Ёсць ідэя для бізнесу – дзяржава дапаможа

0
464

Ёсць ідэя для бізнесу – дзяржава дапаможа

Згодна з дзеючым заканадаўствам “Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь” беспрацоўныя грамадзяне нашай краіны маюць магчымасць атрымаць фінансавую падтрымку ў выглядзе дзяржаўных субсідый для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму, рамеснай дзейнасці. Субсідыя прадастаўляецца бязвыплатна. На сённяшні дзень яе памер складае крыху больш за чатыры тысячы беларускіх рублёў для жыхароў Петрыкава, больш за пяць – для жыхароў сельскіх населеных пунктаў. У мінулым годзе такой магчымасцю скарыстаўся жыхар райцэнтра Аляксандр Сокал.

Аляксандр звярнуўся за фінан-савай падтрымкай дзяржавы, каб адкрыць у родным горадзе ўласную справу – паслугі таксі.
– Нягледзячы на тое, што за плячыма ў мяне юрыдычная адукацыя і вопыт працы ў арганізацыях раёна, пра сваю асабістую справу я думаў даўно: сур’ёзна падыходзіў да вывучэння сваіх магчымасцяў, запатрабаванняў насельніцтва, аналізаваў рызыкі. Спыніць свой выбар на паслугах таксі, дапамог выпадак, – прызнаецца пры сустрэчы Аляксандр. – Неяк паступіла прапанова крыху папрацаваць у дадзенай галіне. Пагадзіўся. І справа пайшла, з’явілася цікавасць. Але скажу шчыра: не надаў у той час значэння некаторым момантам, якія павінны быць у гэтай дзейнасці. А як вядома, любая справа павінна адпавядаць заканадаўству, і рана ці позна недахопы заявяць пра сябе.

Па словах прадпрымальніка, менавіта тады ўзнікла думка пра адкрыццё сваёй справы, звязанай са сферай таксі: каб усё афіцыйна, якасна, згодна з патрабаваннямі. У планах падтрымала жонка, блізкія. Планы-планамі, а пачынаць трэба было з нечага. Аляксандр не хавае, на першапачатковым этапе словам і справай дапамог швагер, які працуе ў Петрыкаўскім ДТСААФ і ведае ўсё неабходнае па абслугоўванні аўтамабіля. Ён жа і агучыў ідэю, пра магчымасць дзяржаўнай дапамогі на адкрыццё ўласнай справы – гэта быў той шанец, якім трэба было скарыстацца.

Аляксандр накіраваўся ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, дзе яго выслухалі, азнаёмілі з умовамі атрымання субсідыі, надалі ўпэўненасці і паабяцалі падтрымку. Мужчына напісаў заяву на атрыманне дапамогі. Каб атрымаць фінансавую падтрымку, трэба было скласці тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне свайго праекта, іншымі словамі – бізнес-план. Спецыялісты падказалі, што не лішнім было б прайсці курсы па асновах прадпрымальніцкай дзейнасці. Аляксандр прыслухаўся да парады і ў Жлобіне прайшоў навучанне па асновах падаткаабкладання, вядзення бізнесу, атрымаў дапамогу пры складанні свайго праекта.

– Самы складаны момант ва ўсім працэсе атрымання субсідыі – напісанне і абарона бізнес-плана. Дакумент уключае ў сябе ўсе падлікі, адказы пра далёкую перспектыву і ўсё павінна быць выразна, аргументавана, “капейка ў капейку”, – распавядае зямляк. – Была каласальная дапамога ў складанні плана з боку начальніка, спецыялістаў упраўлення па працы. Гэтыя людзі практычна два месяцы – з моманту пастаноўкі на ўлік і да адкрыцця мной ІП – былі са мной на сувязі, накіроўваючы кожны мой крок.

Атрымаўшы грошы на раз-ліковы рахунак, Аляксандр зарэгістраваўся ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка. За кошт беззваротнай субсідыі ад дзяржавы абсталяваў машыну, як патрабуе заканадаўства: устанавіў таксометр, відыё-назіранне, зрабіў абклейванне, дэталёва падрыхтаваў машыну па тэхнічнай частцы. Аб мэтавым выкарыстанні выдзеленых сродкаў прадставіў справаздачу ўпраўленню па працы – з гэтым складанасцяў не ўзнікла. Прадпрымальнік не скупіўся на якасную і надзейную прадукцыю, прадугледзеў усе віды страхавых узносаў. Галоўнае – зручнасць і бяспека пасажыраў.

З арганізацыяй уласнай справы, жыццё Аляксандра набыло асаблівы рытм. У планах знайсці для працаўладкавання штат з трох чалавек і ў земляка ёсць ідэі для рэалізацыі на ўвесь бягучы год. Слухаючы суразмоўцу, для сябе адзначыла: цудоўна, што ў нашай краіне ў кожнага ёсць магчымасць для развіцця ўласнай справы, было б толькі жаданне і ўпартасць у дасягненні пастаўленай мэты. Для многіх людзей яна стварае магчымасць для развіцця справы ўсяго жыцця. Здаецца, наш герой з іх ліку.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о