Несці жывую ваду

0
595

З пачаткам цёплага сезона мы традыцыйна сочым за палявымі работамі, дзякуем аграрыям за шчырую працу. Поруч жа шчыруюць спецыялісты меліярацыйнай галіны, якія выконваюць падобную мэту, але праца іх застаецца, часам, незаўважнай. Разам з тым вызваляць глебу ад забалочанасці і несці да палеткаў жывую ваду – важная місія ў свеце сучаснага землекарыстання. З прадстаўніком гэтай прафесіі мы і пагутарылі напярэдадні іх прафесійнага свята.

Несці жывую ваду

Аляксандр Маргун – спецыяліст са зайздросным стажам і ўнушальным вопытам. Ураджэнец вёскі Міхедавічы, скончыўшы школу, атрымаўшы правы кіравання на вучэбна-вытворчым камбінаце і адслужыўшы ў арміі, уладкаваўся ў Бабуніцкую гаспадарку “Запаветы Ільіча”.

“Адпрацаваў амаль два гады, але меліярацыя прывабіла больш. Так я вырашыў паспрабаваць сябе ў гэтай прафесіі. З 1982 года я нязменна працую на прадпрыемстве”, – падзяліўся Аляксандр Васільевіч.
Тыя часы сталі лёсавырашальнымі для маладога чалавека: Аляксандр не толькі вызначыўся з прафесійным кірункам, але і стварыў сям’ю – пабраўся шлюбам з аднакласніцай Раісай, да якой меў пачуцці яшчэ з школьных часоў, неўзабаве нарадзіўся і першынец Васілій.

Маладыя перабраліся ў Петрыкаў, праз год сям’я атрымала кватэру ад арганізацыі, а ў 1985-м годзе пара ў другі раз спазнала шчасце бацькоўства з нараджэннем малодшага сына Аляксея.
Ляцелі гады, вядома, усякае было на працоўным шляху, працягласцю ў 41 год, але Аляксандр Васільевіч абранай справе не змяніў. Дарэчы, зараз у прадпрыемстве меліярацыйных сістэм працуе толькі адзін работнік, што пераўзыходзіць спадара Маргуна па стажу – Фёдар Малашчанка.

“Я сустракаў, ды і зараз трапляюцца такія людзі, што ўсё шукаюць ці то доўгага рубля, ці то больш зручных умоў. Спрабуюць сябе то ў адным, то ў другім, то ў трэцім, але, урэшце, у так званым пошуку, такія людзі не становяцца сапраўднымі спецыялістамі ні ў адной з галін працы”, – падзяліўся назіраннямі суразмоўца.

Працоўны дзень вадзіцеля ПМС пачынаецца а 7-й раніцы. Пасля падрыхтоўкі машыны, афармлення транспартных дакументаў, запраўкі меліяратары выпраўляюцца на аб’екты. Шчыруюць да 5-ці гадзін вечара і выпраўляюцца да райцэнтра. Праўда, не заўсёды ўсё ідзе за працоўных графікам – здараюцца і экстранныя выезды ў выхадныя і святочныя дні, калі, напрыклад, трэба адкрыць нейкі шлюз, каб вада не падтапіла палеткі, людскія падворкі ці іншыя аб’екты.

Працоўнага жалезнага каня “ГАЗ 33081” вадзіцель ахарактарызуе станоўча: “Працую на машыне ўжо гадоў пяць, але ўзрост аўтамабіля значна большы – 16 гадоў. Ужо і палічыць складана, колькі гэты “газон” змяніў гаспадароў, але нічога, спраўна цягне. Магутнасці, каб ехаць па балацінах, у турбадызеля хапае, а простая канструкцыя забяспечвае надзейнасць работы”.
Па словах мужчыны, ніякага сакрэту паспяховай працы няма. Варта шчыра выконваць даручэнні кіраўніцтва, быць дысцыплінаваным і тады ўсе намаганні пойдуць на агульную карысць работы калектыву. Пэўна, такі жыццёвы погляд наш герой перадаў і сынам, што служаць ва Узброеных Сілах: старэйшы ў званні падпалкоўніка, малодшы – маёра.

Напрыканцы гутаркі Аляксандр Васільевіч прамовіў: “Жадаю калегам моцнага здароўя. Астатняе чалавеку па сілах дамагчыся самому. Беражыце сябе!”.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о