Пасля сустрэчы з Галінай Вяракса, вядомай многім жыхарам Петрыкаўшчыны як майстар паэтычнага слова, падалося, што вясна прыйшла не толькі да першацветаў і сонечных прамянёў, а і да цябе ў душу. Суразмоўца настолькі выпраменьвае абаянне, непасрэднасць, прыгажосць і пазітыў, што ўсе нягоды адыхо-дзяць у бок. Нездарма Галіна Пятроўна нарадзілася ў сакавіку, калі зямля прачынаецца і аднаўляецца да жыцця. Мая гераіня – сама любоў і пяшчота. Да інтэрв’ю з Галінай Пятроўнай я ведала яе як паэта, удзельніка творчых мерапрыемстваў, а пасля больш блізкага знаёмства для мяне стала зразумелым, што творчасць – не адзіная адметнасць, якая характарызуе жанчыну. Далікатная і паэтычная на выгляд, у жыцці яна чалавек з жалезным стрыжнем: за якую б працу не бралася, усё павінна быць зроблена “на выдатна” .

Вясна крочыць па зямлі

Нарадзілася Галіна Пятроўна ў вёсцы Шастовічы. У сям’і выхоўвалася шасцёра дзяцей, і бацькі кожнаму з іх змаглі даць сваю любоў і клопат, дапамаглі стаць на ногі. Базавую адукацыю атрымала ў вёсцы Асавец Мазырскага раёна – хадзіла кожны дзень на вучобу пешшу сем кіламетраў, а старэйшыя класы закончыла выдатніцай у першай гарадской школе. Канечне ж, выпускніцы з залатым медалём, многія дзверы вышэйшых устаноў былі адкрытыя. Але ўсё склалася не так, як хацелася дзяўчыне, а так, як патрабавала павага да выбару сям’і. Справа ў тым, што яе старэйшая сястра ў той жа год закончыла медвучылішча і марыла вучыцца далей. Двух дачок утрымліваць у інстытутах бацькі не маглі сабе дазволіць. Вырашылі так: атрымліваць вышэйшую адукацыю дочкі будуць па чарзе, пасля атрымання сярэдне-спецыяльнай адукацыі.

Гераіня паступіла ў Пінскі мясамалочны тэхнікум, з цягам часу яна атрымала дыплом Маскоўскага тэхналагічнага інстытута, але праз усё жыццё пранясе навуку, якую прывілі ў сям’і – патрэбна рабіць так, як лепей у дадзеным выпадку, а не так, як табе хочацца. А яшчэ з юнацтва ўсвядоміла: каб стаць годным чалавекам, патрэбна шмат і аддана працаваць.

Пераглядваю запісы ў працоўнай кніжцы гераіні. Валожын, Жлобін, Мінск, Буда-Кашалёва, пасады займала заўсёды адказныя: інжынер-мікрабіёлаг, старэйшы майстар, інжынер-тэхнолаг, начальнік вытворчасці, галоўны інжынер. Становіцца зразумелым, што накіроўвалі спецыяліста на праблемныя аб’екты, дзе патрэбна было прымяніць веды і цвёрды характар. Лісты падзякі за выніковасць у працы гавораць пра тое, што ў яе ўсё атрымлівалася. Акрамя гэтага спецыяліст прадстаўляла беларускую малочную прадукцыю па-за межамі краіны. Яе слова было гарантам якасці айчынных сыроў. У 1983 годзе зямлячку запрасілі на пасаду галоўнага інжынера Петрыкаўскага малочнага завода. Згадзілася адразу.

– Прыехала на Радзіму ўзброеная тэарэтычна і практычна, з напрацаваным вопытам, – успамінае суразмоўца. – Шмат тады сілы, намаганняў мы з калегамі ўклалі ў наш мясцовы завод.
17 гадоў спецыяліст прысвяціла айчыннай малочнай прамысловасці, а пасля дваццаць гадоў аддала працы ў дзяржслужбе і на належным узроўні наладзіла сувязь з насельніцтвам і працоўнымі калектывамі на Петрыкаўшчыне.
Паэтка і “тэхнар”, рамантык і прагматык, здавалася б, як могуць сумяшчацца разам дзве такія розныя стыхіі?

– Пісаць вершы я пачала з ранняга дзяцінства. Давалася мне гэта лёгка і з радасцю. А калі была ўжо ў старэйшых класах, то выказваць свае думкі літаратурным словам стала неабходнасцю, – успамінае суразмоўца. – Што для мяне паэзія? Напэўна, магчымасць выплеснуць пачуцці, закрануць струны іншых сэрцаў.
Вершы – не адзінае захапленне Галіны Пятроўны. Яна знаходзіць час на наведванне фіз-культурна-аздараўленчага комплексу, літаратурнага гуртка і дачнага ўчастка. Практыкуе скандынаўскую хадзьбу, у зімовы перыяд становіцца на лыжы.
У жыцці яна шчаслівая і любячая маці дзвюх дочак і чатырох унукаў.
– Дзеці і ўнукі – маё багацце. І канечна ж, гады, – кажа ў заключэнні паэтка. – Кіруюся ў жыцці прынцыпам бескарыслівасці, цярпімасці і паразумення. Маё сэрца заўсёды адкрыта для акружаючых.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о