Захаваць парадак прыроды

0
324

Днямі карэспандэнт “раёнкі” адправіўся ў рэйд з Міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету. Нагода для мерапрыемства была даволі істотная: у час нерасту неабходны не толькі кантроль за вадаёмамі, але і пэўная прафілактычная работа сярод насельніцтва.

Пасля інструктажу супрацоўнікаў, начальнік міжрайінспекцыі Дзмітрый Цык запрашае ў машыну. УАЗік, на прычэпе якога маторная лодка, вязе нас у вёску Дарашэвічы.

Захаваць парадак  прыроды

У час абходу падворкаў мы завіталі да мужчыны сярэдніх гадоў. Юрый сустрэў нас ветліва, адзначыўшы, што сам былы егер і пра абмежаванні лоўлі рыбы ведае добра. “Карыстаюся вудачкай, маю спінінг – лаўлю выключна на адзін кручок і толькі з берага. Іншых прылад лоўлі не маю, ружжа таксама”, – падзяліўся гаспадар. Праз некалькі хвілін вясковец нечакана прамовіў: “Чакайце, калі ласка, згадаў: ёсць у мяне адна прылада! Шчыра скажу, нават не памятаю адкуль яна ў мяне і колькі часу ўжо ляжыць у хляве, усё роўна ёй ніколі не карыстаўся. Я і не ведаю, магчыма, яна і падпадае пад пералік забароны, калі так – забірайце”. Мужчына прынёс з гаспадарчай пабудовы заляжаўшыся кусок сеткі, прыматаны бакамі да металічных прутоў.

Дзмітрый Мікалаевіч рэзюмаваў: “Лавіць такой рэччу забаронена. Больш за тое, нават захоўваць падобную прыладу незаконна. Разам з тым, добраахвотная здача вызваляе гаспадара забароненых прылад лоўлі ад адміністрацыйная адказнасці”.

На яшчэ адным падворку нас сустрэў мужчына, але як толькі пачуў пра рыбную лоўлю, гаспадар паклікаў жонку: “Сам я не рыбак, але падобным чынам любіць бавіць час супруга”. Жанчына, павітаўшыся, нібы іранізуючы, уздыхнула і падзялілася: “На вялікі жаль, мужа складана дапрасіцца парыбачыць разам, ён больш па гаспадарцы ды па тэхніцы. Добра, калі выйдзем поруч хоць бы раз на месяц. А вось я – заўзятая рыбачка. Каб не мець праблем і не шкодзіць навакольнаму асяроддзю, яшчэ напачатку года я вывучаю ўсе абмежаванні, каб потым не мець праблем і не шкодзіць навакольнаму асяроддзю”, – расказала Валянціна.

Захаваць парадак  прыроды

Праз некаторы час супрацоўнікі міжрайінспекцыі ўжо спускалі на ваду лодку. Ад’язджаючы ад дарашэвіцкага берага ў раёне турбазы, маторка накіравалася па затоках і завадзях магутнай ракі. У некаторых месцах, найбольш верагодных для браканьерскай здабычы рыбы, ахоўнікі жывёльнага і расліннага свету ажыццяўлялі тролінг: праходзілі па дне і тоўшчы вады кошкай, каб можна было зачапіць і потым дастаць рыбалоўную сетку. Але на гэты раз падобных прылад выяўлена не было.

На ўскрайку вёскі Мардзвін у поле зроку прыродаахоўнікаў трапіў венцер: конус з сеткі, куды рыбе даволі проста заплыць, але знайсці выйсце і вызвалення, у большасці выпадкаў, ужо не выпадае. “Знайсці ўладальніка венцера найбольш цяжка: калі з традыцыйнай сеткі трэба тэрмінова даставаць рыбу, то тут яна застаецца жывой пры ўмераных тэмпературах да тыдня”, – паведаміў старшы дзяржінспектар Дзмітрый Кругер. У гэтым венцеры рыбы не знайшлося. Прыродаахоўнікі дасталі прыладу з вады, памералі, зафіксавалі знаходку ў дакументах і склалі ў лодку.

Далей пуць рэйду пралягаў яшчэ па мностве завадзяў і заток. Браканьераў заўважана не было, але такіх выездаў будзе яшчэ багата, таму варта нагадаць землякам: лепей прытрымлівацца патрабаванняў прыродаахоўнага заканадаўства, чым шкодзіць навакольнаму асяроддзю, рызыкаваць сваёй рэпутацыяй і фінансавым становішчам сваёй сям’і, бо штрафы за браканьерства ў час нерасту даволі высокія.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о