Былога рэдактара газеты “Петрыкаўскія навіны” Івана Самахвалава мы сустрэлі на традыцыйным для многіх мужчын у гэты зімовы час месцы – на рыбалцы. Спадзяемся, што знакаміты сваёй вострай сатырай журналіст не саромеецца лічбы – нашаму герою сёння спаўняецца 80 гадоў. Нагода для сустрэчы – не толькі круглая дата, а і маё жаданне даведацца ў Івана Дзмітрыевіча, чалавека залатога ўзросту з такім цікавым неверагодным вопытам, ці знайшоў ён сэнс жыцця. Спойлер – знайшоў.

Жыццё як хвалі ПрыпяціІван Дзмітрыевіч у першую чаргу растлумачыў, што яго жыццё можна падзяліць на некалькі перыядаў. І першы з іх – дзяцінства – ахоплены вайной.
– Добра памятаю, як мы з маці, Ганнай Галотай, уцякалі ад немцаў. Яна і мая хросная маці Варвара Пятроўна, хавалі мяне за ракой. Там была зямлянка, у якой мы жылі. Пазней, ужо ў дарослым ўзросце, я яе знайшоў. Адразу адчуў горач тых часоў, калі не хапала ежы і было страшна. Часам здаецца, што ўспаміны – кадры з кіно, але паглядзіш на сваю нагу, дзе застаўся шрам ад кулі (калі ўцякалі з маці ад немцаў, адна з выпушчаных куль патрапіла ў мяне, параніўшы нагу), адказваеш сам сабе: “Не, гэта было насамрэч!”

Жыццё як хвалі ПрыпяціДругі перыяд звязаны з працай і маім станаўленнем як асобы. Тут, дарэчы, я агучу некалькі важных імёнаў лю-дзей, якія паўплывалі на мяне.
Мяне вабіла работа, хацелася ўжо чагосьці дасягнуць. І я, пасля заканчэння школы ў Лельчыцах, вырашыў стаць мараком.

Іван Самахвалаў пайшоў працаваць на рачны экскаватар ВД-109 матросам 3-га класа.
– Пасля таго, як я некалькі тыдняў не сыходзіў на бераг, мая мара пра водную стыхію знікла. Жыццё палілося далей – паспеў папрацаваць зваршчыкам, потым слесарам, а пасля і ўвогуле – настаўнікам у Конкавічах. Затым я сустрэў будучую жонку – Ніну Сцяпанаўну Гарбанёву. Дзяўчына з характарам была. І больш за ўсё мне спадабалася тым, што дабівалася ўсяго ў жыцці сама. Я паехаў за жонкай на яе радзіму, у горад Барысаў. І гэты крок цалкам змяніў маё жыццё.

Жыццё як хвалі ПрыпяціДа мяне завітаў рэдактар Аляксандр Раманаў з прапановай папрацаваць у часопісе “Вожык” (раней дасылаў туды свае лісты з артыкуламі). Я не адмовіў. Менавіта “барысаўскі” ці “вожыкаўскі” перыяд стаў ключавым у маёй біяграфіі, бо я сур’ёзна стаў займацца журналістыкай.

Так, гады цікавай працы ішлі адзін за другім. Мноства сустрэч, цікавых інтэрв’ю і рэпартажаў. За 10 гадоў працы ў “Вожыку” я напісаў больш за 600 фельетонаў (фель-етон – кароткая нататка, нарыс, артыкул, які адрозніваецца на-дзённасцю тэматыкі, сатырычнай завостранасцю ці гумарам; фельетон таксама называюць каралём мастацка-публіцыстычнай літаратуры – заўв. аўтара).
Кожны нумар “Вожыка” з фельетонам Івана Дзмітрыевіча аказваўся яркай грамадскай падзеяй.

– Шчыра прызнаюся, ад працы я стаміўся, бо такая работа патрабавала ад мяне поўнай адданасці. Затым я перайшоў на працу ў газету “Гомельская праўда”, але працаваў там кароткі час. На шчасце, у 1989 годзе Мікалай Тарасенка, тагачасны рэдактар “Петрыкаўскіх навін”, прапанаваў працу ў “раёнцы”. Гэта стаў наступны перыяд у маім жыцці, прасякнуты чалавечай дабрынёй і душэўнай цеплынёй.
Лёс мой склаўся такім чынам, што я без пэўных людзей свайго жыцця не ўяўляю. Яны кардынальна паўплывалі на мяне і на маё станаўленне як асобы. Мне пашчасціла працаваць з Мікалаем Кібам, Валянцінай Кебец, Валянцінай Каленік. Разам з Георгіем Кебцам мы сачынілі амаль што гімн Петрыкаўшчыны. Затым выконвалі яго на розных канцэртах. З вялікай удзячнасцю ўспамінаю Уладзіміра Ліцвіна, Віталя Новака, Ірыну Моліну, Маргарыту Жарабцову, Антаніну Рыбалка, Ніну Ачапоўскую. З некаторымі з іх я і зараз пыдтрымліваю сувязь. Вось, напрыклад, Антаніна Рыбалка часта тэлефануе мне, пытае, ці добры верш яна напісала. І я адказваю: “Тоня, вось тут ты маладзец!”
Літаратурны дар раскрыўся не толькі ў Івана Дзмітрыевіча. Ягоны старэйшы брат Васіль працуе мастаком на Бярозаўскім шкло-заводзе, піша вершы ў стылі японскіх хоку. Малодшы брат Валерый працуе фатографам у Латвіі, піша навелы.

Пытаю у суразмоўцы, якая рыбалка яму падабаецца больш: зімня або летняя?
– Летняя, бо тады і рыба ловіцца больш. А зімой што – вось дзве плоткі злавіў. Павязу іх для катоў сястры, што жыве ў Макарычах.

На маё наступнае пытанне, ці будзе Іван Дзмітрыевіч святкаваць дзень нараджэння, адказаў:
– Не, гэта лішняе. Я паеду ў Барысаў, там у мяне жонка, дачка і ўнучка.
У канцы размовы спытала ў Івана Дзмітрыевіча, ці знайшоў ён сэнс свойго жыцця. Нават не раздумваючы герой цвёрда адказаў: “Мой сэнс жыцця – гэта рэалізацыя сваіх магчымасцяў. А дакладна – гэта тое, што я знайшоў сваё прызванне ў сатырычнай журналістыцы”.
…Іван Самахвалаў у маладосці быў чэмпіёнам Гомельскай вобласці па кіданні кап’я, сёння ён адчувае ў сабе моц падняць штангу 100-кілаграмовую. Менавіта таму маё пажаданне на дзень нараджэння, каб гэта лічба не памяншалася.

Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о