У суботу Петрыкаўшчына чарговы раз будзе сустракаць міжнародны фестываль “Кліч Палесся” – аграгарадок Ляскавічы ў VІІ раз стане пляцоўкай правядзення брэндавага для нас этнафэсту.

Старшыня райвыканкама Аляксандр Кохан расказаў пра фестываль, яго значэнне для рэгіёна, планы і перспектывыНапярэдадні культурнай падзеі года мы сустрэліся са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Коханам, каб пагаварыць пра фестываль, яго значэнне для рэгіёна, планы і перспектывы.

– Наш фестываль – прызнаны брэнд рэгіёну. Арганізаваны ў 2010 годзе па ініцыятыве Прэзідэнта, ён змяніў жыццё не толькі саміх Ляскавічаў, але і ўсяго Палескага краю. Палешукі з энтузіязмам успрынялі ідэю народнага свята і рады ўдзельнічаць у ім. Аграгарадок за гэтыя гады стаў сімвалам яднання і сяброўства: на фэсце збіраюцца прадстаўнікі Гомельшчыны і Брэстчыны, а таксама краін-суседак, – адзначыў у час размовы Аляксандр Васільевіч.

Аднак, як лічыць кіраўнік раёна, трэба разумець, што фестываль – карпатлівая праца вялікай колькасці людзей: будаўнікоў, культработнікаў, прадстаўнікоў дзяржорганаў.

– Ад Брэста да Гомеля ўсе былі ўцягнуты ў падрыхтоўку свята. Дзякуй усім за дапамогу! Мы ж, як гаспадары, рыхтуемся да яго заўсёды адказна, імкнемся яшчэ больш упрыгожыць і без таго маляўнічыя мясціны. Упэўнены, што ў чарговы раз “Кліч Палесся” здзівіць не толькі адноўленай праграмай, але і людзьмі: умельцамі, майстрамі, сапраўдным россыпам талентаў, бо менавіта ў іх асобах – і гісторыя, і культура палескага рэгіёна, – дадае старшыня райвыканкама.

Як вядома, Палеская зямля – гэта ўнікальны край, скарбніца старажытных абрадаў, рамёстваў і фальклору, а яе жыхары вызначаюцца вялікай працавітасцю, шчырасцю і пачуццём гумару. Фестываль “Кліч Палесся” дапамагае нам усвядоміць сваю ролю ў сучаснай сусветнай культуры, аб’яднаць намаганні ў вывучэнні і захаванні бясцэннай гістарычнай спадчыны.
Як паведаміў у час размовы кіраўнік раёна, арганізатары фестывалю і сёлета будуць здзіўляць гасцей маштабам і арыгінальнымі ідэямі. У гэтым годзе праграма максімальна абноўлена, многія падзеі пройдуць упершыню. Змянілася аблічча традыцыйнай фестывальнай пляцоўкі: яна ператварылася ў гісторыка-этнаграфічны музей пад адкрытым небам з мноствам новых лакацый. А вось любоў і падтрымка жывых народных традыцый – застаецца галоўнай нязменнай ідэяй свята.

Цікавыя выставы, шматлікія падворкі, якія расказваюць пра звычаі і побыт рэгіёнаў, тут можна ўбачыць унікальныя абрады, пакаштаваць традыцыйныя палескія стравы, набыць сувеніры – адным словам, толькі тут можна адчуць сябе сапраўдным палешуком. Кожны раз, як ужо адзначалася, фестываль папаўняецца ўсё новымі мерапрыемствамі і традыцыямі.

Фестываль, упэўнены Аляксандр Васільевіч, абавязкова прыцягне ўвагу маладога пакалення – тут будуць арганізаваны цікавыя лакацыі, у прыватнасці пляцоўкі з майстар-класамі ад народных умельцаў, якія прэзентуюць розныя віды рамёстваў. Нашы традыцыі не павінны знікнуць і памерці – гэта аснова, мы павінны памятаць і падтрымліваць іх, перадаваць веды маладому пакаленню.
– Пагадзіцеся, калі ў чалавека няма каранёў, у яго няма і ўласнай думкі. Куды пашлюць, туды і пойдзе. Яго лёгка пераканаць у чым заўгодна. А такія шчырыя святы ў сіле данесці простыя, але важныя жыццёвыя каштоўнасці, якія заключаюцца ў павазе, узаемаразуменні, любові да Радзімы, – глыбока перакананы старшыня райвыканкама.

Упэўнены Аляксандр Васільевіч і ў тым, што і надалей фестываль будзе расці і развівацца. Галоўнае, што ёсць накірунак і разуменне, што гэта ўсё сёння патрэбна нам, палешукам.

– Што да больш шырокіх перспектыў, то мне хацелася б, каб наш фестываль быў не толькі святам, культурнай падзеяй, але і садзейнічаў эканамічнаму ўмацаванню рэгіёну, каб людзі вярталіся да нас і проста адпачыць на ўлонні некранутай палескай прыроды.
Не стамляюся паўтараць, што Палессе – унікальнае месца. Нашы дзяды і прадзеды заўсёды захоўвалі традыцыі, таму і мы спрабуем іх падтрымліваць, расказваць вялікаму колу людзей. Аднак, як гаворыцца, лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць, таму запрашаем усіх да нас на свята! – дадаў ў завяршэнне размовы Аляксандр Кохан.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о