У апошні час асабліва актуальна паўстае пытанне рацыянальнага выкарыстання зямельных угоддзяў і пашырэнне сяўбазвароту. Паручэнне Прэзідэнта краіны – кожны кавалак зямлі павінен быць запушчаны ў дзеянне. З улікам эканамічных санкцый, уведзеных супраць нашай краіны, і неабходнасці імпартазамяшчэння – меры неабходныя і своечасовыя. Мы ўжо разумеем: не будзе вырашчана дастаткова айчыннай сельгаспрадукцыі – прыйдзецца цяжка. Канечне, размова ў большай ступені ідзе пра работу сельгаспрадпрыемстваў з іх вытворчымі магчымасцямі, але калі падумаць, у справу імпартазамяшчэння можам унесці ўклад і мы. І, заўважце, са зручнасцю для сябе і карысцю для кашалька.

Зямля павінна працавацьЗвярнула ўвагу, што на прылаўках беларускіх крам значную частку займае імпартная садавіна – я не кажу пра экзатычныя бананы і апельсіны, а пра такую, як яблыкі і грушы. І каштуюць яны не вельмі танна. Лепш схадзіць на базар і купіць неабходнае ў землякоў, што вырасцілі яе на сваіх участках – прама з градкі і па кошце прымальна. На гэтым фоне кідаюцца ў вочы пустуючыя зямельныя ўчасткі жылых сядзіб прыватнага сектара. Прытым закінутая зямля мае маладых, дужых гаспадароў, якія маюць сем’і і ў якіх падрастаюць дзеці. Атрымліваецца, для адных, хто з ранняй вясны прадае цыбулю, кроп, салаты – агарод з’яўляецца добрай дапамогай, а для другіх – проста кавалачак зямлі. Можна было спаслацца на бытуючую думку, што гэта праца эканамічна не выгадна, але з асабістага вопыту ведаю: свая гародніна, якая штодзённа ў вясновы, летні і восеньскі перыяд трапляе да стала, а пасля запаўняе слоікі на зіму – добрая падтрымка сямейнаму бюджэту. Канечне, каб быў вынік, зямля патрабуе ўкладанняў, часу і энергіі, але ўсё ж, старанне заўсёды ўзнагароджваецца.
Напэўна, жаданне выглядаць сучасна і гламурна, маўляў, “жыву ў горадзе, а не ў вёсцы”, “вымушае” некаторых суайчыннікаў аддаць сваю зямлю ў палон пустазеллю, другія, узялі за жыццёвую аснову меркаванне, што яшчэ ніхто на зямлі не разбагацеў, а трэція могуць сабе дазволіць набываць усё неабходнае ў краме. Я ведаю, што скажа большасць чытачоў: што рабіць на сваім участку – асабістая справа гаспадара. Гэта так. І ўсё ж нам не трэба забываць, што зямля – наша багацце, якім мы павінны карыстацца. Працаваць на ёй не сорамна. Гэта было пачэсна ва ўсе часы. Зямля хоча дыхаць, аддаваць і быць патрэбнай. Абыякавасць і безгаспадарлівасць яе забіваюць. Пасадзіце на ёй сад – гэта не затратна, не патрабуе вялікіх фізічных намаганняў і догляду – і з цягам часу вы ўбачыце плады ўдзячнасці ад матухны-зямлі.

Святлана СОБАЛЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о