Жанчына з залатым сэрцам

0
1054

Сацыяльнага работніка Галіну Палтаран мы заспелі ў чарзе ў краме. Жанчына набывала прадукты для сваіх падапечных. Два пакеты малака, хлеб, алей. Гаворыць, гэта далёка не ўвесь спіс. “Дома яшчэ наварыла суп, нарэзала салату, а яшчэ буду частаваць тортам, які спякла сама да дня нараджэння!”, – удакладніла суразмоўца. Днямі Галіна Аляксандраўна адзначыла юбілей – 55-годдзе.

Жанчына з залатым сэрцамВёску Бабунічы замяло снегам не менш, чым астатнія населеныя пункты, але дарога расчышчана. У краму і ў іншыя аб’екты можна лёгка дайсці і праехаць.
“Вы ж яшчэ напішыце пра прадаўшчыцу! Яна тут самая ветлівая, заўсёды падкажа, што новага падвезлі!” – усміхаючыся, кажа Галіна Аляксандраўна.

Сёння маю гераіню узнагародзілі граматай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь за добрасумленную шматгадовую працу. Вышэйшая ўзнагарода! Але для нашага сацыяльнага работніка куды важней падзяка ад тых, да каго яна спяшаецца і ў спякоту, і ў холад.

“Я сама родам з Міхедавіч, – працягвае размову Галіна Аляксандраўна, з якой мы ра-зам рухаемся па дарозе ў вёску Сотнічы. – Пасля заканчэння школы пайшла вучыцца на кандытара, але па спецыяльнасці не працавала. Так склаўся лёс. Сустрэла свайго будучага мужа, і неўзабаве ў нас нарадзіўся сыночак. Я працую сацыяльным работнікам 32 гады. І ў іншай працы сябе не ўяўляю.”
Пад сацыяльнай апекай Галіны – 14 чалавек: гэта і сямейныя пары, і інваліды, адзінокія і адзінока пражываючыя.

“Самае галоўнае ў маёй рабоце – гэта нават не хлеб прынесці, прыбраць у хаце ці памыць падлогу. Маім старым важней за ўсё маральная падтрымка”.
Пра тое, што Галіна – добрай душы чалавек, спагадлівая, адказная, гаспадыня па ўсіх франтах – ведаюць усе жыхары Бабунічаў, Сотніч і Барычава. Шануюць жанчыну і на працы, і ў мясцовым сельскім Савеце, і ў Доме культуры, адзначаючы, што такія людзі на вагу золата, заўсёды гатова падтрымаць, дапамагчы, падказаць.

Той факт, што Галіна – майстрыха на ўсе рукі, прадэманстравала тут жа: “Вось сумку сваю я пашыла з джынсаў. Тканіна добрая, не прападаць жа. А яшчэ да новай спяцоўкі па колеры падыходзіць. Паглядзіце, які стыльны сацыяльны работнік!”
Галіна зазначае, што яна шчаслівы чалавек. Апроч працы, якая ёй у радасць, вялікую падтрымку аказвае муж. “Ён у мяне чалавек, які ўсё разумее. У адпачынку прывязе да падапечных, дапаможа дроў насекчы і вады прынесці”.

Цяпер у сям’і Палтаран прыемныя клопаты з трыма ўнукамі, якія прыехалі на канікулы: “Дачка нават крыўдуе, што я ўнукам усё дазваляю. Але ж я бабуля, мне належыць!”
Раскрывае сакрэт свайго стаў-лення да працы Галіна наступнымі словамі: “Трэба вельмі моцна любіць гэты свет і людзей. У кожнага чалавека – асаблівы лёс”.
Наша сумесная паездка на гэтым скончана, а Галіна Палтаран з дзвюма сумкамі на перавагу працягнула абыход. Гаворыць, нам з ёй да падапечных зайсці ў госці лепш летам, у цёплы час года ў іх і здароўе мацнейшае.
Штодня прысвячаць сябе іншым складана. Але падвесці тых, каму так патрэбна, наша гераіня не можа. Жанчына знікае з гарызонту. 14 чалавек чакаюць, што ў звыклы час да іх прыйдзе Галіна.

Наталля ПЕТРУШЭНКА. Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о