Сёлета 184 юнакі і дзяўчыны скончылі ўстановы адукацыі Петрыкаўшчыны. Прыгожа прыбраныя, пасталелыя, усхваляваныя – яны сталі галоўнымі героямі традыцыйнай урачыстасці, што прайшла ў мінулую пятніцу на гарадской плошчы.

Пад гукі вальса – у дарослае жыццёРадасць разам з выпускнікамі падзялілі ў гэты дзень не толькі іх бацькі, сябры, педагогі, але і ганаровыя госці: намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько, Юрый Карнілаў, дырэктар УА “Гомельскі абласны цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў”, начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Людміла Жукавец, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Усціновіч-Насека, настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма протаіерэй Васілій Немеш, члены выканкама.

Шмат цёплых слоў і шчырых пажаданняў прагучала ў гэты дзень у адрас выпускнікоў.
– Жадаю вам знайсці сваю дарогу. Няхай вашыя поспехі будуць узнагародай для вашых бацькоў і педагогаў за любоў і клопат, за атрыманыя веды. Але, зрабіўшы свой выбар, памятайце, дзе пачынаўся ваш шлях. Наша Петрыкаўшчына спадзяецца на вас, мае патрэбу ў вашай маладой энергіі. У добры шлях, дарагія рабяты! – звярнулася да выпускнікоў намеснік старшыні райвыканкама Святлана Сянько.
Божага благаславення пажадаў выпускнікам настаяцель Свята-Мікалаеўскага храма протаіерэй Васілій Немеш, а бацькі далі наказ ўпэўнена, сумленна і смела ісці да пастаўленых мэт.

У адказ – падзяка за чулае сэрца маці і мудрае слова бацьку, за працу, цярпенне і дабрыню – любімым настаўнікам.
Ушанаванне актывістаў, музычныя падарункі – і вось плошчу запаўняе мелодыя вальса. Пад пяшчотна-рамантычная гукі мелодыі, хвалюючыя да глыбіні душы, пары лёгка кружацца ў танцы, які такт за тактам аддзяляе іх ад дзяцінства і пераносіць у новае, пакуль незнаёмае, але такое жаданае дарослае жыццё.
Так, хутка праляцелі школьныя гады і вось ужо выпускнікі 2022 года стаяць у пачатку свайго жыццёвага шляху. У кагосьці ўсё атрымаецца з першай спробы, а нехта знойдзе сябе, прайшоўшы шлях памылак, пошуку і спроб. У адным няма сумненняў – усе яны з гонарам панясуць па жыцці званне выпускнікоў сваіх навучальных устаноў.
Крочце ў новы дзень, выпускнікі, з высока ўзнятай галавой, бо вы – будучыня нашай краіны, нашай Петрыкаўшчыны!

Галіна КАЗАК,
фота Наталлі ПЕТРУШЭНКА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о