ДОБРАЯ ПАМЯЦЬ ПРА БЕЛАРУСКАГА КЛАСІКА

Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа ў Растоўскай вобласці адкрыецца музейная экспазіцыя.

 ДОБРАЯ ПАМЯЦЬ ПРА БЕЛАРУСКАГА КЛАСІКАУ дзень нараджэння класіка на растоўскай зямлі з’явіцца куточак Беларушчыны – тут ствараецца мемарыяльны літаратурны пакой народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа. Пра гэта паведаміў старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч.

У 2017 годзе Пятрушынскай бібліятэцы, што ў Растоўскай вобласці, прысвоена імя класіка беларускай літаратуры  Івана Мележа. Такое рашэнне прынята на заканадаўчым узроўні расійскага рэгіёна як вынік плённага творчага супрацоўніцтва пісьменнікаў Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і іх расійскіх калег.

Як удакладніў Уладзімір Гаўрыловіч, беларускія і расійскія літаратары з Растоўскай вобласці пасябравалі даўно, актыўна працуючы разам у межах двух творчых праектаў – міжнароднага фестывалю-свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” і ўзнікшага пазней міжнароднага фэсту-конкурсу паэзіі і паэтычных перакладаў “Берагі дружбы”.

– Калі зайшла гутарка пра новы творчы праект перакладаў у 2017 годзе, у якім напачатку працавалі толькі аўтары-гамяльчане, а пасля ўключыліся прафесійныя і маладыя паэты ўжо з усёй Беларусі, сябра нашай краіны расійскі паэт Леанід Север агучыў ідэю увекавечвання  аднаго з творцаў беларускай літаратуры на яго малой Радзіне, – адзначае У. Гаўрыловіч. – Мы прапанавалі ўшанаваць памяць  народнага пісьменніка Беларусі Івана Мележа, выхадца з Хойніцкага раёна Гомельшчыны.  І мелі рацыю: творца – удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, быў цяжка паранены і лячыўся ў растоўскім шпіталі, затым быў адпраўлены ў тыл і камісаваны.

Аформленая афіцыйна прапанова аддзялення была накіравана кіраўніцтву расійскага рэгіёна, прынята, разгледжана і хутка рэалізавана:  імя класіка беларускай літаратуры Івана Мележа летам 2017-га атрымала  муніцыпальная бюджэтная ўстанова культуры «Пятрушынская сельская бібліятэка Новабессяргенеўскага сельскага паселішча Неяклінаўскага раёна Растоўскай вобласці”. Тады з удзелам кіраўніцтва Гомельскага аддзялення СПБ у Пятрушына была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка,  а пісьменніцкая арганізацыя перадала ў дар кніжныя падарункі – творы Мележа.

Час паказаў: да творчасці класіка беларускай літаратуры ў расійскай глубінцы цікавасць з году ў год толькі павялічвалася. На базе бібліятэкі, якая носіць яго імя,  штогод ладзіліся канферэнцыі, творчыя сустрэчы, у тым ліку з гомельскімі творцамі, якія ўдзельнічалі ў фестывалі “Берагі дружбы”. А праз нейкі час па ініцыятыве супрацоўнікаў бібліятэчнай установы і  падтрымцы  мясцовых уладаў, нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Растоўскай вобласці» і нацыянальна-культурнай аўтаноміі «Беларусы Кубані» было прынята рашэнне аб далейшай папулярызацыі творчасці беларускага пісьменніка і адкрыцці да яго100-годдзя на базе бібліятэчнай установы мемарыяльнага музейнага пакоя.  Так, годная ініцыятыва зноў аб’яднала творцаў і работнікаў культуры дзвюх краін. Па просьбе Савета аддзялення СПБ работнікі Хойніцкага краязнаўчага музея і мемарыяльнага літаратурнага музея Івана Мележа ў агр. Хойнікі зрабілі нямала копій фотадакументаў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка-земляка і накіравалі іх у Растоўскую вобласць…

Адкрыццё ж мемарыяльнага літаратурнага пакоя Івана Мележа запланавана якраз на 100-годдзе народнага пісьменніка Беларусі. Удзельнікамі гэтай важнай падзеі адначасова стануць няклінаўцы і гамяльчане:  пісьменнікі, бібліятэчныя работнікі і краязнаўцы, прадстаўнікі органаў мясцовай улады двух краін ў анлайн-фармаце правядуць міжнародны тэлемост, пад час якога ўрачыста адкрыюць новую музейную экспазіцыю і абмяркуюць далейшае супрацоўніцтва на ніве культуры і літаратуры.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о