“Я перад вамі з памяццю сваёй…”

0
631

Ёсць розныя падзеі ў жыцці чалавецтва, пра якія нашчадкі памятаюць шмат гадоў, нават стагоддзі. Але ёсць і такія па-дзеі ў нашай гісторыі, пра якія хочацца забыць назаўсёды, сцерці з памяці, нават, калі ты не жыў у той час і не маеш ніякіх адносін да гэтых падзей. У апошнія гады тэма гістарычнай памяці і яе захавання стала асабліва актуальнай, выйшла з архіваў і сховішчаў, набыла вастрыню. І, нягледзячы, што ўсе звесткі ваеннага ліхалецця складаюць хіба не самую пакутлівую старонку нашай гісторыі, яны не могуць быць пакінуты, бо ўвекавечваюць подзвіг нашага народа.

Вось ужо многія дзесяцігоддзі аддзяляюць нас ад Вялікай Айчыннай вайны. Аднак з памяці не згладзіліся і ніколі не згладзяцца жахлівыя злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ніколі не загояцца ўсе раны, што засталіся пасля вайны. Вайна – не толькі чалавечыя ахвяры, але і маральныя страты, вайна – гэта скалечанае дзяцінства, роспач і гора. Канечне, архівы яшчэ доўгія гады будуць для нас крыніцай звестак пра гэтыя злачынствы, але багата чаго могуць распавесці і іх жывыя сведкі.

“Я перад вамі з памяццю сваёй…”

Анастасія Гарошка нарадзілася ў Петрыкаве. Дзяўчынка сустрэла вайну, калі ёй было 12 гадоў. І вось яе гісторыя.
“Я ніколі не забуду, калі наш горад занялі фашысты”, – успамінае яна. “З гэтага дня маё дзяцінства скончылася, яго адабрала вайна. Фашысты, акупаваўшы горад, рабілі такія рэчы, што страшна ўявіць.

З першых дзён яны пачалі забіваць яўрэяў, тапіць іх у рацэ: старых, жанчын і нават дзяцей. Лавілі і растрэльвалі іх прама на вуліцах. Трупы людзей ляжалі ўсюды. Мясцовыя жыхары, дзе іх знаходзілі, там і хавалі. Самыя масавыя растрэлы мірных жыхароў былі ў раёне бойні пад лесам, ва ўрочышчы Яніна балота.

Аднойчы да нас забегла мая настаўніца, яўрэйка Броня Аронаўна. Матуля яе пакарміла і яна тут жа пачала збірацца сыходзіць – баялася, што калі немцы ці паліцаі дазнаюцца, то нас усіх заб’юць. Выйшла спешна з нашай хаты і паспела толькі прайсці некалькі метраў па вуліцы, але немцы яе заўважылі і забілі на маіх вачах. Я доўга не магла прыйсці ў сябе.

У час вайны мы жылі па вуліцы Калгаснай. Да нас у хату часта заходзілі немцы, яны былі апранутыя ў нямецкую форму, але я выразна памятаю, што размаўлялі здраднікі на рускай мове. Яны бязлітасна рабавалі мясцовае насельніцтва, а калі гаспадары прасілі не забіраць парася ці кур – тут жа расстрэльвалі.

Неўзабаве немцы выселілі ўсіх нас: матулю, мяне, сярэдняга брата і самага маленькага двухгадовага Лёню на куханьку, а самі пасяліліся ў вялікім пакоі. Калі па начах плакаў брацік, маці тут жа забірала яго ў сарай, бо баялася, што заб’юць.

Адным днём немцы разам з паліцаямі пачалі хадзіць па хатах і забіраць дзяцей. Забралі і мяне. Ноччу, з іншымі дзяцьмі, нас трымалі ў Вазнясенскай царкве, дзе мы ўсе спалі на мураванай падлозе. Днём выганялі капаць акопы за ракою.

Тым часам у раёне Гарыц немцы пабудавалі вузкакалейку да станцыі Капцэвічы. Па ёй сталі адпраўляць людзей. Туды ж адвезлі нас з матуляй. Пасадзілі ў цягнік і доўга вязлі. Я не ведаю колькі, можа быць тыдзень, можа два, але доўга. У выніку мы трапілі ў

Германію, на пункт перасялення, дзе нас сталі адбіраць “гаспадары”. Нашым “гаспадаром” стаў фермер. З першага дня нас з матуляй пачалі адпраўляць працаваць на розныя сельскагаспадарчыя работы. Пад нагайкай нас выводзілі на працу. Працаваць прыходзілася з світанку і да глыбокага вечара. Умовы працы былі рабскія. Мой маленькі брацік Лёня днямі заставаўся адзін, харчаваўся тым, што знойдзе. Усёй сям’ёй жылі мы ў маленькім пакойчыку, дзе стаяў двух’ярусны дашчаты ложак. Я з жахам успамінаю той голад. Варылі ежу з бруквы, на якую і дагэтуль не магу глядзець. Кавалачак хлеба давалі на тыдзень, але мы з’ядалі яго адразу ж, бо былі вельмі галодныя. Мы выжылі, мусіць, бо нас зберагаў анёл-ахоўнік.

Дачакаліся вызвалення. Немцы ўцякалі на Берлін. “Гаспадар” даў нам валоў і загадаў ехаць услед, але пайшлі нашы танкі і мы засталіся стаяць каля дарогі. Худыя, як цені, у абутку з драўлянай падэшвай, зверху абматанай анучамі. Стаялі і ціха плакалі…
Да нас падбеглі танкісты і, перш за ўсё, пачалі зрываць у нас нашыўкі. Побач стаяў разгромлены нямецкі абоз з рэчамі. Салдаты сказалі забіраць з абоза ўсё, што неабходна. Але мы плакалі і казалі, што баімся, бо немцы за крадзёж нас заб’юць. Мы не ведалі, куды ісці, калі вакол Германія, калі не разумееш у які бок крочыць. Але мы імкнуліся хутчэй падацца да роднага краю.
Мы вярнуліся ў родны город, дзе нас чакалі разбураныя, спаленыя хаты.

Мы атрымалі пахаванку, дзе было напісана, што бацька загінуў пад Сталінградам. Так, усё жыццё мы не ведалі, дзе ён пахаваны.
Я ж выйшла замуж, нарадзіла трох сыноў. Застаўся тут жыць і малодшы брат Леанід Малак.

Вельмі часта бываюць такія моманты, калі пачынаюць наплываць успаміны пра вайну і становіцца сумна і балюча. Каму, пытаю я тады сябе, патрэбна была гэта вайна, навошта адабрала яна ў мяне бацьку і маё дзяцінства?”

Галіна ЗАНКЕВІЧ,
навуковы супрацоўнік музея.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о