Конкавіцкія патрыёты

0
532

Краіна адзначыла адно з галоўных сваіх свят – Дзень Незалежнасці і семдзесят дзявятую гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Працавіты, мужны беларускі народ ведае кошт Вялікай Перамогі, за якую сваім жыццём заплаціў кожны трэці жыхар нашай краіны. Памятаюць і шануюць сваіх герояў і на Петрыкаўшчыне.
Наш пазаштатны аўтар, сябар “ Петрыкаўскіх навін”, ветэран педагагічнай працы з аграгарадка Конкавічы Іван Міцура сабраў матэрыял пра сваіх землякоў, якія сваім гераізмам, адданнасцю малой радзіме і сёння служаць прыкладам для падрастаючага пакалення.
Аляксей Іванавіч піша, што вёска Конкавічы была вызвалена от нямецка-фашысцкіх акупантаў 28-29 чэрвеня. 86 жыхароў Конкавічаў загінулі на фронце, 180 – у сельскім Савеце.
“Мы, хто жыве сёння пад мірным небам, на шматпакутнай беларускай зямлі, помнім пра сваіх герояў і шануем памяць пра іх”, – піша аўтар.

Яго выбраў час
Конкавіцкія патрыётыІван Максімавіч Міцура ўраджэнец вёскі Міцуры. Скончыў Конкавіцкую земскую пачатковую школу, шмат займаўся самаадукацыяй. У вёсцы быў асобай значнай: самы пісьменны чалавек, першы камсамолец, першы камуніст, патрыёт. Перад пачаткам вайны займаў пасаду старшыні мясцовага сельвыканкама. Мабілізаваў усіх ваенна-абавязаных у Чырвоную Армію, эвакуіраваў калгасных жывёл, а сам быў прызначаны райваенакаматам старэйшым групы ваеннаабавязаных, якія былі на брані. Быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1942 годзе па закліку партыі быў накіраваны ў тыл ворага па месцы жыхарства. Праз надзейных людзей з уласцівай яму асцярожнасцю арганізаваў з мясцовага насельніцтва баявую групу з дваццаці чалавек. У партызанскім атрадзе, які дзейнічаў тады каля вёскі Дзявятае Любанскага раёна, Іван Максімавіч кіраваў групай падрыўнікоў, якія пусцілі пад адхон два варожыя эшалоны. У пачатку 1943 года партызанскі атрад далучыўся да атрада імя Сільніцкага 25 брыгады імя Панамарэнкі Мінскага злучэння і ўліліся да часцей Чырвонай Арміі і пайшлі на фронт, дзе ваявалі да дня Перамогі.
Распавядаючы пра свайго земляка, ветэрана вайны і працы, назаву і іншыя рысы яго характару: таварыскасць, уменне сказаць патрэбныя словы. Пасля вайны Іван Максімавіч працаваў старшынёй калгаса. Як кіраўнік, былы франтавік падыходзіў з высокай патрабавальнасцю да сябе і падначаленых, абіраўся дэпутатам Петрыкаўскага райсавета. Ён шмат разоў выступаў перад вучнямі і настаўнікамі мясцовай школы з успамінамі пра свае франтавыя шляхі-дарогі і слухаць аратара было заўсёды цікава і пазнавальна.
Меў узнагароды: “Медаль партызану Айчыннай войны I ступені”, “За адвагу”. Пахаваны ў вёсцы Дзявятае Любанскага раёна, там, дзе партызаніў.

Чалавек вайны і працы
Конкавіцкія патрыётыУ 1984 я стаў сведкам выступлення перад падрастаючым пакаленнем земляка Уладзіміра Іосіфавіча КУЛАКА. Вялікая Айчынная вайна застала яго ў горадзе Курску за партай ваеннага вучылішча, дзе рыхтавалі маладых афіцэраў.
– Вораг раптоўна напаў на нашу краіну і Чырвонная Армія вымушана была на пачатку вайны абараняцца і адступаць. Але кожную хвіліну мы верылі ў Перамогу. Не забуду слоў адной бабулі з Лоева: “Куды вы, дзеткі, адступаеце? Вы ж такая сіла!” Гэтая думка простай жанчыны пра моц нашых людзей была для мяне апорай і падтрымкай у самыя цяжкія дні. Намі кіравала любоў да Радзімы. Я заўсёды ведаў – наш народ непераможны. Потым лёс мой склаўся так, што я апынуўся ў партызанскім злучэнні таварыша Балотнікава, у якім быў начальнікам штаба 130-й партызанскай брыгады. Злучэнню было даручана ўзарваць Пціцкі мост. Нам было выдзелена 300 кілаграмаў толу, 20 пакетаў узрыўчаткі, 10 кулямётаў, некалькі дзясяткаў мін. У маім распараджэнні было 20 чалавек і пяць конскіх фурманак. Коні цягнулі нагружаныя даверху і накрытыя хваёвымі галінкамі вазы з неабходным для выканання справы. Мы спыніліся на разгалінаванні дарог, адна з якіх прывяла нас у невялікую вёску Млынок. Нас сустрэлі разведчыкі. Да чыгуначнага маста было яшчэ 4 кіламетры. Надзейны таварыш з вёскі Пціч правёў нас да маста, на якім неслі патруль немцы. Ноччу, лежачы на жыватах, салдаты працавалі з узрыўчаткай. Другая група разведчыкаў мініравала чыгуначнае палатно, а трэцяя пад покрывам ночы набліжалася да маста. Стаяла мёртвая цішыня і раптам аглушальны выбух. Заданне было выканана, – успамінаў франтавік.
Пасля вайны Уладзімір Іосіфавіч узначаліў калгас імя Леніна. Пад яго непасрэдным кіраўніцтвам была праведзена меліярацыя для паляпшэння ўрадлівасці зямлі. Значна вырасла ўраджайнасць збожжавых, на фермах павысіліся надоі малака. Калгас займаў першае месца ў раёне. Не выпадкова земляка абралі дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР. Яго выніковая і творчая праца адзначана “Ордэнам Чырвонага Сцяга”, “Ордэнам Айчыннай вайны II ступені”, медалём “За абарону Кіева”. Пахаваны Уладзімір Іосіфавіч на могілках у вёсцы Міцуры.

Хадзілі па мінах
Конкавіцкія патрыётыАляксей Дзям’янавіч Несцярчук ураджэнец Конкавічаў. З першых дзён вайны быў прызваны ў Чырвоную Армію. Прырода шчодра надзяліла яго моцнай фізічнай сілай, працавітасцю. У Азербайджане за кароткі тэрмін ён авалодаў ваенным майстэрствам і стаў мінёрам. Байцом, які памыліцца можа толькі адзін раз. Запомніліся яго ўспаміны пра барацьбу пад Львовам. Тры дні ішоў бесперапынны бой. Танкі рухаліся з аднаго і другога боку. Пасля страшнага бою вораг змушаны быў адступіць, але ўсё поле было замініравана. Аддзяленне з сямі чалавек працавала дзень і ноч. Пасля размініравання ў жывых засталося толькі трое байцоў. Франтавік ваяваў і на Першым Украінскім фронце, дайшоў да Чэхаславакіі, дзе і сустрэў Дзень Перамогі.
Узнагароджаны ордэнам “Айчыннай вайны”, адзначаны за мужнасць.

 

Народу адданы сын
Конкавіцкія патрыётыУладзімір Фёдаравіч МІЦУРА, ураджэнец вёскі Міцуры. Да вайны працаваў настаўнікам пачатковых класаў. З першых дзён вайны быў прызваны ў Чырвоную Армію. Упершыню мы сустрэліся з ім на ўлонні прыроды, дзе ён з кніжкай у руках пасвіў сваіх коз. Тады я і пачуў франтавыя ўспаміны земляка. Адзін з іх урэзаўся ў памяць на ўсё жыццё.
Бой пад Сталінградам быў страшным відовішчам. Ударная нямецкая групоўка імкнулася на выручку свайму войску. Рускія салдаты нават не паспелі акапацца, як паказаліся нямецкія танкі. Ім насустрач рушылі нашы баявыя машыны. Тры дні ішоў бесперапынны бой. Стралялі “лоб у лоб”, ціснулі, разбуралі, побач узрываліся міны. І ўсё ж рускія салдаты перамаглі. Фашысты пачалі адыходзіць з вялікімі стратамі. Уладзімір Фёдаравіч лічыў, што тое што ён тады выжыў – цуд.
Затым яго полк удзельнічаў у вызваленні Геленджыка, што стаіць на беразе Чорнага мора. Тут ён атрымаў раненне ў правую руку. У шпіталі праляжаў чатыры дні, а потым зноў на фронт, дзе сустрэўся з землякамі Палескай вобласці. У пачатку 1944 года лёс занёс земляка на палескую зямлю – Пінскія балоты. На Беларускай зямлі і сустрэў Перамогу.

Прыкіпеў душой да Конкавіцкай зямлі
Конкавіцкія патрыётыНарадзіўся Якаў Макаравіч Лабкоў у вёсцы Селішча Дрыбінскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння школы атрымаў адукацыю ветэрынара. У 1939 годзе быў прызваны на тэрміновую службу, а потым адважна ваяваў на фронце. У пачатку 1944 года ён апынуўся на Петрыкаўшчыне, дзе і сустрэў Дзень Перамогі. Узнагароджаны ордэнамі “Знак пашаны”, “Айчыннай вайны II ступені”, медалём “За перамогу над Германіяй”.
Паколькі ветурачоў было вельмі мала, пачаў пацаваць па спецыяльнасці ў некалькіх гаспадарках. У Конкавічах ажаніўся на ўдаве і пусціў корні ў населеным пункце.
“Майму сэрцу вельмі мілая вёска Конкавічы, яе прыгожая прырода ідобразычлівыя людзі”, – заўсёды казаў Якаў Макаравіч.
Мужчына ішоў насустрач людзям: працаваў не толькі ў калгасе, але і дапамагаў пры неабходнасці землякам у асабістых гаспадарках. Узгадваецца такі выпадак: у маёй рагулі быў цяжкі расцел і прыйшлося звярнуцца да ветурача. Позна ўвечары прыйшоў да яго. Ён сабраў усе неабходныя інструменты. Тут выйшла жонка і спытала: “А куды ты, Яша, на ноч гледзячы пойдзеш?”. “ Дапамога трэба”, – толькі і сказаў урач. Такі вось быў чалавек Якаў Макаравіч Лабкоў.

Аляксей Міцура,
жыхар аграгарадка Конкавічы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о