Веснавыя клопаты “Пціч-Агра”

0
65

На Петрыкаўшчыне працягваецца пасяўная кампанія. Пацяплела, прыйшоў час для “каралевы палёў” – кукурузы. Гэта расліна трывала ўвайшла ў спіс сельскагаспадарчых культур, якія актыўна культывіруюцца ў нашым рэгіёне.

Веснавыя клопаты “Пціч-Агра”Карэспандэнт “Петрыкаўскіх навін” завітала ў ААТ “Пціч-Агра”, каб даведацца пра веснавыя клопаты аграрыяў і асаблівасці пасяўной кампаніі ў гаспадарцы.

– Адзін з першых клопатаў аграрыяў па вясне – узбагаціць глебу мінераламі і арганічнымі рэчывамі. “Пціч-Агра” не выключэнне: з пачаткам сезону на палі ўнесены азотныя і калійныя ўгнаенні, на плошчах пад кукурузу – арганіка. Гэта ўжо пройдзены, але важны і неабходны этап, – адзначае ўпраўляючы Алег Козінец. Азімыя культуры – ячмень, жыта, пшаніца і трыцікале – паспяхова перажылі зімовыя ўмовы, хаця надвор’е было і не вельмі добрым для іх. Вясной зерневыя падкармілі сухімі азотнымі ўгнаеннямі і КАСамі. На ўсіх 1100 гектарах азімых пасеваў было праведзена дзве такія падкормкі. Работнікі гаспадаркі ўжо прыступаюць да хімічнай праполкі азімых культур.

Пачалі з пшаніцы, зараз наступіла чарга ячменю. Сеў яравых культур у гаспадарцы паспяхова скончаны, пасеяна 570 гектар аўса, 50 гектар гароху ў чыстым выглядзе.
Пад кукурузы падрыхтавана 1600 гектараў: на зерне 400 і на сілас 1200 гектараў. Ужо засвоена чвэрць гэтай плошчы. Работы плануем скончыць да 15 мая, затым пачнецца нарыхтоўка кармоў.

Веснавыя клопаты “Пціч-Агра”Кармавая база ў гаспадарцы значная: 360 гектар люцэрны, 40 гектар сурэпіцы, увесь цыкл кармавых траў: канюшына, цімафееўка і іншыя, але для іх нарыхтоўкі час яшчэ не надышоў. Парадку 2000 гектар плошчы ў гаспадарцы – поймавыя лугі – ад Петрыкава да Беседак. На іх праводзіцца нарыхтоўка разнатраўя на корм буйной рагатай жывёлы і закладкі сенажу. Але там нарыхтоўка пакуль немагчыма з-за таго, што лугі падтопленыя. Аграрыі чакаюць, пакуль вада сыдзе і можна будзе прыступаць да нарыхтоўкі.

У полі каля вёскі Рог працавалі дзве адзінкі тэхнікі: ішла падрыхтоўка глебы і непасрэдна сеў кукурузы. Акрамя гэтага, работы вядуцца і каля вёскі Конкавічы: там працуюць тры адзінкі на падрыхтоўцы глебы і тры адзінкі на сяўбе “каралевы палёў”.
Калі сеялка спынілася, каб папоўніць запасы насення, Алег Георгіевіч пазнаёміў з механізатарам Віктарам Герасіменкам. Трактарыст аказаўся нешматслоўным, імкнуўся хутчэй вярнуцца да працы, як вопытны аграрый разумеў: “вясенняя гадзіна год корміць”.

Па словах Алега Козінца, Віктар Фёдаравіч адзін з лепшых механізатараў гаспадаркі, перадавік вытворчасці, які ў дасканаласці валодае ўсімі асноўнымі агратэхнічнымі працэсамі: вывазка і разбіўка арганікі, пасеў, укос траў і іншымі.
Ля вёскі Радкаў поле гаспадаркі радуе жоўтымі кветачкамі азімай сурэпіцы, па другі бок дарогі набірае сваю моц рапс. Сурэпіца будзе падкошвацца і скормлівацца жывёле, якая стаіць на стойлавым утрыманні. Гэта культура змяшчае вялікую колькасць бялка, што з’яўляецца важным як для прывагі, так і для захавання надояў малака.
Падчас размовы звярнула ўвагу, што за меліярацыйным каналам на свежай зеляніне мірна пасуцца 400 “рагуль”.

Веснавыя клопаты “Пціч-Агра”– Малочна-таварная ферма ў гаспадарцы толькі адна, тут, у вёсцы Рог. Сцельных кароў трымаем на стойлавым утрыманні, а вось дойны статак прыпасваем, – патлумачыў Алег Георгіевіч. – Прытрымліваюся думкі, што такі “выгул” карысны для кароў: сонца, свежае паветра, трава, рух, зноў жа, вітамін Д. Ходзяць каровы не доўга – 3-4 гадзіны “падыхаць свежым паветрам”, а затым статак ідзе ў хлеў, дзе для іх ужо накрытыя кармавыя “сталы”.

Калі размова перайшла да тэхнікі, кіраўнік пазначыў, што з усімі сельскагаспадарчымі пытаннямі ААТ “Пціч-Агра” спраўляецца сваімі сіламі, акрамя таго гаспадарка аказвае дапамогу суседнім сельгаспрадпрыемствам трактарамі пры неабходнасці. Механічны парк аднаўляецца: на сродкі бюджэта ўвосень набылі МАЗ і МТЗ 35-22, што стала добрым падспор’ем для гаспадаркі.

Вясна – час закладкі будучага ўраджая, ад дакладнага выканання ўсяго цыклу агратэхнічных работ залежыць вынік, і гэта добра разумеюць у ААТ “Пціч-Агра”.

Надзея СІГАЙ,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о