Чарговыя перамогі на сталічных сцэнах!

0
352

Чарговыя перамогі на сталічных сцэнах!

Днямі мы завіталі ў гімназію горада Петрыкава з цудоўнай нагоды: артысты ўстановы адукацыі былі ў чарговы раз адзначаны прызамі творчых конкурсаў.

Работу з гімназічным тэатрам, дзе займаюцца вучні 11-13 гадоў пачынала настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Вольга Марцынкевіч. З цягам часу ў тэатральнай супольнасці гімназіі з’явіўся яшчэ адзін напрамак: вучні старэйшых класаў ладзілі пастаноўкі на замежных мовах пад кіраўніцтвам настаўніка англійскай мовы Ірыны Рагалевіч.

Сёлета калектывы ўзялі ўдзел у двух конкурсах. Вольга Мікалаеўна падзялілася: “Спачатку ў сталіцы нашай краіны праходзіў фестываль-конкурс “Крыштальны васілёк”, які аб’яднаў таленавітых дзяцей з творчымі выступленнямі ў розных жанрах. Нашая група рыхтавала тэатральную пастаноўку “Мышы”, сюжэт якой расказвае пра каралеўскую сям’ю і сям’ю грызуноў, супрацьстаянне якіх з цягам часу ператвараецца ў сяброўства і мірнае суіснаванне. Па выніках конкурсу работа атрымала самую высокую адзнаку і калектыў быў узнагароджаны дыпломам І ступені”.

“Мы выступалі ў групе, што аб’ядноўвала тэатралаў больш старэйшага ўзросту – 15-18 гадоў, з пастаноўкай на англійскай мове па матывах казак пра Малыша і Карлсана вядомай шведскай пісьменніцы Астрэд Ліндгрэн. Наша работа была адзначана дыпломам ІІІ ступені”, – адзначыла Ірына Міхайлаўна.

 

Чарговыя перамогі на сталічных сцэнах!

У сярэдзіне лістапада выхаванцы гімназіі прадстаўлялі свае сцэнічныя работы ўжо для гледачоў і журы VIII міжнароднага фестывалю мастацтваў «#BYFEST», дзе абодва калектывы гімназіі былі ўзнагароджаны дыпломамі лаўрэатаў І ступені.
Па словах кіраўнікоў, рэпертуар тэатра гімназіі аднаўляецца штогод. Вядома, патрабуе падрыхтоўка чарговага твора шмат выдаткаў, часу і творчых сіл.

– Першапачаткова мы збіраемся разам з артыстамі і вызначаемся з сюжэтам. Але строга лініі якога-небудзь мастацкага твора мы не прытрымліваемся, а ладзім пастаноўку па матывах вядомай і пазнавальнай гледачамі літаратурнай гісторыі. Потым працуем над сцэнамі і кожны ўносіць свае прапановы. Вядома, мы разам намагаемся творча асэнсаваць і падрыхтаваць тое, што падабаецца ў першую чаргу дзецям”, – распавяла Ірына Рагалевіч.

– Потым трэба вызначыцца з музычным суправаджэннем, харэаграфіяй. Асаблівага ўкладання сіл і сродкаў патрабуюць дэкарацыі і касцюмы, якія адыгрываюць у спектаклі далёка не апошнюю ролю. Зразумела, залог поспеху – рэпетыцыі. Больш за тое, да нас кожны год прыходзяць новыя артысты, якія таксама павінны засвоіць асновы сцэнічнага майстэрства.

Калі праграма падрыхтаваная, мы падаем заяўкі на адпаведныя конкурсы. Вядома, калі ўкладаеш у гэтую працу столькі часу і сіл, ёсць жаданне прадэманстраваць сваю творчасць як мага больш шырокаму шэрагу гледачоў, таму і геаграфія нашых выступленняў пастаянна пашыраецца, – рэзюмавала напрыканцы размовы Вольга Марцынкевіч.

Жадаем нашым юным артыстам і надалей скараць сцэнічныя вяршыні і радаваць нас сваімі артыстычнымі здольнасцямі.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о