Людзі з чулым сэрцам

0
35

Людзі з чулым сэрцам14 чэрвеня у Беларусі адзначаецца Сусветны дзень донара крыві. У гэты дзень мы выказваем падзяку людзям, якія добраахвотна здаюць кроў, неабходную для выратавання чалавечага жыцця. Прыемна, што на Петрыкаўшчыне таксама ёсць людзі, чыя адказнасць заслугоўвае асаблівай увагі.

Кожны трэці жыхар планеты хоць раз у жыцці мае патрэбу ў пераліванні крыві, але рэгулярна здаваць кроў гатовы адзінкі. І толькі дзякуючы донарству магчыма забяспечыць гэту жыццёвую неабходнасць. Кожны, хто прымае рашэнне стаць донарам, робіць свой унёсак у сітуацыю, дзе ні адзін пацыент не застанецца без неабходнай трансфузіі, а своечасовае лячэнне стане рэальнасцю для ўсіх.
Уладзіслаў Кавальскі і Віктар Прышчэпа з’яўляюцца Ганаровымі донарамі Рэспублікі Беларусь, якія адзначаны нагрудным знакам Міністэрства аховы здароўя. Іх донарская гісторыя налічвае больш за 10 гадоў.

Як усё пачыналася?

Абодва нашы землякі – таварышы па службе органаў унутраных спраў. У 2013 годзе паступіла прапанова ад кіраўніцтва: далучыцца да добраахвотнай акцыі здачы крыві.
– Тады мы працавалі побач, адразу пагадзіліся, – успамінае Віктар Георгіевіч. – Канечне спачатку было хваляванне: а можа не падыдуць аналізы? Але медыцынскія работнікі ў Мазырскай станцыі пералівання крыві пацвердзілі – здароўе дазваляе. З першай жа здачы зразумелі: гэта не проста медыцынская працэдура, гэта – выратаванне.
З часам калегі па службе ператварылі дадзены працэс у традыцыю. І па сённяшні дзень займаюцца гэтай высакароднай справай.
На пытанне, чаму яны гэта робяць, Уладзіслаў Анатольевіч адказвае проста:
– Уявіце: напрыклад вы едзеце па дарозе і бачыце аварыю. Вы ж спыніцеся? Вы ведаеце, што ваша група крыві рэдкая, а ў бальніцы не хапае. Ці будзеце думаць пра сябе? Донарства – гэта магчымасць дапамагчы чалавеку. Мне здаецца, вельмі важна, каб людзі, якія маюць патрэбу ў пераліванні крыві, былі ўпэўнены, што яны не адны са сваёй бядой, што ім дапамогуць.
– Я не ведаю, каму канкрэтна дапамог. Магчыма, маці, якая нараджала дзіця, або ветэран, які трапіў у рэанімацыю. Дзяржава ўзнагародзіла нас знакамі, але галоўная ўзнагарода – гэта дапамога пацыенту, якога мы ніколі не сустрэнем, – дадае Віктар Георгіевіч.

Як стаць Ганаровым донарам

Шлях да звання Ганаровага донара ў Беларусі патрабуе пэўнай самааддачы і рэгулярнасці. Каб атрымаць гэты пачэсны статус, неабходна бязвыплатна здаць кроў 20 раз і 40 раз здаць яе кампаненты (плазму, лейкацыты, трамбацыты). Платнае донарства таксама ўлічваецца: 40 раз здаць кроў і 80 раз яе кампаненты. Уладзіслаў і Віктар, пераадолеўшы гэтыя рубяжы, сталі прыкладам для многіх. За гады свайго донарства яны сумарна здалі кроў больш за 280 раз.
Напрыканцы гутаркі героі артыкула пажадалі будучым і сёняшнім донарам моцнага здароўя, чулых людзей побач, больш прыемных момантаў, каб кожны дзень “гармоны шчасця” траплялі ў вашу кроў. І ўсё роўна, па якіх прычынах вы прыйшлі на станцыю пералівання крыві, важна тое, што пасля – свет абавязкова стане лепш.

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о