“Знайшоў – не радуйся, страціў – не сумуй”

0
546

Сёння адзначае юбілей вядомы на Петрыкаўшчыне чалавек – Анатоль Мячын. Многія ведаюць яго як прадпрымальніка, што займаецца дабрачыннасцю. Мы сустрэліся з Анатолем Уладзіміравічам і пагутарылі пра бізнес і жыццё, дасягненні і планы.

“Знайшоў – не радуйся, страціў – не сумуй”

– Анатолій Уладзіміравіч, раскажыце адкуль вы, як вырашылі распачаць сваю справу?
– Сам я родам з Ляскавічаў. Скончыўшы школу, паступіў у Буда-Кашалёўскі саўгас-тэхнікум, што зараз з’яўляецца аграрна-тэхнічным каледжам. Пасля была служба ў Савецкай Арміі. Дэмабілізаваўшыся, я вярнуўся ў родныя мясціны і працаўладкаваўся ў Галубіцкую гаспадарку, паралельна атрымліваў вышэйшую адукацыю ў Інстытуце механізацыі сельскай гаспадаркі. Працаваў на пасадзе галоўнага энергетыка, а ў 1991 годзе атрымаў дыплом. Разваліўся Савецкі Саюз і наступіў цяжкі час. Таму, у 1996 годзе я вырашыў адкрыць сваю справу і заняўся дрэваапрацоўкай у Галубіцы, стварыўшы малое прадпрыемства, якое з цягам часу ператварылася ў ЧПУП “Алімп і К”. У 2000 годзе адкрыў АЗС у вёсцы Радкаў, праз шэсць гадоў свае дзверы для наведвальнікаў адчыніла першая ў горадзе крама запчастак “Аўтасвет”, у 2009-м з’явілася крама будаўнічых матэрыялаў, што зараз называецца “Тавары для дома” і знаходзіцца па адрасе Валадарскага, 1, а яшчэ праз год мы выкупілі памяшканне і пачала працаваць прадуктовая крама “Алімп”.

– Большасць прыватнікаў займаюцца бізнесам у пэўнай галіне. Вы ж развівалі справу і ў дрэваапрацоўцы, і ў продажы паліва, і ў гандлі. Чым абумоўлены такія рознабаковыя інтарэсы?
– Такая ў мяне выбудоўвалася стратэгія. У сярэдзіне 90-х гадоў пастаўкі лесу ішлі з перабоямі. Запраўка дазволіла не толькі задаволіць патрэбы насельніцтва, але і стварыць з лесагаспадарчымі арганізацыямі надзейны бартар – мы забяспечвалі іх палівам, яны тэрмінова разлічваліся дрэвам, усе выходзілі на прыбытак. Шчыра, менавіта АЗС і дапамагла ў тыя часы ўтрымаць наша дрэваапрацоўчае прадпрыемства, як кажуць, на нагах.
Прыкладна тое ж і з гандлем: людзям заўсёды патрэбны аўтазапчасткі, будаўнічыя матэрыялы, прадукты харчавання.

– Вы ўяўлялі ў маладосці, што ваша жыццё будзе складацца менавіта такім чынам? Магчыма, вы з юнацтва марылі пра сваю справу?
– Зусім не. Мае бацькі – людзі простыя. Тата Уладзімір Васільевіч працаваў усё жыццё вадзіцелем, матуля Ганна Дзмітрыеўна – медыцынскай сястрой. Напачатку свайго працоўнага шляху я марыў удасканальвацца ў сваёй прафесіі і шчыра працаваць. Калі і былі амбіцыі – то самыя сціплыя, як і ва ўсіх маладых людзей: быць на-дзейным і кемлівым спецыялістам, зрабіць некалькі крокаў па службовай лесвіцы – зусім не з прагі да ўлады, а хутчэй з пачуцця таго, што буду годнай зменай старэйшым калегам.
Але ў 90-я гады на здзяйсненне такіх мар спадзявацца не выпадала. Уявіце самі, ты працуеш і бачыш, як гаспадарка літаральна развальваецца. Вось і вырашыў накіраваць свой энтузіязм у бізнес.

– Адзначце сваю галоўную якасць як бізнесмена, калі ласка.

– Я даволі лёгка сыходжуся з людзьмі і разам мы хутка знаходзім агульныя інтарэсы. Але тут ёсць і адваротны бок. Не раз мяне спрабавалі падмануць, ці наўпрост не выконвалі партнёрскія абавязацельствы. Даўжнікоў перад нашым прадпрыемствам і зараз хапае. Але кожны прадпрымальнік ведае, што яго справа звязана з эканамічнай рызыкай, таму на ўсе страты я намагаюся глядзець, як кажуць, па-філасофску. Тым больш, калі памыліўся з выбарам партнёра, гэта таксама добры ўрок – каб у наступны раз быў больш пільным. Таму я намагаюся жыць па прынцыпе народнай мудрасці: “Знайшоў – не радуйся, страціў – не сумуй”.

Акрамя ўласных якасцяў вялікую ролю адыгрываюць і людзі, што знаходзяцца побач. Я бязконца ўдзячны сваёй жонцы, Галіне Іванаўне, якая ўсё жыццё працавала ўрачом-стаматолагам, а зараз на заслужаным адпачынку. Яна заўсёды падтрымлівала мяне, чакала з дальніх камандзіровак, супакойвала, разумеючы мае хваляванні.

– Вашае прадпрыемства займаецца дабрачыннасцю. Вы атрымалі Ордэн Серафіма Сароўскага ад патрыярха Алексія, медаль Алексія Лельчыцкага ад епіскапа Тураўскага і Мазырскага Леаніда. Дапамога, гэта таксама прынцып?
– Дапамагаючы людзям я адчуваю сябе патрэбным. Гэта вельмі важна, калі робіш карысную справу і атрымліваеш пры гэтым маральнае задавальненне. Пэўна, кожнаму чалавеку прыемна прымаць удзячнасць ад людзей, што жывуць побач. Чаму не дапамагчы, калі я маю магчымасць, а нехта – вялікую патрэбу?!

“Знайшоў – не радуйся, страціў – не сумуй”
Ордэн Серафіма Сароўскага
“Знайшоў – не радуйся, страціў – не сумуй”
Медаль Алексія Лельчыцкага
“Знайшоў – не радуйся, страціў – не сумуй”
Епіскап Гомельскі і Жлобінскі Стэфан уручае чарговую ўзнагароду Анатолю Мячыну

– Вы дасягнулі мэт, якія ставілі ў жыцці? Падзяліцеся, калі ласка, сваімі планамі.
– Зараз я ўжо не маю намеру адкрываць нейкія новыя аб’екты. Галоўная задача – умовы для належнай дзейнасці ўжо створанага. У “Алімп і К” працуе 26 чалавек, таваразварот за 2022 год склаў 1 мільён 740 тысяч рублёў. Сярэдні заробак па прадпрыемству – 902 рублі. У “Алангандаль” зараз створана 13 працоўных месцаў.
Што да асабістага жыцця – то мы будуем дом у Галубіцы, куды і плануем перабрацца. Там у нас свой падворак, вытворчасць, недалёка рака і мне даспадобы палавіць рыбу на спінінг. Увогуле, я вельмі люблю гэтую вёску, бо там пачынаў працоўны шлях, пражыў 20 гадоў, там скончылі школу мае дачушкі Ганна і Алеся. Там мяне абралі дэпутатам сельскага Савета, а я, у сваю чаргу, намагаюся дапамагаць насельніцтву. Людзі ў вёсцы працавітыя і ўсе просьбы, з якімі яны звяртаюцца – працоўнага характару: дапамагчы матэрыялам, тэхнікай для агульнай карысці.
Пэўна, усё, што хацеў здзейсніць – атрымалася. Не пра што не шкадую.
Нам застаецца толькі падзякаваць Анатолю Мячыну за шчырую гутарку і павіншаваць яго з юбілеем. Няхай ён і яго блізкія будуць здаровымі, а справа развіваецца!

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о