Перамелецца – мода будзе. Калекцыя адзення адзначала на прэстыжным конкурсе

0
432

7-8 чэрвеня праходзіў XXXII Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды” ў Мінску. Калекцыя адзення “Абярэгі душы”, прадстаўленая Петрыкаўскім цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі, адзначана дыпломам ІІІ ступені.

Як расказала дырэктар Цэнтра творчасці Надзея Слабадзянюк, у фінале фестывалю-конкурсу была прадстаўлена 61 калекцыя маладых беларускіх дызайнераў з усіх рэгіёнаў Беларусі. Гэтыя калекцыі ўпершыню былі паказаны на вялікім подыўме, якія спецыяльна ствараліся для “Млына моды” ва ўзаемадзеянні з прафесіяналамі моды. Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 75 дызайнераў.

Перамелецца – мода будзе. Калекцыя адзення адзначала на прэстыжным конкурсе

“Гэта неверагодны для мяне досвед, унікальная магчымасць убачыць і пазнаёміцца з унутранай кухняй такога маштабнага праекту як “Млын моды”, але трэба зрабіць удакладненне, што конкурс не зусім мой. Усё ж такі “Тэатр мод” – гурток, які я вяду, мае іншы фармат работы. Калі параўноўваць з Млынам, то туды дызайнеры ехалі, каб заявіць пра сябе, прасунуць свой бізнес. Гэта выдатны старт для тых, хто будзе ў будучыні выпускаць адзенне ў вялікіх маштабах.

Як наша калекцыя патрапіла на конкурс дызайнераў? Адбор праводзіў Нацыянальны цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, ды і да таго ж мы былі заўважаны на іншых прэстыжных конкурсах, напрыклад, на рэспубліканскім “Прывітанне, свет!” мы занялі 3 месца. Са мной звязаўся кіраўнік Нацыянальнага цэнтра і прапанаваў прыняць удзел.
Па словах Надзеі Леанідаўны, падрыхтоўка да паказу была не менш хвалюючай і нават складанай.

“Усе дызайнеры кантралявалі працэс і па факце большую частку былі за кулісамі, дапамагалі збірацца мадэлям. Некалькі гадзін мы разам з памочнікамі прымяралі адзенне на дзяўчынак, каб яно на іх ладна сядзела, потым яе выгладжвалі, глядзелі, каб усё было хораша. На жаль, мае петрыкаўскія дзяўчынкі не змаглі прыняць удзел, Нацыянальны цэнтр прапаноўваў сваіх мадэляў.

Для дызайнераў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, былі арганізаваны розныя майстар-класы, знаёмствы з іншымі знакамітымі майстрамі з Санкт-Піцербурга. Цікавай была анлайн-канферэнцыя з італьянскім дызайнерам. Калі коратка, то ўсе тры дні, што я знаходзілася на “Млыне моды”, прайшлі ў рэжыме нон-стоп. Хачу яшчэ раз падзякаваць усім арганізатарам за магчымасць паказаць, што наша калекцыя, няхай і з правінцыі, але нічым не горшая за сталічныя і нават еўрапейскія”.
Гэта ўжо не першая прэстыжная ўзнагарода петрыкаўскага “Тэатра мод”. Віншуем яго кіраўніка Надзею Слабадзянюк з пачэснай адзнакай!

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о