Фальклорны народны ансамбль “Спадчына” адзначыў 30-годдзе

0
377

Як і трыццаць гадоў таму, 25-га мая Курыціцкі дом культуры напоўніўся мелодыямі гармоніка, гучнымі спевамі і шчырымі апладысментамі. У той дзень мясцовы гонар – фальклорны народны ансамбль “Спадчына”, юбілейным творчым вечарам адзначаў 30-годдзе свайго заснавання.

Фальклорны народны ансамбль “Спадчына” адзначыў 30-годдзеКалектыў пачаў творчы шлях у 1993 годзе пад кіраўніцтвам Тамары Хаменя, якая і зараз працягвае сваю працу над захаваннем і прасоўваннем спрадвечных беларускіх традыцый: у першую чаргу народных песень і абрадаў. За сваю гісторыю “Спадчына” паспела паўдзельнічаць у шматлікіх фестывалях, даць мноства сольных канцэртаў як у межах, так і па-за межамі нашага раёна, некалькі разоў прымала ўдзел у тэлевізійных перадачах. Мяняўся склад калектыву, але місія ансамбля заўсёды заставалася нязменнай.

Юбілейны творчы вечар пачаўся з харавой песні “Віншавальная”. Пасля чаго вядучая Наталля Шэлег запрасіла на сцэну Васіля Каляду – у час заснавання калектыва ён працаваў на пасадзе старшыні курыціцкага калгаса і бачыў працэс станаўлення творчай адзінкі сваімі вачыма.

– Як бы не складвалася гісторыя ансамбля, артысты працягваюць свой шлях. Яны даносяць сваім слухачам гістарычную сутнасць беларускай вёскі, – сказаў Васіль Канстанцінавіч і ўрачыста атрымаў ад удзельніц калектыву ў рукі бубен: ва ўсіх наступных песнях ён дапамагаў спявачкам сваім рытм-акампаніментам.
Песні ў выкананні “Спадчыны” таму і народныя, што сваім зместам надаюць увагу самым простым сялянскім з’явам і момантам з жыцця. Выкананне калектывам “А ў садзе рэчанька”, “Жыта ў полі” падарылі прысутным непадробныя эмоцыі.
Далей песенную праграму разбавіў верш у выкананні адной з дзвюх самых маладых удзельніц ансамбля: дзяўчыны толькі ў гэтым годзе скончылі мясцовую школу. “Я не ведаю месца лепшага ў свеце, на вялікай, блакітнай, на нашай планеце”, – Ангеліна Яцук прачытала радкі паэтэсы-зямлячкі Антаніны Рыбалка, прысвечаныя роднай вёсцы.

Ёсць у рэпертуары “Спадчыны” і эстрадныя песні. Людміла Шэлег для слухачоў выканала песню “Адліга”, а Валянціна Барадзіна змяніла тон праграмы з лірычнага на больш заліхвацкі і вясёлы. У яе выкананні прагучала каронная песня “Сямёнаўна”.
З віншавальнай прамовай выступіў Міхаіл Рудаўскі, які падчас заснавання ансамбля і прысваення яму статуса “народны” працаваў начальнікам аддзела культуры Петрыкаўскага райвыканкама:

– Дзякуй вам! Трыццаць гадоў – нямалы пройдзены шлях. За гэты час я чуў пра шматлікія поспехі ансамбля, ён карыстаецца вялікай папулярнасцю. Жадаю новых творчых поспехаў!

Праграму канцэрта працягнула песня “Як аб сценачку гарох”, – саліравала Ірына Герасіменка. Вясёлую і рухавую песню змяніла больш павольная, але таксама пазітыўная па сваім настроі – “Ой зялёна жыта, зялёна”, песню “Калі-небудзь” выканала Людміла Шэлег, а ў выкананні Ірыны Герасіменка прагучала песня “Ажаніўся стары дзед”. Даспадобы прышлося гледачам выкананне песень Яўгеніі Хаменя і Таццяны Налецька,заўсёды запатрабавана выкананне Евы Боўсун, Лідзіі Несцярэнка, Людмілы Хаменя і Вольгі Зубар.

Пачулі слухачы і песню ад прадстаўніцы маладога пакалення “Спадчыны”: Ангеліна Яцук выдатна справілася з роляй салісткі пры выкананні песні “Грачаннікі”. Людміла Дашук зачытала “прывітальны адрас” ад Гомельскага абласнога цэнтра народнай творчасці. У лісце дырэктар установы Наталля Сафрановіч павіншавала ансамбль з 30-годдзем, агучыла ўнёсак калектыву ў папулярызацыю беларускіх нацыянальных культурных традыцый, адзначыла ролю Веры Цітаўны Шэлег і Ніны Аляксееўны Машук у станаўленні ансамбля, падзякавала за любоў да мастацтва.
Далей мясцовыя спявачкі перадалі сцэнічную эстафету гасцям свята – сямейнаму дуэту “Жывіца”. Дарэчы, добра знаёмаму курыціцкай аўдыторыі: яго ўдзельніца Соф’я Паўлава пачынала свой творчы шлях менавіта ў Курыцічах. Дуэт выканаў шэраг розных па настроі песен і атрымаў галоўнае для артыстаў – шчырыя апладысменты ад слухачоў.

Завяршыўся вечар, але не завяршылася гісторыя калектыва, што ўжо столькі гадоў запар дорыць сваім прыхільнікам магчымасць ужывую пачуць спрадвечныя беларускія песні, убачыць традыцыйныя абрады і танцы. Адчуць і пачуць тое, што ў свой час зрабіла нас нацыяй са сваёй мовай і культурай.

Ілля ШЭЛЕГ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о