Жаночы погляд на поспех

0
654

З кожным годам жанчыны ў нашай краіне ўсё больш актыўна ўключаюцца ў грамадска-палітычныя працэсы, а кола пытанняў, якімі займаюцца актывісткі грамадскіх арганізацый, становіцца ўсё шырэйшым. Калі гаварыць пра “Беларускі саюз жанчын”, самую масавую жаночую арганізацыю краіны, то, як зазначыла лідар раённай суполкі Святлана Сянько, у іх прыярытэце – патрыятычнае выхаванне, дабрачыннасць, ахова здароўя, культура, спорт і гэты спіс можна працягваць. І самае галоўнае, упэўнена Святлана Уладзіміраўна, усюды, дзе за справу бярэцца жанчына, пытанні вырашаюцца не толькі па-дзелавому, але і творча.

Наша сённяшняя гераіня – Марына Жукавец – нястомная актывістка БСЖ і проста добры і спагадлівы чалавек. Менавіта так характарызуюць гэтую мілую жанчыну тыя, хто хоць аднойчы меў магчымасць з ёй паразмаўляць.

Жаночы погляд на поспехМарына Міхайлаўна сапраўды нястомны чалавек. З лёгкай рукі жанчыны ўсе ініцыятыва БСЖ падхопліваюцца і рэалізуюцца ў першай гарадской школе, дзе яна працуе намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце.

Самымі яркімі рэалізаванымі праектамі актывістка БСЖ лічыць тыя, што былі накіраваны на ўзаемадзеянне з сям’ёй, і тлумачыць чаму:

– Сёння мы імкнемся ствараць умовы для развіцця паспяховых і шчаслівых сем’яў, адказнага бацькоўства – гэта цудоўная магчымасць годна выхаваць дзяцей, якія ў бліжэйшай будучыні будуць фарміраваць працоўны патэнцыял нашага раёна. У адваротным выпадку – хто заўтра пойдзе ў войска, адкуль возьмуцца добрыя настаўнікі, працавітыя аграрыі, хто, у рэшце рэшт, будзе працаваць на прадпрыемствах?

Вельмі шмат працуем над праектамі ў гонар Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, як бы мовіць, гадуем патрыётаў. Як паказваюць сённяшнія сусветныя рэаліі, без ведання трагічных і гераічных старонак вайны цяжка гарантаваць мірную незалежную будучыню нашай краіне.

Яшчэ адзін накірунак, да якога мы трапятліва ставімся, – здаровы лад жыцця. Хоць і пераймаем мы многія ідэі ад БСЖ, у межах установы ён не толькі пра жаночае здароўе, а і пра здароўе ўсёй сям’і. Здароўе – гэта наша ўсё. А хто, як не жанчына-маці, жанчына-настаўніца можа і павінна клапаціцца пра яго ўмацаванне і захаванне?
Так, без перабольшвання можна сказаць, што сучасныя жанчыны ўсвядомілі адказнасць за тое, што адбываецца ў грамадстве і зразумелі, што павінны ствараць будучыню сваіх дзяцей уласнымі рукамі, не марнуючы пры гэтым час на шкадаванне пра тое, што нехта штосьці ім не дадаў.

Па меркаванні маёй суразмоўцы, БСЖ – гэта падтрымка жанчын ва ўсіх напрамках. Калі чалавек адзін, яму часам не хапае таго магутнага зараду, які дае грамадская арганізацыя.

– Я маю на ўвазе нават не канкрэтную форму падтрымкі, а пэўны псіхалагічны падмурак, на які можна абаперціся і зрабіць самы цяжкі першы крок. Пагадзіцеся, падтрымка аднадумцаў кожнаму чалавеку дае адчуванне сілы, якая акрыляе і матывуе. Што асабіста да мяне, то ў моманты сумненняў я ўспамінаю, што не адна, што навокал ёсць людзі, якія думаюць гэтак жа, як і я: мая сям’я, родныя, калегі. Тады з’яўляюцца сілы ісці наперад, і як вынік – усё атрымліваецца, – з усмешкай рэзюмавала Марына Міхайлаўна.

Запісала Галіна КАЗАК.
Фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о