Листаем желтые страницы
Заметок, писем, дневников.
Встают пред нами
близких лица,
И память мчится вглубь веков.
Мелькают дней прошедших
даты
Ударной жизни трудовой.
И в бой опять идут солдаты.
И день Победы над страной!
Тут наши прадеды и деды,
Шагая рядышком с тобой,
Ведут незримую беседу
О сути жизни вековой.
История семьи и рода –
Пылинка во Вселенной всей,
Частичка мудрого народа
Любимой Родины моей!

Янина Василец

У сям’і Васілец прафесія настаўніка стала прызваннем пяці пакаленняў і налічвае ў сваёй радаслоўнай 20 педагогаў.

Дзіўная гэта з’ява – дынастыі педагогаў! Людзі, звязаныя роднаснымі адносінамі, выбіраюць адну і тую ж прафесію. Што гэта, “кліч крыві”, дар вучыць, перада-дзены ў спадчыну? Ці нешта, атрыманае звыш, якое вызначае лёс? Немагчыма стаць настаўнікам, проста ідучы па слядах бацькоў. Настаўніцкая дынастыя – гэта асаблівы лад жыцця.
Працоўную дзейнасць дынастыі Васілец пачынаюць Пётр Іванавіч і Марыя Іванаўна, якія яшчэ да рэвалюцыі працавалі настаўні-камі ў земскай школе горада Добруша. Рэвалюцыю прынялі і працягвалі настаўнічаць у савецкай школе. Далі годную па тых часах сямігадовую адукацыю сваім тром дзецям, якія працягнулі прафесію бацькоў, былі верныя прызванню нават у самыя цяжкія часы.
Гады вайны сталі трагічнымі для іх сына Канстанціна, які ў самым пачатку вайны трапляе на перадавую, а затым у акружэнне, выбрацца з якога было немагчыма. З групай чырвонаармейцаў ён трапляе ў палон да немцаў. У 1943 годзе пачалося вызваленне Гомельскай вобласці, і ў першы ж дзень свайго вызвалення Канстанцін Пятровіч з’явіўся з дакладам у аддзяленне НКУС, але яго ніхто не стаў слухаць: таўро – быў у палоне, пад акупацыяй – вораг народа. Каб “крывёю змыць сваю ганьбу” ён быў накіраваны ў штрафны батальён. Развітваючыся са сваёй жонкай, разумеў, што бачыць яе ў апошні раз. Літаральна праз некалькі дзён у яго нарадзіўся сын Яўгеній, а праз месяц жонка атрымала пахаванку: “Васілец Канстанцін Пятровіч прапаў без вестак”.
Цяжка давялося Клаўдзіі Акімаўне пасля вайны. З маленькім сынам на руках працягваць вучобу ў педагагічным інстытуце было складана. Але пры падтрымцы сваіх бацькоў яна вяртаецца на завочнае аддзяленне і працаўладкоўваецца ў Веткаўскую школу № 2, дзе ўсё сваё жыццё працавала настаўніцай беларускай мовы і літаратуры.
Кожны ўрок Клаўдзіі Акімаўны быў сур’ёзнай, эмацыйнай размовай пра жыццё. Вучні даверліва ішлі за настаўнікам, спасцігаючы ісціну ў мастацкім творы. Яна заўсёды імкнулася выхоўваць іх удумлівымі, дапытлівымі чытачамі.
Цалкам заканамерна, што сын Яўгеній працягнуў прафесію сваіх бацькоў. Ён рос дапытлівым хлопчыкам: у 4 гады навучыўся чытаць і лічыць, а кніга стала яго галоўным атрыбутам. Да сямі гадоў, калі яго аднагодкі толькі пачыналі спасцігаць асновы граматы, чытаў мастацкія творы. Але больш за ўсё яму падабалася матэматыка, ён бачыў сябе толькі матэматыкам, як яго бацька. Пасля заканчэння школы паступіў у Гомельскі педагагічны інстытут імя Чкалова на матэматычны факультэт. І тут Яўгеній Канстанцінавіч дзівіць аднакурснікаў сваімі здольнасцямі “з лёту” схопліваць самыя складаныя формулы і рашаць задачы вышэйшай матэматыкі.
Пасля заканчэння інстытута разам з маладой жонкай размяркоўваецца ў Конкавіцкую сярэднюю школу нашага раёна. Праз некаторы час Яўгенію Канстанцінавічу паступае прапанова заняцца навуковай дзейнасцю, і ён едзе ў Гомель у інстытут механікі металапалімерных сістэм Акадэміі навук БССР.

Дынастыя высакароднага прызвання
Прадстаўнікі дынастыі Васілец на раённай сцэне: Раман Дыба, Канстанцін Васілец і Таццяна Васілец

Сям’я засталася ў вёсцы. Адпрацаваўшы некалькі гадоў на пасадзе галоўнага інжынера, мужчына стаяў перад выбарам: навука ці сям’я? У 1977 годзе вяртаецца ў Конкавічы працаваць настаўнікам матэматыкі разам са сваёй жонкай Тамарай Фамінічнай.
Яўгеній Канстанцінавіч быў не толькі таленавітым матэматыкам і фізікам, ён быў рознабаковым чалавекам, аднавяскоўцы жартам называлі яго “хадзячая энцыклапедыя”. З задавальненнем займаўся сталярнай справай, напяваючы пры гэтым рамансы. А голас і музычны слых у яго былі выдатныя, нават арыі з опер часта выконваў.
Яго заўсёды прыцягвала невядомае, новае, захапляльна цікавае. Нездарма, калі ў 1986 годзе ў школах сталі ўводзіць інфарматыку, не задумваючыся, перакваліфікаваўся і “з галавой увайшоў” у новы прадмет, які патрабаваў дадатковай падрыхтоўкі.
Не меншым аўтарытэтам у аднавяскоўцаў карысталася і Тамара Фамінічна – эрудыраваны, энергічны, творчы педагог з актыўнай жыццёвай пазіцыяй.
Іх сыны працягнулі прафесію бацькоў. Атрымалі вышэйшую педагагічную адукацыю ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны. У цяперашні час працуюць па спецыяльнасці ва ўстановах адукацыі Петрыкаўскага раёна.
Яркіх і неардынарных прадстаўнікоў гэтай педагагічнай дынастыі можна прадстаўляць яшчэ нямала, аднак усіх іх аб’ядноўваюць паважлівае стаўленне да сваіх вучняў, уменне радавацца іх поспехам і імкненне падтрымаць у цяжкую хвіліну, ганарыцца іх дасягненнямі. Хай і няма сярод прадстаўнікоў гэтай дынастыі знакамітых герояў, але ўсе яны сваёй прыстойнасцю, чалавечнасцю, працавітасцю, сумленна пражытым жыццём вартыя таго, каб дзеці марылі быць падобнымі на іх усіх разам і на кожнага паасобку. І калі прадаўжальнікамі справы сваіх бацькоў становяцца дзеці, мы можам быць упэўнены, што тут не справа выпадку, тут няма памылкі, а ёсць поўная ўпэўненасць у сваіх сілах і правільнасці выбранага шляху.

Тамара БАСЮК,
па матэрыялах зборніка “Педагагічныя дынастыі”.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о