Напярэдадні прафесійнага свята аграрыяў і абласной урачыстасці ў гонар працаўнікоў сяла – “Дажынкі”, мы сустрэліся з кіраўніком сельгаспрадпрыемства КСУП “Капаткевічы” Сяргеем СЕНІКОВІЧАМ.

На вынік трэба працаваць камандай

Нагод для сустрэчы было некалькі: па-першае, прафесійнае свята, па-другое, Сяргей Пятровіч не так даўно ўзначаліў аб’яднаную гаспадарку, да таго ж, на абласной урачыстасці ён будзе ганараваны Граматай абласнога выканаўчага камітэта.

У сваім шчыльным графіку Сяргей Пятровіч вылучыў “акенца” для сустрэчы з карэспандэнтам “Петрыкаўскіх навін” і даў першае інтэрв’ю на новай пасадзе.

ПРА ПЛАНЫ 

– Сяргей Пятровіч, ці змяніўся ваш працоўны графік у новых прафесійных умовах?

– Так, павялічылася гаспадарка, а разам з ёю і спіс пытанняў для тэрміновага вырашэння. Да таго ж, гаспадарка геаграфічна аб’ёмная, толькі на пераезды  нямала часу цяпер патрабуецца.

– Якія праблемы і перспектывы ў рабоце аб’яднанага сельгаспрадпрыемства вы паспелі ўжо акрэсліць для сябе?

– Скажу так: ёсць над чым працаваць – і працаваць трэба плённа. Перавага па-ранейшаму будзе аддадзена развіццю малочнай вытворчасці і вырошчванню буйной рагатай жывёлы. Падцягнулі сёлета работу па раннім выяўленні сцельнасці кароў, і трэба прыкласці намаганні па аднаўленні статка, а гэта, як вядома, работа не аднаго года.

– Якія задачы і мэты вы ставіце перад сабой на бліжэйшы час?

– Упэўнены, што і ў жывёлагадоўлі, і ў раслінаводстве мы можам дасягнуць значна большых вынікаў. Банальнае выкананне тэхналогіі, пра што сёння часта забываюцца, дае свае вынікі. Цяпер актыўна і, дарэчы, вынікова працуем над паляпшэннем якасці малака. Задача на бліжэйшы час: падцягнуць далучаны статак да вытворчасці малака вышэйшага гатунку.

Не варта забываць, што розніца ад выручкі тоны малака першага гатунку і вышэйшага, не гаворачы ўжо пра “экстра”, істотная. А гэта грошы, якіх так не хапае гаспадарцы і якія можна атрымаць ужо сёння без асаблівых укладанняў.

Часта даводзіцца чуць, што ў жывёлагадоўлі складнікамі поспеху з’яўляюцца тры “К”: корм, каровы і кадры, прычым, менавіта ў такой паслядоўнасці. Але ж, здаецца, “кадры” на першым месцы?

– Так. Якасны корм яшчэ трэба, каб своечасова і ў поўным аб’ёме трапіў на кармавы стол. А гэта ўжо цалкам залежыць ад чалавека, які жывёлу даглядае, загадчыка і спецыялістаў, якія арганізуюць і кантралююць вытворчы працэс, якія акрэслілі для сябе напрамкі дзейнасці і бачаць перспектыву. Вядома ж, многім сельгасарганізацыям сёння не хапае зааветспецыялістаў, сумленных і адказных даглядчыкаў, аператараў машыннага даення. Але ж калі кіраўнік зацікаўлены ў добрых выніках, то і гэтым пытанням, як паказвае практыка, знаходзіць вырашэнне. Такім чынам, праблемы хоць і ёсць, але яны абазначаныя – трэба толькі працаваць.

ПРА ШЛЯХ У ПРАФЕСІЮ

– Сяргей Пятровіч, як вы прыйшлі ў сельскую гаспадарку: гэта мара, свядомы выбар ці даніна часу?

– Нарадзіўся і гадаваўся я ў вёсцы Навасёлкі, цяпер гэта аграгарадок. Бацькі мае ўсё жыццё працавалі на зямлі. Дома трымалі вялікую гаспадарку, таму заўсёды пры справе быў і я, і мае сёстры. З маленства ведалі цану сялянскай працы. Па прашэсці часу з упэўненасцю зазначу: сёння ў іншай сферы я сябе не бачу. Аднак трыццаць гадоў таму, калі надышоў час выбіраць будучую прафесію, я паведаміў бацьку пра тое, што хачу паступаць  у ваеннае вучылішча, і пачуў у адказ: і ўсё жыццё матацца па гарнізонах, не мець свайго кутка. Так я пайшоў вучыцца на агранома ў сельскагаспадарчы інстытут.

– Сельскагаспадарчыя прафесіі не асабліва папулярныя  ў моладзі: на фермах і палях даводзіцца працаваць амаль без выхадных, зарплата невысокая… Што б вы параілі студэнтам сельскагаспадарчых спецыяльнасцей, якія сёння-заўтра пачнуць свой працоўны шлях? 

– Нешта раіць выпускнікам ужо, напэўна, позна, а студэнтам ці абітурыентам параіў бы  папрацаваць у сельскай гаспадарцы – тады, мне здаецца, зменяцца жыццёвыя прыярытэты, адносіны да вучобы – заробленая сваім мазалём капейчына больш цэніцца, чым тая, што даюць бацькі. Ды і ўвогуле, фізічная праца ніколі і нікому яшчэ не зашкодзіла.

– Што, на вашу думку, трэба зрабіць, каб моладзь заставалася ў вёсцы?

– Ці застанецца спецыяліст у гаспадарцы, адпрацаваўшы належны тэрмін, залежыць ад трох фактараў: жылля, наяўнасці інтарэсу і любові да абранай прафесіі і зарплаты.

ПРА РАБОТУ Ў КАМАНДЗЕ 

– Сяргей Пятровіч, які вы кіраўнік?

– Кажуць, спецыяліста трэба любіць як душу, і трэсці як грушу.

А калі сур’ёзна, то, напэўна, патрабавальны – калі перад некім стаўлю задачу, то абавязкова спытаю пра яе выкананне – і па гэтым ацэньваю работу спецыяліста.

– Ці згодны вы з выказваннем, што  адзін у полі не воін? І якую ролю для вас адыгрывае каманда?

– Каб нечага дасягнуць, абавязкова трэба мець каманду аднадумцаў. За два гады кіраўніцтва КСУП “Імя Ульянава” такую каманду я стварыў.

Вельмі важна мець справу з людзьмі, у якіх ёсць жаданне працаваць. Менавіта ад жадання чалавека залежыць набыццё навыкаў і  прафесійных кампетэнцый.

ПРА СЯМ’Ю І ВЫХАВАННЕ  ДЗЯЦЕЙ

– Сяргей Пятровіч, раскажыце, калі ласка, крыху пра сваю сям’ю. 

– Жонка – сакратар у Пціцкім сельскім Савеце. Яна ўсё жыццё працуеа на адным месцы. У нас дарослы сын – наш гонар і радасць. Між іншым, ён увасобіў у жыццё бацькаву школьную мару – закончыў ваенную акадэмію і працуе ў дзяржаўным пагранічным камітэце.

– У вас ёсць нейкі сакрэт выхавання?

– Дзяцей трэба выхоўваць на ўласным прыкладзе і прывучаць да працы з самых ранніх гадоў. Калі яны бачаць, што бацька шмат працуе, што маці клапоціцца пра парадак і ўтульнасць у доме – дзеці ў пэўнай ступені, магчыма, несвядома, капіруюць мадэль паводзінаў бацькоў.

– Сяргей Пятровіч, дзякуй за гутарку. З прафесійным святам Вас, з заслужанай узнагародай і няхай усё задуманае абавязкова ажыццявіцца.

Галіна КАЗАК.

Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о