай дзейнасцю ў Арлоўскай харавой школе і Арлоўскім музычным вучылішчы.
Памерла Валянціна Дзмітрыеўна ў 2006 годзе, але пакінула пасля сябе вялікую творчую і педагагічную спадчыну, якая натхняе прыхільнікаў народнай творчасці і сёння.

У Арлоўскім музычным каледжы праводзіцца абласны конкурс выканаўцаў рускай народнай песні імя народнай артысткі РСФСР Валянціны Дзмітрыеўны Пальвінскай “Я спяваю пра Радзіму сваю…”, у 2026 годзе ён адбыўся ў восьмы раз. У гэтым творчым спаборніцтве прымаюць удзел юныя таленты ад 6 да 18 гадоў.

Імя Валянціны Пальвінскай, спявачкі і педагога з палескімі каранямі, годна ўпісана ў творчую песенную спадчыну Беларусі і Расіі.

Надзея СІГАЙ,
фота з сеткі інтернет.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о