За што падабаецца гутарыць з выратавальнікамі, дык гэта за тое, што на ўсе мае пытанні яны могуць даць змястоўны адказ. Так і мой суразмоўца за непрацяглую гутарку паспеў скласці не толькі зразумелы і прывабны вобраз пажарнага, але і сапраўднага гаспадара ды бацькі.

“Выдатнік”! Хто стаіць за гэтай узнагародай?

Старшы інструктар па кіраванні пажарнай машынай, вадзіцель Алег Стракач пачынае свой аповед традыцыйна: “Сам я мясцовы, родам з вёскі Макарычы. Матуля мая, Валянціна Міхайлаўна, працавала прадаўцом, а зараз на заслужаным адпачынку. Бацька, Уладзімір Ігнатавіч, і зараз працуе вадзіцелем у камунгасе. Атрымліваецца, што мы знайшлі сябе ў розных сферах, але я ўсё ж пайшоў па шляху таты, стаўшы вадзіцелем.

З дзяцінства, як, пэўна, і большасць вясковых хлопчыкаў, я цікавіўся тэхнікай. Скончыў базавую школу ў Макарычах, атрымаў сярэднюю адукацыю ў Галубіцкай агульнаадукацыйнай школе. Паступіў у Палескі дзяржаўны аграрны каледж, што ў Калінкавічах. Калі маё навучанне падыходзіла да свайго завяршэння, на малой радзіме я сустрэў земляка, што таксама прыехаў у вёску на пабыўку. Знаёмы працаваў у той час у Мінску і прапанаваў паспрабаваць сябе ў галіне авіяцыі МНС. Скончыўшы навучальную ўстанову, я прайшоў камісію, патрэбныя іспыты і паступіў на службу ў сталіцу. Урэшце я быў прызначаны на пасаду старшага аператара групы радыёлакацыйнай сістэмы пасадкі вузла сувязі”, – распавёў старшы прапаршчык.

З цягам часу мужчына вырашыў вярнуцца ў родныя мясціны, бо тут жывуць бацькі, ды і ўвогуле, як кажуць, дома і сцены дапамагаюць. Служба атрымала працяг у Петрыкаўскім райаддзеле па надзвычайных сітуацыях ужо на пасадзе вадзіцеля.
– Калектыў сустрэў мяне добра, калегі ніколі не адмовілі ў дапамозе ці парадзе. Здаецца, яшчэ ўчора саслужыўцы называлі мяне “студэнтам”, а я спасцігаў ака-лічнасці сваёй спецыяльнасці. А зараз за плячыма ўжо 19 гадоў выслугі. За гэты час было многа выездаў: узгаранні ў пабудовах, на тарфяніках, у лясных масівах, ліквідацыя наступстваў ДТЗ, – адзначыў Алег Уладзіміравіч.
Па словах выратавальніка, самы складаны ў справе пажарнага адрэзак часу – ад выезда да прыбыцця на месца здарэння, калі яшчэ не зразумела, што чакае спецыялістаў на месцы.

Спраўляцца з эмацыйным фонам, па словах Алега Стракача, дапамагае калектыў. “Трэба разумець, што мы не толькі калегі. Мы – неабыякавыя адзін да аднаго людзі, часцяком дзелімся з саслужыўцамі сямейнымі гісторыямі, сустракаемся па-за службай. Пэўна, інакш і не склалася б, калі выконваеш агульную задачу і трэба быць упэўненым у надзейным плячы калег. Бясспрэчна, моцную падтрымку адчуваеш і ад сям’і, бо пачуццё, што за цябе хвалююцца і чакаюць, нічым не падмяніць. Усё гэта надае жыццёвых сіл.
Увогуле, мне здаецца, што выратавальнік павінен мець моцны характар. Уласна ў мяне пэўныя жыццёвыя прынцыпы былі закладзены менавіта сям’ёю. Я бязмежна ўдзячны сваім бацькам, што вывелі мяне ў людзі, і малодшай сястры Крысціне – усе яны моцна падтрымлівалі і падтрымліваюць мяне, – падзяліўся разважаннямі выратавальнік.

“Выдатнік”! Хто стаіць за гэтай узнагародай?У блізкіх Алега Уладзіміравіча ёсць падставы для гонару за свайго роднага чалавека. Летам выратавальнік атрымаў нагрудны знак “Выдатнік”, а двума гадамі раней медаль “За бездакорную службу ІІІ ступені” за подпісам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Разам з жонкай Юліяй наш герой выхоў-вае двух сыноў, што навучаюцца ў першай гарадской школе ў 9-м і 5-м класах. Хлопцы паказваюць поспехі ў вучобе і сябруюць са спортам. Ды і як інакш, калі бацька ў свае 39 гадоў прабягае кіламетр за 4 хвіліны, з дзясятак раз падцягваецца на перакладзіне і можа прапанаваць малым згуляць у “лесвічку”. Алег Стракач упэўнены, што ў выхаванні дзяцей трэба знайсці баланс бацькоўскага нагляду: “Не магу сказаць, што паўсюль кантралюю хлопцаў, але і ствараць сітуацыю, каб яны ўвесь час былі прадстаўлены самі сабе, не магу. Таму мы выпраўляемся на прыроду, бавім час на рыбалцы. Можам з сям’ёю наведаць Мазыр, Гомель, каб пабачыць адметныя мясціны суседніх гарадоў. Гэта дае свой плён – хлопчыкі цікавяцца гісторыяй і з павагай адносяцца за сваёй краіны.

У планах у мяне стварыць для сыноў усе ўмовы, каб яны атрымалі правы кіравання аўтамабілем. Зразумела, свой лёс яны будуць вызначаць самі, але быць вадзіцелем у наш час не толькі норма, а ўжо і патрэба.

Раскажу вам адметную гісторыю. Па заканчэнні школы бацькі, заўважыўшы маю любоў да тэхнікі, падарылі мне матацыкл “Мінск”, які, вось ужо больш за два дзясяткі гадоў я падтрымліваю ў належным стане. Часам наведваю родныя Макарычы менавіта на сваім “жалезным кані”, а матуля з татам сустракаюць мяне з асаблівым позіркам. У гэтым позірку ўвасабляецца і настальгія па шчаслівым мінулым, і павага да нашай агульнай сямейнай памяці. На матацыкле я выглядаю крыху мала-дзейшым, таму гэта як быццам своеасаблівая машына часу – нібы і не было гэтых 20-ці гадоў. Вы ж разумееце, што справа тут не ў транспартным сродку, а ва ўзаемапавазе. Вось так і ў сваёй сям’і хочацца выхаваць у дзяцей павагу да родных і любоў да Бацькаўшчыны”, – падвёў вынік нашай гутаркі Алег Уладзіміравіч.

Мне застаецца падзякаваць суразмоўцы за гутарку. Прыемна сустракаць людзей, што простымі словамі могуць патлумачыць складаныя рэчы – у гэтым і ёсць спрадвечная мудрасць чалавека справы.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о