Люблю вясну за мноства святаў, якія нагадваюць мне пра шчаслівую пару савецкага дзяцінства і бесклапотнага юнацтва.

Доўгачаканая, вечна юная вясна пачынала сваё пераможнае шэсце па зямлі з Міжнароднага жаночага дня восьмага сакавіка. Хваляванні, падрыхтоўкі, чаканні. Зрабіць мамам падарункі, падпісаць паштоўкі, выпусціць насценную газету. Напярэдадні свята мы, дзяўчынкі, тоўпіліся каля дзвярэй сваіх класаў і чакалі, пакуль хлапчукі дазволяць нам увайсці. Зазірнуўшы ў глыбіню парты, мы з заміраннем сэрца вымалі на свет якую-небудзь цацку, чыталі паштоўку, падпісаную рукой чыёйсьці маці, а потым выхваляліся адна перад адной сваімі падарункамі.
Што ведаюць сённяшнія дзеці пра Дзень касманаўтыкі, пра першы палёт у космас нашага, савецкага, чалавека – Юрыя Гагарына? Наўрад ці яны глядзяць у неба так, як глядзелі мы. Сучасныя дзеці не адрываюцца ад экранаў  камп’ютараў. Кожны трэці хлопчык з майго дзяцінства марыў стаць касманаўтам або лётчыкам-выпрабавальнікам. Сёння кожнае дзіця хоча быць проста паспяховым – не важна кім…
А колькі дрэў мы пасадзілі першага мая, колькі сабралі металалому і макулатуры! Усмешкі, смех, радасць, весялосць! Мір, праца, вясна! Мы вучыліся працаваць разам, радавацца разам, усміхацца адзін аднаму.
Вялікдзень – зусім незразумелае свята, нейкае таямнічае, таму што забароненае. Нам не распавядалі пра Бога ні ў школе, ні дома. Бабуля толькі хрысціла крадком на дарогу, ды шаптала нейкія незразумелыя словы. Але да Вялікадня рыхтаваліся, а мы, дзеці, чакалі духмяных пірагоў, фарбаваных яек. Да гэтага часу пах ванілі ў мяне асацыіруецца з Вялікаднём, толькі чаканні ад гэтага свята цяпер у мяне зусім іншыя. А тады, у далёкія 80-ыя гады, самыя смелыя, не баючыся настаўніцка-бацькоўскіх патрулёў, употай прабіраліся на ўсяночную службу ў адзіную дзеючую Свята-Мікалаеўскую царкву. Хутчэй за ўсё імі рухала простая  цікаўнасць, але хлопцы і дзяўчаты былі ў нейкім родзе міжвольнымі пакутнікамі за Хрыста, бо потым іх выклікалі на камсамольскія сходы, адчытвалі, бралі на парукі.
Дзень Перамогі дагэтуль – са слязьмі на вачах. Гэта свята асаблівае, лёсавызначальнае не толькі для савецкага народа, але і для ўсяго свету, і святкавалі яго з размахам. Гэта свята – усіх і кожнага. Мы ведалі герояў Вялікай Айчыннай вайны не толькі па імёнах, але і ў твар па фотаздымках, мы выхоўваліся на іх подзвігах, ненавідзелі здраду, крывадушнасць, прыстасаванства, мы гаварылі праўду ў твар, умелі сябраваць па-сапраўднаму, бескарысліва.
Напярэдадні свята я распавядала сваім вучням пра ролю Вялікай Перамогі ў нашым сённяшнім жыцці і пра тое, што, на жаль, на Захадзе і сярод нашчадкаў пакалення самай страшнай вайны ёсць нямала людзей, якія імкнуцца “за даўнасцю гадоў” забыць пра найвялікшую трагедыю многіх мільёнаў людзей. Яны спрабуюць прынізіць і сказіць значэнне Вялікай Перамогі Савецкага Саюза, яго вызваленчай місіі для народаў Еўропы. Але мы – памятаем! Народ жывы, пакуль памятае сваю гісторыю.
У школе апошнія перадсвяточныя прыгатаванні: рэпетыцыі канцэрта да Дня Перамогі, выраб “вянка Славы” для ўскладання да магілы воінаў. Дадому вярталася стомленая, але ў прыўзнятым настроі ад надыходзячага свята.
На міні-рынку ля банкамата малады чалавек раздаваў невялікія сувеніры з Георгіеўскіх стужачак. Апынуўся такі сувенір і ў мяне ў руках разам з надрукаваным тэкстам. Малады чалавек прасіў за сувенір 3 рублі. Маю ўвагу адцягнуў мужчына, які гандляваў гароднінай. Адрэагаваў ён бурна, вярнуў хлопцу сувенір разам з лаянкай:
– Навошта мне гэтая “бурда” за 3 рублі.
Людзі вярталі хлопцу сувеніры, адзін мужчына проста шпурнуў стужачкі яму пад ногі.
Успомніла выпадак у Мінску. Мы ішлі з сынам па прывакзальнай плошчы, глуханямая дзяўчына раздавала сувенірную беларускую сімволіку. Я прайшла міма, а сын спыніў мяне і паказаў на паперку з тэкстам у яе руцэ:
– Мама, давай купім, я без шаурмы абыдуся.
Шаурму я ўсё ж купіла сыну, а ён падзяліўся са мной. Мы стаялі з беларускімі сцяжкамі каля ўваходу ў метро, елі шаурму і нам было вельмі радасна – проста так.
Сувеніру гэтаму, можа быць, кошт – тры капейкі, але той хлопец чакаў міласці ад нас, здаровых, якія гандлююць, якія здымаюць грошы, якія праходзяць міма. Як добра, што ён не чуў крыўдных слоў, не мог прачытаць іх па вуснах з-за надзетых масак, але ён бачыў вочы, у якіх чытаў абыякавасць да чужога лёсу. Калі мы сталі такімі? Чаму?
Хутка, зусім хутка мы апынемся перад Богам на судзе. Чым апраўдаемся? Як міласці будзем прасіць? “Блажэнны міласэрныя, бо яны памілаваны будуць” (Мц. 5, 7). Ці будзем памілаваныя?
Сувенір з Георгіеўскай стужачкай я прымацавала на акенца. Хутка Дзень Вялікай Перамогі, які па невымоўным промысле Божым заўсёды прыпадае на дні Святога Вялікадня. І гэта – наш другі Вялікдзень!
Святлана ТАРАСЕВІЧ.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о