У мінулую пятніцу цэнтральная плошча райцэнтра стала месцам правядзення раённага выпускнога балю. 11 хлопцаў і дзяўчат па выніках навучання сталі ўладальнікамі залатых і сярэбраных медалёў. Якім быў іх шлях да атэстата асобага ўзору, пра што мараць цяпер – былыя школьнікі і сённяшнія абітурыенты распавялі ў час сустрэчы нашым карэспандэнтам.

Залаты россып ПетрыкаўшчыныАляксей КАВАЛЕНКА, залаты медаліст ДУА “Сярэдняя школа № 1 г. Петрыкава”, неаднаразовы герой нашых матэрыялаў, пераможца заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, уладальнік губернатарскай і Прэзідэнскай стыпендыі. Пра тое наколькі складана было атрымаць залаты медаль, якіх намаганняў гэта каштавала, Аляксей гаворыць:

– Мой сённяшні поспех – гэта таксама поспех маіх настаўнікаў і бацькоў. Шчыра ўдзячны ўсім, хто быў побач, хто натхняў, падтрымліваў, а часам і падштурхоўваў, не дазваляў спыняцца на дасягнутым. Выпускны клас выдаўся не простым, і я вельмі рады, што ўдалося дасягнуць пастаўленай мэты – атрымаць залаты медаль. Аднак супакойвацца і пачываць на лаўрах пакуль рана. Галоўнае выпрабаванне мяне, як і маіх аднакласнікаў, чакае наперадзе. Хочацца верыць, што ўсё запланаванае ў кожнага з нас на ЦТ атрымаецца – дзеля гэтага зроблена нямала. Што да выбару прафесіі – пайду па слядах бацькі і старэйшага брата, паспрабую сябе ў сферы ІТ.

Залаты россып ПетрыкаўшчыныКамілія НАСЕКА, залатая медалістка ДУА “Брынёўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”,  адзначае, што з завяршэннем важнага этапу ў жыцці, працягваецца работа па дасягненні галоўнай мэты – паступленні ў ВНУ. Будучы прызнаным “лірыкам” у школе, будучую прафесію дзяўчына абрала ў катэгорыі “сілавыя структуры”.

– З сумам думаю пра школу – вельмі шкада, што так хутка ўсё скончылася. Школьныя гады для мяне сталі часам адкрыццяў, шчырага сяброўства і, канешне ж, бесклапотнага дзяцінства.

Шмат часу апошні год ішло на вучобу: урокі, факультатывы, дадатковыя заняткі з педагогамі. Вольнага часу амаль не было, але і вынік, пагадзіцеся, таго заслугоўвае. Упэўнена, што набытыя ў школьныя гады веды абавязкова стануць падмуркам маіх будучых перамог.

Залаты россып ПетрыкаўшчыныДар’я БРАГА, залатая медалістка ДУА “Брынёўскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”:

– Так хутка праляцелі школьныя гады, так сумна ўсведамляць, што яны ўжо наша гісторыя. З вялікай удзячнасцю і пяшчотай мы будзем успамінаць гэты час, школьных настаўнікаў і сяброў, урокі і пазакласныя мерапрыемствы, алімпіяды і конкурсы. Ведаеце, залаты медаль не быў для мяне мэтай, ён хутчэй стаў прыемнай адзнакай паспяховай вучобы, а шматгадовы ўдзел у алімпіядным руху прадвызначыў выбар будучай прафесіі – планую паступаць у лінгвістычны ўніверсітэт.

Вельмі прыемна было на раённай урачыстасці прадстаўляць сваю школу, быць у ліку лепшых. І надалей пастараюся радаваць сваімі поспехамі бацькоў і настаўнікаў, якія так многа для мяне зрабілі.

Залаты россып ПетрыкаўшчыныАндрэй СУСЛАЎ, залаты медаліст ДУА “Навасёлкаўская сярэдняя школа” :

– Гады вучобы – час сур’ёзнай працы. Сёння я цвёрда ўпэўнены, што толькі марыць пра медаль – гэтага мала. Трэба шмат і апантана працаваць.

З вялікай удзячнасцю ўспамінаю кожнага настаўніка ў маім школьным жыцці. Асаблівыя словы падзякі адрасую Наталлі Леанідаўне Маліноўскай, Анатолію Іванавічу Баравіку, Наталлі Мікалаеўне Азёмша – педагогам, чые вучэбныя прадметы для мяне сталі лёсавызначальнымі (заўв. аўтара – прадметы ЦТ). Наперадзе новы этап – вучоба ў ВНУ. З выбарам установы ўжо вызначыўся – гэта Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце, факультэт “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”.

Шкада пакідаць школу, аднак студэнцкае жыццё мяне не пужае – павінен справіцца.

Залаты россып ПетрыкаўшчыныКацярына БОНДАР, залатая медалістка ДУА “Гімназія г. Петрыкава”:

– Скончыліся школьныя гады, і зараз я стаю на парозе дарослага жыцця. На будучыню ў мяне шмат планаў, мар і мэт. Але зараз уся мая ўвага сканцэнтравана на здачы цэнтралізаванага тэсціравання і паступленні ў ВНУ. Шмат перажыванняў, стрэсу і невядомага наперадзе. Але я веру, што ўсё будзе добра, а інакш і быць не можа. Таму хочацца ўсім абітурыентам пажадаць поспехаў, веры ў сябе і добрага летняга настрою. Любімай гімназіі жадаю працвітання, мэтанакіраваных вучняў, адданых сваёй справе настаўнікаў, якімі будзе ганарыцца Петрыкаўшчына і краіна. І памятайце: у жыцці няма нічога немагчымага!

Залаты россып ПетрыкаўшчыныМарыя ШКУРГАНАВА, залатая медалістка ДУА “Гімназія г. Петрыкава”:

– Шчымлівае пачуццё смутку, расстання з дзяцінствам, роднай гімназіяй, настаўнікамі, таварышамі не пакідае нас. Падышлі да завяршэння адзінаццаць гадоў вучобы. Наперадзе насычанае жыццё і мы ніколі не забудзем людзей, якія на працягу доўгага часу вучылі нас, клапаціліся пра нас і засцерагалі. Дзякуй настаўнікам, якія рабілі шлях да ведаў лягчэйшым, давалі мудрыя парады, любілі нас, як сваіх родных дзяцей. Дзякуй бацькам, за падтрымку і веру ў нашыя магчымасці. Мы абавязкова апраўдаем вашыя надзеі.

Залаты россып ПетрыкаўшчыныДзіяна ТАЛЕЦКАЯ, залатая медалістка ДУА “Гімназія г. Петрыкава”:

– Сёння мы выпускнікі. Нас цяжка назваць дзецьмі. Мы ўжо гатовы акунуцца ў свет адказнасці і абавязкаў. Усе гэтыя гады вучыцца было цікава, весела, але часцей адказна. Мы верым, што наперадзе ў нас цудоўная будучыня з добрай адукацыяй, магчымасцю кар’ернага росту, годным укладам жыцця. Мы гатовы для гэтага старацца, ісці наперад. Вядома, будуць складанасці, без гэтага ніяк. Але настаўнікі, бацькі навучылі нас не баяцца цяжкасцяў, пера-адольваць іх з высока паднятай галавой. Дзякуй педагогам за парады і веды, дапамогу і чалавечае цяпло, бацькам – за цярпенне, падтрымку і разуменне.

Залаты россып ПетрыкаўшчыныАрына КАЗЛОВІЧ, залатая медалістка ДУА “Гімназія г. Петрыкава”:

– Пакідаючы сцены роднай гімназіі, я і мае аднакласнікі ідзем у дарослае, адказнае жыццё. Няхай усё, што пажадалі нам педагогі, бацькі, сябры – спраўдзіцца, а ўсе, хто сказаў нам цёплыя словы, ніколі не забудуцца намі.

Будучым выпускнікам я жадаю поспеху, перамог на жыццёвым шляху. Памятайце: дарослыя жадаюць, каб у вас усё атрымалася. Слухайце іх парады! А навучэнцам устаноў адукацыі хачу сказаць – ідзіце толькі наперад, вам ва ўсім дапамогуць, аднак і вы павінны  старанна займацца і сур’ёзна рыхтавацца да ўрокаў. Смела ідзіце да сваёй мары, верце ў сябе і свае сілы – і ўсё у вас атрымаецца!

Залаты россып ПетрыкаўшчыныЯўгеній Несцярэнка, залаты медаліст ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Петрыкава”:

– Мэты атрымаць медаль першапачаткова ў мяне не было. Дзякуючы добрым настаўнікам, настойлівасці маіх бацькоў і, вядома ж, здольнасці да навучання, ужо ў 8 класе я зразумеў, што ўсё можа атрымацца.

Словы шчырай удзячнасці і па-дзякі хочацца выказаць у адрас усіх настаўнікаў без выключэння.

Фізіка – адзін з самых любімых прадметаў, па якім неаднаразова даводзілася прымаць удзел у школьных, раённых і абласных алімпіядах. Дзякуй Ігару Мікалаевічу Ліпскаму, які разгледзеў у мяне здольнасці да гэтай навукі.

Вялікі дзякуй таксама настаўнікам матэматыкі: Наталлі Рыгораўне Андрушкевіч, якой, на жаль, ужо няма з намі, і Тамары Іванаўне Галіцкай, якія прывілі любоў да гэтага прадмета. Пры гэтым не давалі расслабіцца ні на хвіліну, а таксама знаходзілі патрэбныя словы для пахвалы, што таксама нямала важна для кожнага вучня.

Залаты россып ПетрыкаўшчыныЮрый Зянкевіч, сярэбраны медаліст ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Петрыкава”:

– У 2011 годзе я пайшоў у першы клас. Ужо ў пачатковай школе я палюбіў вучыцца і імкнуўся быць у першых шэрагах у вучобе. Пачатковую школу скончыў з пахвальным лістом. Калі перайшоў у сярэдняе звяно, то не спыняўся на дасягнутым. Заўсёды стараўся выдатна вучыцца, таму ў мяне з’явілася мара: скончыць школу з медалём. У старэйшых класах гэтая мара ператварылася ў мэту, якая здзейснілася.

– Я заўсёды буду памятаць сваё школьнае жыццё і ніколі не забуду жыццёвыя ўрокі з любімымі настаўнікамі. Удзячны ім за падтрымку. Асобна хочацца падзякаваць Алене Рыгораўне Пацярайла і Таццяне Міхайлаўне Сера-дзюк. Цяпер у мяне ў планах паступіць у вышэйшую навучальную ўстанову. Зраблю ўсё, каб мая сям’я мною ганарылася.

Залаты россып ПетрыкаўшчыныПавел Шадура, сярэбраны  медаліст ДУА “Сярэдняя школа № 2 г. Петрыкава”:

– Хацелася б падзякаваць родным і, вядома ж, тым, хто вучыў нас на працягу ўсіх гэтых гадоў. Дзякуй вам, шаноўныя настаўнікі, за дапамогу ў цяжкія хвіліны, за добрыя парады і веды, якімі вы з намі дзяліліся. Асобную падзяку хачу выказаць такім выдатным, адданым сваёй справе настаўнікам: Таццяне Міхайлаўне Сера-дзюк, Тамары Іванаўне Галіцкай, Ігару Мікалаевічу Ліпскаму. Асаблівы ўклад у мой лёс унёс мой першы класны кіраўнік – Наталля Рыгораўна Андрушкевіч, настаўнік матэматыкі. Яна дапамагала нам усім не толькі ў вучобе, але і спрабавала вырашыць розныя жыццёвыя сітуацыі. Дасягнуць высокіх вынікаў у вучобе і атрымаць медаль, паспрыялі мае бацькі, якія пасля заканчэння школы былі ўзнагароджаны таксама сярэбранымі медалямі. Гэта адыграла галоўную ролю ў маім імкненні дасягнуць такіх жа вышынь і жаданні быць падобным да іх. Я ўдзячны сваім бацькам за іх любоў, цярпенне, мудрасць, жыццёвую пазіцыю і падтрымку ва ўсіх маіх пачынаннях. Вельмі хачу быць сынам, вартым сваіх бацькоў. Дзякуй вам за ўсё!

Пасля размовы з медалістамі з’явілася думка, што ў гэтых маладых людзей патэнцыялу павінна хапіць і на чырвоны дыплом – шчыра гэтага ім усім жадаем.

Гутарылі: Галіна КАЗАК, Святлана СОБАЛЕВА,

Наталля ПЕТРУШЭНКА.

Фота аўтараў.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о