Сёння ў многіх краінах свету, у тым ліку і ў Беларусі, адзначаецца Дзень жаночага прадпрымальніцтва. Свята адносна маладое, аднак становіцца ўсё больш папулярным па прычыне сваёй актуальнасці. Жаночае прадпрымальніцтва ў апошнія гады трывала замацавалася ў эканамічных рэаліях беларускага бізнесу. Ні для каго не сакрэт, што шлях дзелавой жанчыны абсыпаны зусім не ружамі, суровыя ўмовы бізнесу вытрымліваюць толькі моцныя духам і мэтанакіраваныя прадстаўніцы слабай паловы чалавецтва. Пра тое, як гэта быць жанчынай у бізнесе, расказвае гаспадыня крамы “Элада” Наталля Перапеча.

Жаночае аблічча бізнесу

Мая суразмоўца ўнікальная жанчына. У свой час яна рашуча змяніла сваё жыццё: перайшла зусім у іншую, невядомую ёй сферу дзейнасці, не пабаялася цяжкасцяў, рызыкі і адкрыла асабістую справу.

Наталля Міхайлаўна ўраджэнка Петрыкава. Закончыла першую гарадскую школу і накіравалася ў Гомельскае медыцынскае вучылішча атрымоўваць спецыяльнасць фельчара-гігіеніста. Па заканчэнні ўстановы прыехала працаваць на малую Радзіму ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У хуткім часе выйшла замуж і нарадзіла дачушку.
– Менавіта, калі знаходзілася ў дэкрэтным адпачынку, пачала спрабаваць сябе ў бізнесе. Напэўна, прычына, якая падштурхнула ў свет камерцыі – жаданне зарабіць для сям’і грошай, – пачала аповед гераіня. – Ну і трэба ведаць мой характар. Калі я захоплена якой-небудзь ідэяй, то звычайна ўвасабляю жаданае ў жыццё.
У 2002 годзе Наталля набыла асабісты кіёск на мясцовым гандлёвым рынку. Са сталічных аптовых пунктаў пачала прывозіць тавар: парашок, рэчы асабістай гігіены, гаспадарчыя прылады.

– Пачынаць было цяжка. Малая дачушка. Патрэбна было часта ездзіць у Мінск. Дзякуй родным, якія ніколі не пакідалі мяне ў цяжкую хвіліну і верылі ў мае пачынанні.
Так пачаўся шлях будучай бізнес-ледзі. Маленькімі крокамі, наладжваючы сувязі і заваёўваючы сваіх кліентаў, справа пайшла. Праз чатыры гады на мясцовым рынку ў яе ўжо было тры кіёскі і тры прадаўцы.

Калі закончыўся адпачынак па доглядзе за дзіцям, на дзяржаўную працу выйшла на паўстаўкі – не хацелася кідаць пачатую камерцыйную справу. У 2008 годзе жанчына, за атрыманыя ад бізнеса грошы, купіла гандлёвы павільён. Расшырыла асартымент тавараў, павялічыўся круг пастаўшчыкоў. На працягу васьмі гадоў Наталля спрабавала сумясціць сваю працу ў дзяржаўнай установе з працай на гандлёвых пунктах. Урэшце зразумела, што патрэбна выбіраць нешта адно. Выбрала прадпрымальніцтва. Так пачаўся яе шлях да гаспадыні ўласнай крамы, і ў 2010 годзе Наталля адкрыла яе пад прыгожай назвай “Элада”.

– Самае галоўнае ў бізнесе – быць моцнай, упэўненай і не баяцца рызыкі. Калі я вырашыла рызыкнуць з “Эладай”, не ўсе верылі ў мой поспех. Прадала кіёскі, якія меліся на той час, узяла крэдыт. Вы можаце сабе ўявіць, што былі часы, калі мне патрэбна было ўносіць грашовыя сродкі па васьмі крэдытах.
Суразмоўца дзеліцца думкамі, што бізнес патрабуе ад жанчыны не толькі строгай упарадкаванасці дзеянняў, але часам цвёрдасці пры прыняцці рашэнняў, катэгарычнасці, аўтарытарнасці.

Крама мае сваіх пастаянных кліентаў, карыстаецца ўдзячнымі водгукамі ад жыхароў раёна і гасцей горада, і гэта абумоўлена канкрэтнымі фактарамі. Па-першае, са слоў суразмоўцы, гэта заслуга яе работнікаў. Сёння жанчына-прадпрыймальнік дала працоўныя месца трынаццаці землякам. Усе адносяцца да сваёй справы сур’ёзна і з адказнасцю. Ветлівыя, шануюць свайго кліента, пры неабходнасці дапамогуць з выбарам тавара. Многія работнікі крочаць са мной побач з часоў адкрыцця першага кіёску. Напрыклад, загадчык крамы Кацярына Ганцэвіч, для мяне не толькі калега, але і добры дарадца, чалавек на якога можна цалкам пакласціся. Па-другое, у краме вялікі выбар тавараў.

– У асноўным у нас тавары айчынных вытворцаў. Амаль штодня дастаўляюцца тавары кампаніі “Контэ”, тэкстыльнай фабрыкі “Світанак”, фабрыкі “8 Сакавіка”. Усё рэчы якасныя, прытым іх кошт штучна ў краме не завышаецца.
Пытаюся ў гераіні, чым на яе погляд, абумоўлены яе поспех як жанчыны-прадпрымальніка.

– Трэба навучыцца планаваць дзень, сумяшчаць многія віды дзейнасці, а самае галоўнае – правільнае дэлегаванне працоўных задач у калектыве. Ну і канечне – ва ўсім патрэбен кантроль, – канстатуе суразмоўца. – Ведаеце, заўсёды прытрымлівалася думкі, што лепш перажываць пра тое, што зрабіў, чым пра тое, што не скарыстаў свой шанец і не паспрабаваў нешта новае. Ніколі не варта шкадаваць, што ў цябе нешта не атрымалася. Памылкі – гэта наш бясцэнны вопыт, які робіць нас моцнымі і паспяховымі. Мару маюць многія, а вось дамагаюцца яе адзінкі. І не таму, што не могуць ці не здольныя, а таму што не вераць у сябе і баяцца зрабіць першы крок.
Наталля Міхайлаўна не толькі паспяховая бізнес-ледзі, а і шчаслівая жанчына. Дом яе напоўнены радасцю і любоўю. Ва ўтульным доме чакае клапатлівы муж – яе надзейная апора і падтрымка, дачка і сын – нагода для радасці і гонару. Для іх яна проста жонка і маці. Яна заўсёды застанецца галоўнай жанчынай у іх жыцці. І, напэўна, рэцэпт поспеху маёй гераіні ў тым, што яна навучылася гарманічна спалучаць у сабе два пачаткі – бізнес і жаноцкасць.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о