У гарадскім пасёлку Капаткевічы жывуць працавітыя, шчырыя людзі. У кожнага свой характар, свой лёс. Сёння хочацца расказаць пра выдатную жанчыну, маці, бабулю, прабабулю Розу Кайчук, якая 2 студзеня адзначыла свой юбілей.
Сустрэчы з гэтым чалавекам заўсёды прыемныя. Роза Сямёнаўна рада нашаму прыходу, дзеліцца ўспамінамі пра дзяцінства, сям’ю, блізкіх і родных.
Нарадзілася яна ў вёсцы Колкі ў шматдзетнай сям’і. У час вучобы ў школе была старшынёй вучнёўскага камітэта. Заўсёды адрознівалася актыўнасцю. У час вайны маці з дзецьмі трапіла ў Азарыцкі лагер для палонных.
Капаткевічы славяцца сваімі людзьмі
Было вельмі цяжка. Холад, ежы не было. Страшныя выпрабаванні давялося перажыць малалетняй вязніцы і яе сям’і.
– Прайшла вайна, пакінуўшы цяжкія ўспаміны, скалечыўшы лёсы многіх людзей, – распавяла Роза Сямёнаўна. – Затым паступіла ў Калінкавіцкі заатэхнічны тэхнікум на заатэхніка-ветэрынара. Займалася грамадскай працай, была сакратаром камсамольскай арганізацыі. Разам з мужам пабудавалі дом, выгадавалі сына.
Сын скончыў Капаткевіцкую сярэднюю школу, адвучыўся ў Пінску, адтуль быў прызваны ў войска. Служыў у Афганістане.
Роза Сямёнаўна паказвае нам лісты ад камандавання са словамі падзякі бацькам за выхаванне сына. Узгадвае паездку да яго ў шпіталь у Фергану. Геаграфію краіны вывучала не па чутках.
Роза Сямёнаўна 26 гадоў адпрацавала ў КБА. Была швачкай, брыгадзірам па пашыве мужчынскага і жаночага верхняга адзення. Радая, што прысвяціла сябе любімай справе. З душэўным пачуццём успамінае людзей, з якімі працавала. Ветэран працы, мае ганаровыя граматы за добрасумленную працу, медалі.
У гэтай выдатнай жанчыны трое ўнукаў і пяць праўнукаў. Сын з сям’ёй жыве ў Пінску. Родныя наведваюць, прыязджаюць у госці, тэлефануюць. Яна заўсёды рада зносінам. Гэта чалавек з адкрытай душой, заўсёды дабрадушная і ветлівая. Мы рады сустрэчам з ёй, чуем парады чалавека, прымудронага жыццёвым вопытам. Ад усёй душы віншуем Розу Сямёнаўну з юбілеем. Хочацца падзякаваць ёй за зносіны з намі, пажадаць даўгалецця і здароўя!
Мілена Сарока, вучаніца
8 “Б” класа Капаткевіцкай сярэдняй школы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о