Зямля – галоўнае багацце. Прафесійнае свята адзначаюць землеўпарадкавальнікі Петрыкаўшчыны

0
599

21 лютага работнікі землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы Беларусі адзначаюць сваё прафесійнае свята. Днямі мы сустрэліся са спецыялістамі аддзела землеўпарадкавання райвыканкама, каб папрасіць расказаць чытачам пра асаблівасць іх працы.

Зямля – галоўнае багацце. Прафесійнае свята адзначаюць землеўпарадкавальнікі Петрыкаўшчыны
Сёння сваё прафесійнае свята адзначаць землеўпарадкавальнікі Петрыкаўшчыны: Аліна Кавалёва, Алена Скрупская, Надзея Будовіч-Ярмак і Вольга Тарасевіч

Надзея Будовіч-Ярмак працуе ў аддзеле ўжо 29-ы год, а з лістапада 2022 года ўзначальвае яго.
– Варта адзначыць, што Гомельшчына ў галіне землеўпарадкавання ўжо каля дзесяцігоддзя з’яўляецца хіба ці не самым выніковым рэгіёнам краіны. Калі ў сферы нашай дзейнасці з’яўляюцца новаўвя-дзенні, накіраваныя на паляпшэнне ўзаемадзеяння з землекарыстальнікамі, то ўжываюцца яны менавіта ў нашай вобласці, а потым гэты вопыт пераймаюць калегі па ўсёй Беларусі. Прыемна адзначыць, што сярод іншых раёнаў Гомельшчыны мы заўсёды былі на добрым рахунку.

Сярод станоўчым момантаў, петрыкаўскія землеўпарадкавальнікі былі адзначаныя за актыўную работу па навядзенні парадку на землях, што не выкарыстоўваюцца, эфектыўныя меры па падтрыманні парадку на сельскагаспадарчых аб’ектах і прылягаючых да іх тэрыторыях, работу па ўліку ў фондзе пераразмеркавання зямель, – адзначыла Надзея Міхайлаўна.

Зараз служба надае асаблівую ўвагу зваротам грамадзян, якіх апошнім часам стала больш. Таксама вырашаецца пытанне атрымання ўчасткаў для індывідуальнага будаўніцтва і актыўна тлумачыць насельніцтву новаўвядзенні ў зямельным заканадаўстве, што тычацца, у першую чаргу, так званай амністыі на зямельныя ўчасткі і пра якія мы дэталёва пісалі ў № 4 ад 14 студзеня 2023 года.
Спецыялісты займаюцца афармленнем зямельных дакументаў для прыватных і юрыдычных асоб і прадпрыемстваў. Рыхтуюць праекты адводу і ажыццяўляем перадачу іх у праектны інстытут “Гомельгіпразем”, папаўняюць зямельную інфармацыйную сістэму, па сутнасці штодня ўдакладняючы карту нашага раёна.

За мінулы год землеўпарадкавальнікі аформілі 585 рашэнняў. Што тычыцца фактаў парушэння зямельнага заканадаўства, то спецыялісты выпісалі 491 прадпісанне і 28 пратаколаў. Але, па перакананні землеўпарадкавальнікаў Петрыкаўшчыны, жыхары раёна ў пытанні навядзення парадку на зямлі сталі больш дысцыплінаванымі. Калі раней пабачыць дровы ці пясок, скінутыя каля плоту домаўладанняў у сельскім населеным пункце, было справай звычайнай, то зараз такая неахайнасць усё больш становіцца рэдкасцю.
Напрыканцы нашай гутаркі спецыялісты аддзела землеўпарадкавання, карыстаючыся выпадкам, параілі землякам з большай павагай адносіцца да зямлі, у тым ліку – прылягаючай да іх участка тэрыторыі, не забывацца наводзіць парадак, падкошваць расліннасць у цёплы сезон. Ну і, вядома, захоўваць добразычлівыя зносіны з суседзямі, бо здараліся выпадкі, калі гаспадары сварацца за 5 сантыметраў мяжы. – Зразумела, мы не адмаўляемся ад сваёй работы, выязджаем на месца і, як кажуць, па нітцы вызначаем дакладныя межы ўчасткаў. Але часам здараецца так, што пасля эмацыйных спрэчак, калі на месца прыбывае землеўпарадкавальнік, суседзі паспяваюць памірыцца і сустракаюць нас са словамі: “А чаго вы прыехалі? Мы ўжо пра ўсё дамовіліся і зноў жывем у ладзе!”, – з усмешкай напярэдадні свайго свята падзяліліся спецыялісты.

Мы віншуем аддзел землеўпарадкавання Петрыкаўшчыны са святам і дзякуем за пільны кантроль хіба не самага дарагога, што ёсць у гаспадароў – нашай зямлі.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о