Сем гадоў спакою і стабільнасці, беларускае грамадзянства, работа на адным з найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі – ААТ “Беларуськалій”, сучасная кватэра ў новым доме, новыя сябры і пазітыўны погляд у будучыню. Такім апісалі карэспандэнту раёнкі сваё жыццё на гасціннай беларускай зямлі ўкраінцы, якія атрымалі нядаўна грамадзянства нашай краіны – сям’я Лежніных з горада Горлаўка Данецкай вобласці.Новыя ўкраінскія беларусыРатавацца ад ваенных дзеянняў у Данецкай вобласці Аляксандр і Вольга Лежніны вырашылі амаль адразу, як толькі на іх малой радзіме ў 2014 годзе пачаліся ваенныя дзеянні. Страх за сваё жыццё і будучыню шасцігадовага сына Рамана не даваў ім спакою. З сынам і матуляй Вольгі прыехалі шукаць паратунку ў Беларусь. Чаму ў Беларусь? Бацька Вольгі – беларус, які ў маладосці пераехаў на Украіну, ажаніўся, стварыў сям’ю, пабудаваў дом і застаўся жыць у горадзе шахцёраў.

– Цяпер, можна сказаць, адбываецца кругаварот: ужо мы пераехалі ў Беларусь, каб тут жыць і працаваць, – адзначае субяседніца.

Адправіліся да Вользінага стрыечнага брата на Брэстчыну. Дакументы, уласныя рэчы, невялікая сума грошай – уся маёмасць, з якой давялося пачынаць новае жыццё. Яны ж, як меркавалася, ехалі не надоўга, каб перачакаць навалу.
Той час мае героі ўспамінаюць з удзячнасцю: яны атрымалі ў Беларусі галоўнае – спакой. Пазнаёміўшыся і блізка сышоўшыся з жыхарамі Чарнаўчыц, Лежніны зразумелі, што мясцовыя жыхары амаль не адрозніваюцца ад іх знаёмых з Горлаўкі: такія ж адкрытыя, добразычлівыя, спагадлівыя. Працаўладкаваліся на сельгаспрад-прыемства, атрымалі арэнднае жыллё, пры падтрымцы чулых суседзяў паступова абжываліся. Так і жылі на Брэстчыне да гэтага лета.

Ад знаёмых, якія пераехалі да сваёй радні на Петрыкаўшчыну, ведалі пра будаўніцтва там прамысловага гіганта – горнаабагачальнага камбіната. І калі сёлета адкрыліся вакансіі на прадпрыемстве, Віталій Аляксандравіч запісаўся на субяседаванне і паспяхова прайшоў яго. Праца ў горнавыратавальным атрадзе на хімічнай вытворчасці на малой радзіме саслужыла мужчыне добрую службу. Уладкаваўшыся на камбінат, перавёз у Петрыкаў сям’ю. Аднак шчаслівы момант засялення ў арэндную кватэру мог быць азмрочаны тым фактам, што па законе прапісаць цешчу ў кватэры Аляксандр Вітальевіч не мог – не блізкі родзіч. Трапіўшы на асабісты прыём да генеральнага дырэктара ААТ “Беларуськалій” Івана Галаватага, вырашыў і гэту праблему: Вольга Іванаўна ўладкавалася на камбінат, матулю прапісалі, трохпакаёвую кватэру атрымалі. Сям’я Лежніных вельмі ўдзячна кіраўніцтву прадпрыемства за чуласць і падтрымку. Пра што яшчэ можна марыць?

Сын навучаецца ў сёмым класе гімназіі, сышоўся з аднагодкамі, займеў сяброў. Вельмі падабаецца яму ў школе інфарматыка, прадмет вывучае старанна. Галоўнае для бацькоў – адчувае сябе на беларускай зямлі сын добра і спакойна, ужо і забыўся, што такое стрэлы на вуліцах, і не ведае, чаго можна баяцца ў гарадку, дзе ўсё знаходзіцца ў крокавай даступнасці – і школа, і магазін, і гульнявыя пляцоўкі.

– Тут, у Беларусі, мы дакладна ведаем, што любая наша праблема можа быць вырашана, добрыя людзі і спецыялісты розных узроўняў нам неаднаразова дапамагалі, у тым ліку з міграцыйнай службы. Атрымаць беларускае грамадзянства захацелі адразу, як толькі зразумелі, што на радзіму вяртацца не мае сэнсу: ваенныя дзеянні там з пэўнай перыядычнасцю працягваюцца па сённяшні дзень. Аднак вопыт атрымання віду на жыхарства падказваў, што давядзецца пачакаць неабходны па заканадаўстве тэрмін. Калі ж у міграцыйнай службе даведаліся пра спрошчаную працэдуру атрымання грамадзянства для жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей, дзякуючы Указу Прэзідэнта – былі прыемна здзіўлены. І вось па прашэсці двух месяцаў з дня падачы, жонка ўжо ўладальніца беларускага пашпарта і грамадзянства. У хуткім часе чакаю і свае дакументы. Сказаць, што мы шчаслівыя – гэта нічога не сказаць! Працую на самым перспектыўным прадпрыемстве горада, у нас стабільнае жыццё, мы смела глядзім у будучыню – чаго яшчэ жадаць? – задае рытарычнае пытанне Аляксандр Вітальевіч і дадае: хіба што міру ў краіне і згоды ў грамадстве.

Галіна КАЗАК, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о