Яе справы – прававыя

0
1088

Для Іны Алісейка парадак,  дысцыпліна і прынцыповасць – не пустыя словы.  У дадатак да абаяння, жаноцкасці і далікатнасці мая гераіня мае ўнутраны стрыжань. Жанчына звязала сваё жыццё з юрыспрудэнцыяй і працуе юрысконсультам у Петрыкаўскай раённай бальніцы. З яе слоў  – прафесію выбрала свядома і ніколі пра рашэнне не шкадавала.

Яе справы – прававыя

Іну Ігараўну ведаюць як граматнага, адданага сваёй справе чалавека. Пацвярджаннем служыць той факт, што ўстанова аховы здароўя стала першым месцам яе працы пятнаццаць гадоў таму і застаецца па сённяшні дзень. Спецыяліст не шукала другіх шляхоў у жыцці, лепшых варыянтаў, а ўнікала ў справу, пашырала веды, набывала вопыт.
Гераіня родам з райцэнтра, закончыла першую гарадскую школу, атрымала вышэйшую адукацыю ў Гомельскім універсітэце імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці “Правазнаўства”. Прызнаецца, што нягледзячы на гады працы ў прафесіі, пасада патрабуе пастаяннага росту: законы ўдасканальваюцца, патрабаванні растуць.
– Пасля атрымання дыплома трэба было праверыць атрыманыя веды на практыцы, – гаворыць суразмоўца. – Гэта распрацоўка дакументаў прававога характару, падпісанне дамоў, аказанне кансультацый, здзяйсненне мерапрыемстваў па фінансавай і працоўнай дысцыпліне. У апошні час афармляю дакументы па апецы і папячыцельстве над непаўналетнімі.
Жанчына не хавае, што працы шмат. Для прыкладу – за бягучы год юрысконсульт падпісала  каля сямісот дамоў паставак. Пры ўсім гэтым нельга дапускаць памылак.  На маё пытанне пра сакрэты яе поспеху як юрыста, адказвае не раздумваючы:
– Патрэбна заўсёды і ва ўсім шукаць корань праблемы і прапаноўваць варыянты яе вырашэння. Граматна расставіць акцэнты, пры гэтым пачуць усіх: ад радавога супрацоўніка да кіраўніцтва ўстановы.  Быць карысным людзям, умець супрацоўнічаць і суперажываць.
Яшчэ адзначае, што чалавек у  прафесіі павінен не толькі ведаць законы і правільна іх ужываць, а і ўмець даказаць сваю правату. Немалаважным у працы з’яўляецца і калектыў. Суразмоўца кажа, што людзі ў ЦРБ працуюць на-дзейныя, любячыя сваю справу, гатовыя падтрымаць у любую хвіліну. Кіраўніцтву – асаблівая павага: заўсёды “на перадавой”, думаюць  пра людзей, служаць прыкладам у працы.
Пасля працоўнага дня Іна Ігараўна спяшаецца да сваіх родных. Дома яе чакаюць муж, дачка і сын. Для іх яна – самы любы чалавек, для яе родныя – сэнс жыцця і каштоўны скарб.  Мая гераіня мае сваю формулу шчасця: шчаслівая сям’я, цікавая работа і надзейныя людзі побач. Няхай заўсёды ў яе жыцці будзе толькі так.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о