Сімвалічна, што ў дзень 77-ай гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне ўвекавечана памяць удзельніка партызанскага руху на тэрыторыі Петрыкаўскага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны Іосіфа Нічыпаравіча Глушко. На будынку сельвыканкама аграгарадка Бабунічы ўстаноўлена інфармацыйная дошка ў памяць героя.

Кіраўніцтва Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, мясцовыя жыхары, родныя героя.

З прамовай перад удзельнікамі ўрачыстасці выступіў старшыня Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Наўныка:

– Як сімвал вечнай славы воінаў-герояў і партызанаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, на Петрыкаўшчыне ўзвышаецца 95 помнікаў і абеліскаў. І сёння няма больш пачэснай місіі, чым ушанаванне памяці яшчэ аднаго салдата Перамогі – партызанскага камандзіра Іосіфа Глушко.

Як адзначыў у сваім выступленні ваенны камісар Петрыкаўскага ваеннага камісарыята падпалкоўнік  Аляксандр Адамоўскі, Іосіф Нічыпаравіч прайшоў гераічны і слаўны шлях. І гэта добра і правільна, што памяць пра герояў жыве.

– Мы бязмежна ўдзячны ім, і як самую вялікую каштоўнасць захоўваем галоўны запавет – любіць Айчыну, бараніць яе інтарэсы і нікому не дазваляць прыніжаць свой народ, падпарадкоўваць варожай волі, бо беларусы – народ-пераможца.

У час мітынгу прыгадалі жыццёвы лёс Іосіфа Нічыпаравіча. Нарадзіўся ён у вёсцы Бабунічы ў 1905 годзе. У 1925 г. быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі, служыў у кавалерыі. Пасля звальнення ў запас працаваў старшынёй калгаса.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны па рашэнні Мінскага абкама партыі займаўся арганізацыяй партызанскіх атрадаў у Петрыкаўскім раёне. Атрад Балотнікава быў сфарміраваны ў вёсцы Бобрык. Мянушка Балотнікаў замацавалася за Іосіфам Нічыпаравічам, і мала хто з паліцэйскіх і мясцовых жыхароў мог здагадацца, хто кіруе атрадам пад гэтай мянушкай.

Атрад Балотнікава, сумесна з іншымі партызанскімі атрадамі, прымаў актыўны ўдзел у падрыве Пціцкага і Аголіцка-Руднянскага чыгуначных мастоў, у абароне Грабава і Бярозаўкі, у баях за Міхедавічы і Бабунічы, у баях пад Старушкамі і Асаўцом.

З ліпеня 1943 года на базе атрадаў Балотнікава была арганізавана 130-я Петрыкаўская партызанская брыгада, камісарам якой быў прызначаны Іосіф Нічыпаравіч. На гэтай пасадзе ён знаходзіўся да дня вызвалення Петрыкаўскага раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

З 6 ліпеня 1944 года 130-я партызанская брыгада злучылася з часцямі Чырвонай Арміі, а партызанскія камандзіры засталіся ў раёне для аднаўлення разбуранай народнай гаспадаркі. Іосіф Нічыпаравіч быў абраны першым сакратаром Петрыкаўскага райкама партыі.

Радзіма высока ацаніла баявыя і працоўныя заслугі Іосіфа Нічыпаравіча: ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступені і шматлікімі медалямі.

Перад прысутнымі выступілі сваяк Іосіфа Нічыпаравіча Глушко, былы старшыня першаснай ветэранскай арганізацыі Бабуніцкага  сельскага Савета Пётр  Сямёнавіч Ярыга, а таксама старшыня першаснай ветэранскай арганізацыі Бабуніцкага сельскага Савета Міхаіл Аляксандравіч Анішчук.

Інфармацыйную дошку адкрылі старшыня Петрыкаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Наўныка і былы старшыня першаснай ветэранскай арганізацыі Бабуніцкага сельскага Савета Пятр Ярыга. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць героя, былога партызанскага камандзіра.

Памяць пра тых, хто прайшоў цяжкімі дарогамі вайны, пра тых, для каго абавязак, Бацькаўшчына і гонар былі галоўнымі ў жыцці, назаўжды застанецца ў нашых сэрцах. Вечная Памяць ахвярам Вялікай Айчыннай вайны! Вечная Слава героям, якія адстаялі свабоду і незалежнасць нашай Радзімы!

Галіна КАЗАК.

Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о