Мінуе час. Гады незаўважна складаюцца ў дзесяцігоддзі, за спінаю застаюцца ўспаміны. Часам нам патрэбна ўзнавіць сваё ўяўленне пра пэўныя падзеі, зноў адчуць адпаведную атмасферу. У такіх выпадках людзі звяртаюцца да захаванага колісь нумара “раёнкі”. Газета таксама змяняецца: з’яўляюцца новыя інфарцыйныя падставы, аднаўляецца дызайн, а пад артыкуламі і нататкамі стаяць імёны і прозвішчы новых карэспандэнтаў. І калі падвесці своеасаблівы вынік, то нязменным, больш за палову стагоддзя на старонках “Петрыкаўскіх навін” засталося толькі адно імя – імя нашага добрага сябра, пранікнёнага натураліста, знаўцы навакольнага асяроддзя Уладзіміра Пугача, якому учора споўнілася 80 гадоў. Пра павароты лёсу, першыя крокі на літаратурнай ніве і кнігу, прызнаную Саюзам пісьменнікаў, мы пагутарылі з учорашнім юбілярам.

Жыццёвы шлях  вясковага пісьменніка– Нарадзіўся я ў вёсцы Кашэвічы, у надта вялікай сям’і. Увогуле, мае бацькі мелі дзесяць дзяцей, але, калі вы разумееце спецыфіку таго часу, дзіцячая смяротнасць была вялікая. Вось і я – дублёр. У першай палове 30-х гадоў у бацькоў нарадзіўся Валодзя, але годзік пражыў і памёр. Вось і мой брат Коля, 1951 года нараджэння, таксама дублёр. Таму нам трэба за дваіх жыць і працаваць.
Памятаю я сябе з даволі ранняга ўзросту, гадоў з трох. Не ўсё, канешне, самыя яскравыя і, на жаль, не вельмі прыемныя моманты – ішла вайна, што не абмінула бокам ніводнай беларускай хаты, – адзначыў суразмоўца.

Скончыўшы сямігодку, Ула-дзімір паступіў у Мар’іна-Горкаўскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Ужо на апошнім курсе, калі, атрымліваючы спецыяльнасць агранома-палявода і пладаагароднявода, будучаму спецыялісту адміністрацыя Капаткевіцкага раёна прапанавала працу ў Кашэвіцкай гаспадарцы, якая якраз планавала закладаць буйныя сады. Гэтая задума была ўдалай, ды і былыя панскія землі аказаліся надзвычай урадлівымі – пасаджаныя рукамі нашага героя дрэвы давалі лепшыя ў раёне ўраджаі.
З цягам часу пасаду пладаагароднявода скарацілі. Па ўсёй краіне пачалі адкрывацца школы адноўленага ўзору – васьмігодкі, што і абумовіла ў жыцці нашага героя круты паварот. Знаёмы прапанаваў Уладзіміру Мікалаевічу пайсці ў навучальную ўстанову вёскі Белы Пераезд настаўнікам біялогіі і хіміі. Адбылося гэта пасля пачатку навучальнага года – 11 верасня 1962 года. Тады не зважалі на адсутнасць адпаведнай адукацыі. Старшыня калгасу, зразумела, не падзяляў памкненняў маладога спецыяліста, але калектыўна пытанне было вырашана станоўча. Бацька-інвалід і заўсёды хварэючая маці таксама не былі ўзрадаваныя навіне: за некалькі гадоў Уладзімір пачаў абжывацца – квітнеў агарод і сад, дабудоўваўся ўласны дом, ды і жыць з сынам старым было куды лягчэй. Так ці інакш, але 13 верасня Уладзімір Мікалаевіч ужо ўладкаваўся настаўнікам, перабраўшыся ў Белы Пераезд.

Жыццёвы шлях  вясковага пісьменніка– Неўзабаве я паступіў на завочнае аддзяленне біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (ў той час інстытута), а потым тэрмінова быў назначаны на пасаду дырэктара школы. Так і працаваў да закрыцця навучальнай установы ў Белым Пераездзе ў 1975 годзе. Памятаю, на той момант у школе навучаўся 61 вучань.
Пераехаў у Навасёлкі. Работы ў гэтай дзесяцігадовай школе было дастаткова. Уявіце сабе, у старэйшых паралелях было па чатыры класы. Штогод выпускалася пад сотню вучняў! – адзначыў настаўнік.
Што да творчасці, то пісаць Уладзімір Пугач пачаў рана. Яшчэ ў пятым класе даслаў свой першы вершык у газету “Піянер Беларусі”, за што хлопчыку даслалі ўсе кнігі Янкі Маўра. Напэўна, “Палескія рабінзоны” і скіравалі будучага пісьменніка звяртацца ў творчасці да яскравага апісання прыроды. Перапіску з малым вёў вядомы літаратар, будучы загадчык рэдакцыі выдавецтва “Беларусь”, галоўны рэдактар газеты “Літаратура і мастацтва” і старшы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Хвядос Жычка.
Калі Уладзімір Пугач праца-ўладкаваўся ў Кашэвіцкую гаспадарку, то паралельна з’яўляўся сельскім карэспандэнтам “Гомельскай праўды”.
– З гэтага часу я і пачаў шмат пісаць. Калі бачыў безгаспадарлівасць ці несправядлівасць – не маўчаў. Але, шчыра кажучы, не раз за крытычныя артыкулы мне і пападала. Былі і прыемныя моманты: неяк іду з грыбоў, а па радыё з гучнагаманіцеля на ўсю вуліцу дыктар чытае маю замалёўку пра цялятніцу, якая ідзе на працу і любуецца прыродаю. Я заўсёды, нават людскія сюжэты паказваю з адсылкай да прыроды, – падзяліўся Уладзімір Пугач.

Але больш за ўсё малады карэспандэнт пісаў у мінскую “Чырвоную змену”, можна сказаць, нават вёў рубрыку газеты “Неруш”. Былі стасункі з “Сельскай газетай”, многа дасылаў у капаткевіцкую раёнку “За камунізм!”. Урэшце рэдакцыя апошняй разглядала маладога чалавека ў якасці штатнага карэспандэнта, але спачатку адсутнасць адпаведнай адукацыі, а потым і аб’яднанне раёнаў так і не дазволілі стаць гэтай задуме рэчаіснасцю.

– Памятаю, у той час, як уладкаваўся ў школу настаўнікам, я атрымаў неблагія ганарары ад капаткевіцкай “раёнкі” за вялікі матэрыял “Нэля” і апавяданне “У добры шлях, Тамара!”, што надрукавала “Сельская газета”. За гэтыя сродкі я набыў сабе касцюм, ды яшчэ і засталося, – узгадвае настаўнік.

У 1962-м годзе Петрыкаўскі і Капаткевіцкі раёны аб’ядналіся. Напачатку з газеце быў нейкі разлад, некалькі нумароў друкаваліся ў Жыткавічах. Але потым рэдакцыя пачала працаваць. Так, Уладзімір Мікалаевіч наладзіў сувязь з петрыкаўскімі журналістамі, стаўшы надзейным сябрам выдання на далейшыя дзесяцігоддзі. Дарэчы, тады ў калектыў прыйшоў працаваць будучы рэдактар газеты Іван Самахвалаў. Менавіта ён праз пэўны час уздыме Петрыкаўшчыну літаратурную на новы ўзровень, падрыхтаваўшы да выдання тры зборнікі твораў мясцовых пісьменнікаў “Жыві, мая крыніца”, “Галасы Палесся” і “Рачныя напевы”, дзе пачэснае месца занялі творы Уладзіміра Пугача.

– Своеасаблівым вынікам маёй творчасці стала выданне кнігі “Флейтавыя гукі” ў 1998 го-дзе. Зараз гэтая справа здаецца не такой цяжкай – збяры матэрыял, заплаці грошы і праз невялікі час кніжка гатовая. Але адкуль тады, у 90-я гады, настаўніку было знайсці немалыя грошы на выданне? Сродкі выдаткавала Міністэрства аховы прыроды: мая творчасць пераклікалася з тэмай захавання навакольнага асяроддзя. Потым мой рукапіс прайшоў рэдактуру Саюза пісьменнікаў, дасканалую вычытку ажыццяўляў хойніцкі літаратар Мікола Мятліцкі, – узгадваве пісьменнік.

Зараз Уладзімір Пугач актыўна друкуецца ў “раёнцы”. Крыху менш дзясятка гадоў таму яго літаратурная спадчына стала аб’ектам навуковага даследвання “Грані творчага майстэрства Уладзіміра Пугача як публі-цыста рэгіянальнай газеты”, што з’яўляецца чарговым празнаннем яго літаратурнага таленту. Здаецца, ужо падрыхтавана да эфіру тэлеперадача, прысвечаная вясковаму пісьменніку ў рамках праекта “Палешукі” тэлеканала “Беларусь 24” Белтэлерадыёкампаніі.

Уладзімір Мікалаевіч з жонкай вывелі ў свет двух дзетак – сын зараз з’яўляецца акадэмікам Еўрапейскай акадэміі прыроды і працуе ў Санкт-Пецярбурзе, дачка працуе настаўніцай у Лучыцах. Дзеці справілі бацьку электрасамакат, на якім дзядуля часам выпраўляецца ў лес.

Віншуем нязменнага сябра рэдакцыі “Петрыкаўскіх навін” Уладзіміра Пугача з юбілеем. Няхай моцнае здароўе дазволіць і надалей нессякаць творчай крыніцы натхнення! Заставайцеся такім жа жыццялюбівым, мэтанакіраваным і душэўным чалавекам.

Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о