Аляксандр Кніга – разьбяр з 20-гадовым вопытам. Калі б можна было скласці ўсе яго скульптуры адна за адной у даўжыню, то атрымалася б дыстанцыя працягам ў паўкіламетра, увасобленая ў больш чым трох сотнях вобразаў. За кожным з гэтых твораў карпатлівая творчая і фізічная праца, пра якую мы і пагутарылі з майстрам.

Скульптура з мясцовым каларытамНевысокі, але каржакаваты мужчына паглядае на свет руплівым позіркам, хітравата прыжмурваючыся, як сапраўдны паляшук. Сціплы на жэстыкуляцыю, разважлівы і павольны ў гутарцы, 56-гадовы рамеснік ёміста, без залішніх эпітэтаў, дзеліцца сваімі думкамі і ўзгадвае жыццёвы шлях.

– Нарадзіўся я і жыву ў Міхедавічах. З дзяцінства любіў маляваць, нешта выразаць, таму меў намер звязаць лёс з творчай прафесіяй, але, шчыра кажучы, належнай падрыхтоўкі ў мяне не было. Ведаеце, як гэта часцяком бывае ў сельскіх школах, маляванне ў нас выкладаў настаўнік без адпаведнай спецыяльнасці, таму навучаліся мы ў сілу сваіх здольнасцяў, – адзначае Аляксандр Адамавіч.
Скончыўшы школу, юнак накіраваўся ў Гомель паступаць на аграншчыка, але не каштоўныя камяні выбілі хлопца, а натуральнае жаданне авалодаць творчай спецыяльнасцю.

– Там мне падказалі, што лепшая мастацкая падрыхтоўка – у вучылішчы народнай творчасці. Туды і накіраваўся не раздумваючы. Іспыт быў адзін – малюнак, за які я атрымаў двойку. Але, акрамя іспыту, выкладчыкі гутарылі з абітурыентамі і майстар Мікалай Пытлеў, пасля нашай з ім гутаркі, сказаў камісіі: “Гэтага хлопца я забіраю ў сваю навучальную групу”. Так я авалодаў прафесіяй і ў 1983 годзе атрымаў спецыяльнасць “Разьбяр па дрэве”. Дарэчы, з групы ў 30 чалавек рамяством нашым да гэтага часу займаюцца толькі двое, улічваючы мяне. Астатнія змянілі род дзейнасці, нехта заняўся бізнесам – дзеліцца Аляксандр Кніга.

Скульптура з мясцовым каларытамПрацоўны шлях героя пачаўся са Жлобінскай фабрыкі мастацкіх вырабаў, а пасля службы ў арміі Аляксандр вярнуўся на Петрыкаўшчыну. Працаваў мастаком, нават паспрабаваў сябе ў ролі настаўніка малявання, але адчуў, што навучаць дзяцей – справа не яго, таму ўладкаваўся ў сталярную майстэрню мясцовай гаспадаркі.
Калі з’явілася магчымасць распачаць сваю справу ў якасці рамесніка, Аляксандр Кніга магчымасцю скарыстаўся і вось ужо 20 гадоў стварае драўляныя скульптуры.
Пачынаў проста: з эскізамі і фотаздымкамі сваіх першых работ майстар на машыне наведваўся да навакольных устаноў і прадпрыемстваў. А калі пайшлі першыя заказы, найлепшую рэкламу зрабіла так званае “сарафаннае радыё”.
Так і па сённяшні дзень працуе Аляксандр Адамавіч. Асноўныя яго кліенты – лясгасы. Выпадае ствараць скульптуры і для прыватных сядзіб.

Самае складанае, на думку разьбяра – дапамагчы заказчыку вызначыцца: “Часцяком чалавек прыходзіць да мяне толькі з ідэяй, а вось увасобіць вобраз у дрэве – мая задача. Зразумела, праз інтэрнэт я знаёмлюся з творамі іншых разьбяроў, багата чытаю – асабліва захапляюся міфалогіяй. Але галоўная крыніца натхнення, вядома, уласная фантазія”, – канстатуе майстар.

Зараз Аляксандр Кніга працуе над кампазіцыяй з дзвюх фігур: дзядок-колас, згодна задуме, будзе прапанаваць пачаставацца малаком з бутэлькі з соскай маленькаму цяляці, якое пасвіцца поруч. Скульптура будзе займаць месца ў адным з населеных пунктаў Калінкавіцкага раёна.

На пытанне: “Якіх грашовых укладанняў патрабуе яго справа?”, – майстар усміхаецца:
– Мізэрных! Пачынаць можна з трох асноўных стамесак: звычайнай, пакатай і паўкруглай. Калі справа спадабаецца, то, вядома, і стамесак стане больш – шырокія, вузкія… Але, па сутнасці, гэта толькі варыяцыі. Я, напрыклад, свой інструмент сам зрабіў: і тачыў, і загортваў. З цягам часу, каб палегчыць працу, спатрэбіцца якасная бензапіла, яшчэ я выкарыстоўваю балгарку. Вось і ўсё.

Сыны майстра, Вячаслаў і Андрэй, на жаль, не перанялі справу бацькі, але, як прызнаўся Аляксандр Адамавіч, у народзе кажуць, што здольнасці дзядоў найлепшым чынам перадаюцца ўнукам. “У мяне дзве ўнучкі: малодшай, Лізе, толькі тры гадкі, а вось старэйшая, шасцігадовая Ганна, таксама любіць маляваць, парады мне дае, раіць, як лепш зрабіць. Заўсёды поруч. Нават укладваю яе спаць, бо дзяўчынка без дзеда не засынае, – узнёсла прамовіў суразмоўца.
Мы развіталіся. Сядаючы ў “легкавік”, я пачуў, як зноў кіянка загрукатала ўдарамі па стамесцы, а гэта значыць, што літаральна праз некалькі дзён у чарговай палескай вёсачцы вочы мінакоў будзе радаваць новая драўляная скульптура.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о