Культурны код Палешукоў

0
217

Культурны код Палешукоў

Напярэдадні свята Працы Палац Рэспублікі сабраў больш за дзве тысячы гледачоў на гала-канцэрт Гомельскай вобласці “Галасы Палесся ў прасторах сусвету” ў рамках рэспубліканскага фестывалю “Беларусь – мая песня”. Мерапрыемства наведала і дэлегацыя з Петрыкаўшчыны.

Сустракалі гасцей фестывалю ў фае Палаца Рэспублікі салісты камернага аркестра Гомельскай абласной філармоніі. Арганізаваныя фотазоны, выстава мастакоў вобласці надавала культурны тон маючай адбыцца канцэртнай праграме. Для ўсіх ахвочых на другім паверсе разгарнулася маштабная экспазіцыя элементаў культурнай спадчыны нашага краю. “Гомельшчына: ад традыцый да сучаснасці”. Госці ўбачылі, як развіваюцца ў регіёне народныя традыцыі – для ўдзелу ў выставе былі запрошаны шэсцьдзясят калектываў Гомельшчыны. Там жа было прадэманстравана рамяство ткацтва, у прыватнасці, знакамітыя неглюбскія ручнікі. Удзельнічаць у такога роду мерапрыемстве – незабыўная падзея. Убачанае на выставе ўражвала і прымушала прысутных “перагарнуць” старонкі гісторыі. Вакол адчувалася атмасфера свята. Дэлегацыі з усіх куткоў краіны з радасцю і цікавасцю гаворылі пра Гомельшчыну, яе людзей і дасягненні.
Канцэртная частка мерапрыемства прадэманстравала наколькі артыстычная, таленавітая і шматгранная палеская зямля. Ярка, эмацыйна, феерычна. Сотні галасоў зліліся ў адзін хор, які ўслаўляў любімы куток. Звыш тысячы артыстаў паказалі на галоўнай сцэне краіны дзевятнаццаць разнастайных нумароў. Асноўная тэма – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а сюжэт і канцэпцыю пабудавалі на сімвалах неглюбскага ручніка ў 120 узорах-сімвалах якога ўтоены светапогляд беларускага народа. На працягу дзвюх гадзін гледачы адказвалі на пытанне: які ён, культурны код палешукоў? Прысутныя ўбачылі, што значыць быць гуманістамі, патрыётамі, любіць родны край і аддаваць усе сілы для дабрабыту землякоў.
Канцэртная праграма завяршылася выхадам на сцэну кіраўніка Гомельскай вобласці Івана Крупко, які падзякаваў артыстам за іх працу і талент. Губернатар адзначыў, што на сцэну Палаца Рэспублікі сёння выходзілі лепшыя прадстаўнікі культуры вобласці. Краю ёсць што паказаць і кім ганарыцца. Артысты з Гомельшчыны прымусілі шматтысячную залу захапляцца Палескай зямлёй, яе людзьмі, паважаць іх традыцыі і працу. “Мы жывем, мы развіваемся, мы дасягаем новых вяршынь, працуем у імя міру і дабрабыту роднай краіны. Мы любім цябе, Гомельшчына!” – адзначыў Іван Іванавіч.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о